Выбрать главу

Мы з Воляй да апошняга адмаўляемся працаўладкоўвацца. Дэдлайн аплаты за пакой пачынае заглядаць нам у вочы і нядобра скаліцца. Грошай рашуча няма. Ад думкі пра тое, каб зноў пайсці на працу ў рускае кам’юніці, кідае ў халодны пот. Мяне настолькі палохае гэтая перспектыва, што я гатовы літаральна на ўсё, каб толькі зноў не трапіць у кампанію да не задаволенага жыццём рускага чалавека.

Неяк увечары мяне наведвае ідэя, як вытрасці трохі грошай з Нью-Ёрка. Я раблю сайт у сеціве, дзе на англійскай распавядаю пра сябе і сваю гісторыю падарожжа, а ўнізе старонкі прашу наведнікаў перавесці мне колькі грошай на новы ноўт. Вядома, кампутар не вырашыць праблемы з арэндай пакоя, але гэта дарагая рэч, якую можна прадаць у выпадку крайняй патрэбы.

Зацягваць наведнікаў на сайт я вырашаю праз афлайн. Малюю на вялікай кардонцы QR-код, у якім шыфрую спасылку на тую самую старонку ў сеціве. З гэтай кардонкай я некалькі дзён бадзяюся па горадзе, ляжу на лаўках і нават валяюся на асфальце ля офіса Google. Гэтак мне ўдаецца сабраць некалькі сотняў даляраў. Па гарачых слядах я пішу артыкул для рэсурсу «Хабрахабр» пра сваю маўклівую аферу, і гэта прыносіць мне яшчэ шэсцьсот даляраў. На кампутар па-ранейшаму не хапае, але за пакой я расплачваюся.

Метро

Тым часам Сеня купляе ў Каліфорніі машыну і прыязджае на ёй у Нью-Ёрк. Першыя некалькі тыдняў ён перабіваецца па ўпісках, кантуецца то ў нас з Воляй, то ў нашых новых тутэйшых сяброў. І вось неяк увечары Сеня прыносіць у нашу нару радасную навіну – ягоная знаёмая на некалькі тыдняў з’язджае ў Маскву і пакідае яму на гэты час найкруцейшую кватэру на 34-м паверсе ў самым цэнтры Манхэтана. Гэтак нашая банда зноў робіцца адным цэлым.

Воля і Сеня працуюць дні напралёт, я працягваю супраціўляцца. Удзень і ўначы я бадзяюся па Манхэтане туды-сюды, перасякаючы за шпацыр па паўтары сотні вуліц. Я спрабую ўпісаць сябе ў Нью-Ёрк, адчуць сябе моцным і шчаслівым, калі стаю на ўваходзе ў які-небудзь высачэзны хмарачос. Я ўскладаю на гэты горад вялікія надзеі, але ў мяне зноў нічога не атрымліваецца. Мне прэсна ў Нью-Ёрку, і я дакладна ведаю, што не затрымаюся тут надоўга.

Дні праходзяць бесталкова. Я больш не нашу з сабой фотаапарат. Я дажыў да таго, што выходжу з хаты без заплечніка. Звычайна ў сярэдзіне дня я наведваюся ў 99 Cent Pizza і заказваю тры кавалкі піцы. Дзякуючы каляднай акцыі ў Starbucks у любым філіяле сеткі мяне чакае бясплатная свежая кава. Такім чынам, я рэдка аддаю больш за тры баксы на дзень. Калі мне трэба кудысьці паехаць на метро, я проста скачу праз турнікет і знікаю ў натоўпе.

Метро, мабыць, апошняе месца, дзе застаўся дух Нью-Ёрка. Амаль на кожнай станцыі граюць вулічныя музыкі, чорныя хлопцы пад хіп-хоп з бумбоксаў выдаюць акрабатычныя нумары проста ў вагонах. У метро можна купіць ежу або наркату, можна паспаць, можна заскочыць у грамадскую прыбіральню. На некаторых станцыях нават ёсць бясплатны Wi-Fi і разеткі. Тут можна жыць, ніколі не выбіраючыся на паверхню.

Я разумею, што маё гультайства не можа цягнуцца доўга. У планах Паўднёвая Амерыка, дзе наўрад ці знойдзецца месца для добрай падпрацоўкі. Чарговы раз праглядаючы бруклінскую дошку абвестак, я канчаткова вырашаю, што больш не буду працаваць на рускіх імігрантаў. Мяне не палохае праца, я проста баюся мець справу з рускімі людзьмі.

Напрыклад, некалькі дзён таму я пабіўся з адным рускамоўным мужыком, які проста на вуліцы пачаў збіваць сваю жонку. Але апошнюю кроплю ў пытанні сувязяў з рускім кам’юніці паставіў стос штрафаў за паркоўку аўтамабіля, якія я атрымаў па пошце. Высвятляецца, што мудак, якому я прадаў сваю машыну на сметнішча, перавесіў мае нумары на іншы аўтамабіль і адчувае сябе даволі свабодна ў выбары месца для паркоўкі ў цэнтры Манхэтана. Прыкладна гэтак заканчваецца большасць гісторый пра мае фінансавыя стасункі з рускімі амерыканцамі.

MDMA

Крыху больш за год таму я віртуальна пазнаёміўся з Воляй. Тады я сядзеў у Новасібірску і рыхтаваўся да рыўка ў бок Алтая. Першы раз мы сустрэліся ў аэрапорце Шанхая. Я ўпершыню ў жыцці трапіў у аэрапорт, таму пераблытаў зону вылету з зонай прыбыцця. Воля некалькі гадзін прачакала мяне ў вестыбюлі ды ўжо рыхтавалася ехаць у горад і шукаць гатэль, але тут я нарэшце дагнаў, што памыліўся, і пабег да яе ўніз па выключаным эскалатары.