40. Адмоўся ад свайго пагляду адносна таго, што здаецца засмучаючым цябе — і ты сам знойдзешся ў поўнай бясьпецы. Але хто гэты "сам"? — Розум. Але я ня розум. — Тады, будзь ім. — Такім чынам, няхай толькі розум сам не засмучае сябе. Калі-ж нешта іншае ў табе чуецца дрэнна, дык няхай яно само і ўпэўніваецца ў самым сабе.
41. Перашкода для ўспрыняцьця змысламі — гэта зло жывёльнае натуры. Перашкода для імкненьня (жаданьня) — гэтаксама зло жывёльнае натуры. Існуюць гэтаксама і перашкоды для расьліннага жыцьця, якія зьяўляюцца злом для яго: гэтак і перашкода для духа зьяўляецца злом для духовае натуры. Дастасуй усё гэта да самога сябе. Ці боль або змысловая прыемнасьць узьдзейваюць на цябе? Няхай змыслы пакажуць на гэта. У сваім імкненьні ты наткнуўся на перашкоды? Калі аддаешся імкненьню бязумоўна і без засьцярогаў, дык гэта ўжо дрэнна для цябе, як істоты разумнае. Але, калі ты расшырыш свой кругагляд, дык ня сустрэнеш шкоды і не спаткаешся з перашкодамі. Дзейнасьці-ж, уласьцівае духу, ніхто іншы перашкодзіць ня можа, бо ён недасягальны ані для агню, ані для мяча ці тырана, ані для паклёпу. Як доўга гала існуе, яна ня можа страціць свае кругласьці.
42. Я не заслугоўваю таго, каб засмучаць самога сябе, бо ніколі намысна не засмуціў каго-небудзь іншага.
43. У кажнага свая прычына да радасьці. Мяне радуе, калі кіруючы пачатак не паказавае прыкметаў хваробы, калі ён не адварочваецца ні ад кога зь людзей, ані ад таго, што адбываецца зь людзьмі, але глядзіць на ўсё дабразычлівасьцю вокам, ўсё прыймае і ўсім карыстаецца ў адпаведнасьці да дадзенае рэчы.
44. Старайся забясьпечыць сабе час цяперашні: бо тыя, што баржджэй гоняцца за пасьмертнаю славаю, забываюць, што людзі з часам будуць гэтакімі самымі, як тыя, што выдаюцца ім цяжарам сягоньня. І ўсе яны зьяўляюцца сьмяротнымі. Дый наагул, што табе да таго, як яны будуць аб табе адкліквацца і якою будзе іхная думка пра цябе.
45. Вазьмі мяне і кінь куды хочаш; бо і там я ўтрымаю маю боскую частку ў супакою, гэта значыць, у сузгоднасьці са свомаю маею пабудоваю.
Ці-ж зьмена месца зьяўляецца дастатковаю прычынаю, чаму душа мая мае быць нешчасьліваю і горшаю, чымся была, прыгнечанаю, зьбянтэжанаю і спалоханаю? Ці ёсьць якая-небудзь іншая прычына гэткага стану?
46. Нічога ня можа з чалавекам здарыцца, што ня было-б людзкім здарэньнем, ані з быком, што не здараецца ў сузгоднасьці зь ягонаю натураю, ані гэтаксама з вінаграднаю лазою, ані з каменем тое, што здараецца з каменямі. Калі, затым, з кажнаю рэчаю здараецца нешта звычайнае і натуральнае, чаму-б ты меў наракаць? Бо агульная натура ня прыносіць нічога з таго, чаго-б ты ня мог зьнесьці.
47. Калі ты сумуеш з прычыны чаго-небудзь вонкавага, дык гэта ня ёсьць тая рэч, якая бянтэжыць цябе, але твой уласны суд адносна яе. І гэта ў тваей моцы знаходзіцца, адхіліць набок цяпер-жа гэтакі суд. Але, калі што-небудзь у тваім уласным настроі спрычыняе табе боль, хто, тады, перашкаджае табе паправіць твой уласны пагляд? Падобна гэтак, калі ты ня выконваеш тае нейкае рэчы, якая выдаецца табе правільнаю, і тады, чаму ты не працягваеш свае дзейнасьці, але наракаеш? — Але гэтай дзейнасьці перашкаджае нешта болей сільнейшае, чымся я. — Тады, ня сумуй, бо не ў табе знаходзіцца прычына бязьдзейнасьці. — Але жыцьцё губіць сваю вартасьць, калі рэч ня можа быць выкананаю. — Разьвітайся, тады, з жыцьцём бяз горычы, гэтаксама, як калі-б ты выканаў прадпрынятую справу, захоўваючы дабразычлівасьць нават да тае перашкоды, якая стаяла на тваім шляху.
48. Памятай, кіруючы пачатак зьяўляецца непераможным, калі самазасяроджаным і здаволеным сам у сабе, і ня чыніць нічога, чаго ён не пастанаўляў выконваць, нават калі ён напатыкае супраціў яўнае ўпорыстасьці. Што, тады, станецца, калі ён хвармуе суд адносна якое-небудзь рэчы, успамаганы розумам і прадумана? Затым, розум, які астаецца свабодным ад запалу, зьяўляецца замчышчам, бо для чалавека нічога няма болей пэўнага, дзе ён можа знайсьці сабе непераможнае сховішча на прышласьць. Той, затым, хто ня бачыць гэтага, зьяўляецца невукам; але той, хто сьцяміў гэта і не карыстаецца гэтым замчышчам, зьяўляецца няшчасным.
49. Нічога не кажы болей ад таго, што выяўляе табе першая вестка. Прымем, што нехта кажа табе, што нейкі чалавек дрэнна выражаецца пра цябе. Гэта першая вестка; але пра тое, што, дзякуючы гэтаму, ты церпіш — пра гэта вестка маўчыць. Я бачу, што дзіця маё захварэла; так, я бачу гэта; але, што яно ў небясьпецы — гэтага я ня бачу. Затым, трывай у межах першых уражаньняў, нічога ня прыдумваючы сам да іх, і нічога ня станецца з табою. Або баржджэй дадай нешта, але як чалавек, які ведае ход рэчаў на сьвеце.