10. Плод прыносіць і чалавек, і Бог, і сусьвет; у адпаведную пару кажны прыносіць плод. Калі ў штодзеннай мове гэтае выражэньне тасуецца пераважна да вінаграднае лазы і ёй падобнага, дык гэта ня мае асаблівага значэньня. Розум прыносіць падвойны плод, гэтак для ўсіх, як і для самога сябе, і зь яго выяўляюцца іншыя рэчы, гэтакае-ж самае свомасьці, што і ён.
11. Калі ты зьяўляешся здольным, навучы таго, хто паступае дрэнна; але, калі ты ня можаш, тады памятай, што ў дадзеным выпадку ты абдораны дабразычлівасьцю, і багі дабразычлівыя да такіх людзей; з пэўных прычынаў яны нават памагаюць ім адзыскаць здароўе, здабыць багацьце і славу; гэтак дабразычлівымі яны зьяўляюцца. І гэта таксама знаходзіцца ў тваей моцы; калі не, скажы, хто перашкаджае табе?
12. Ніколі не працуй, як чалавек нячэсны, або як нехта, каго шкадуюць, або як чалавек, якім захопліваюцца. Але накіроўвай сваю волю толькі на адну рэч; бярыся за працу і трымай самога сябе на ўвазе, гэтак, як грамадзкія неабходнасьці вымагаюць.
13. Сягоньня я ўхіліўся ад усіх клопатаў, або баржджэй, я адкінуў усе клопаты, бо гэта было не навонкі мяне, але ў маім уласным перакананьні.
14. Усе рэчы зьяўляюцца тымі самымі, ведамымі з дасьведчаньня, агіднымі ў часе і бязвартаснымі ў матэрыі. Кажная рэч зьяўляецца гэтакаю самаю цяперака, якою яна была ў часе тых людзей, якіх мы пахавалі.
15. Рэчы знаходзяцца вонкі нас, існуюць самыя і самыя сабою, ня ведаючы нічога пра самых сябе, ані выражаючы які-небудзь суд. Што зьяўляецца, тады, тым, што выдае суд адносна іх? — Найвышэйшы пачатак.
16. Не ў бязьдзейнасьці, але ў дзейнасьці ляжыць зло і дабро чалавека, гэтаксама, як ягоная мужнасьць (арэтэ) і заганы знаходзяцца не ў пасыўнасьці, але ў актыўнасьці.
17. Для каменя, кінутага ўгару, няма нічога дрэннага ў тым, што ён можа ўпасьці ўніз, і нічога добрага ў тым, што ляціць угару.
18. Пранікні ўнутро найвышэйшага пачатку, што кіруе людзьмі, і ты пабачыш якіх судзьдзяў ты баішся, і як судзяць яны самых сябе.
19. Усё на сьвеце зьіначваецца: Дый сам ты знаходзішся ў працэсе сталага зьіначаньня і часткавага зьнішчэньня, і гэтаму праву падпарадкаваны ўвесь сусьвет.
20. Гэта зьяўляецца тваім абавязкам, пакінуць дрэнныя ўчынкі іншага чалавека там, дзе яны знаходзяцца.
21. Спыненьне дзейнасьці, устрыманьне імкненьня і пераказваньне думкі, і наагул, сама сьмерць, не зьяўляюцца яшчэ злом. Абярні тваю думку цяперака ў кірунку разважаньня адносна твайго жыцьця, твайго жыцьця ў дзіцячыя гады, у тваё юнацтва, у тваю ўзмужнеласьць, у твой старшы век, бо ў кажнай з гэтых зьменаў была сьмерць. Ёсьць-жа што-небудзь чаго трэба баяцца? Зьвярні цяперака тваю думку на тваё жыцьцё пад даглядам твайго дзеда; тады, на тваё жыцьцё пад даглядам твайго бацькі; і, калі ты спасьцеражэш шматлікія розьніцы і зьіначаньні, і межы існаваньня, тады спытай самога сябе: ёсьць-жа яшчэ нешта чаго трэба баяцца? І падобна гэтаму, не зьяўляюцца страшнымі ані спыненьне жыцьця, ані стрымка яго, ані зьіначаньні, якія знаходзяць для сябе месца ў цэлым тваім жыцьці.
22. Зьвярніся ў тваіх разважаньнях да найвышэйшага пачатку, свомага табе, Цэлага, а тады да свайго суседа, каб учыніць яго справядлівым; а тады, засяродзь сваю ўвагу на сусьвеце, каб ты не забыў, чыёю часткаю ты зьяўляешся; а тады, зьвярніся ў думцы да свайго суседа, каб пазнаць табе, ці дзейнічаў ён нясьведама ці пры наяўнасьці веданьня і, каб ты мог гэтаксама разважыць, што ягоная кіруючая ім здольнасьць зьяўляецца суроднаю табе.
23. Калі ты сам зьяўляешся часткаю складоваю грамадзкае сыстэмы, няхай, тады, кажны твой чын станецца часткаю грамадзкага жыцьця. Затым, калі які-небудзь чын твой ня мае беспасярэдняга ці пасярэдняга суадношаньня да агульна-грамадзкае мэты, тады ён разрывае тваё жыцьцё і парушае грамадзкае адзінства, стаецца крыніцаю бунту, гэтаксама, калі-б нехта адзін з дэмосу ў народным зграмаджэньні пачаў-бы дзейнічаць пасвойму, і адмовіўся-б падпарадкавацца агульнай згодзе.
24. Дзіцячыя спрэчкі і іхныя гульні, і бедныя духі, што носяцца зь мертвымі целамі, і гэтакаю ёсьць кажная рэч; і гэта ёсьць тая сьмерць, адслоненая ў выяўленьні лепшых дамоў, якая гэтак яскрава ўдырвае нас сваім спазорам.
25. Засяродзься ў досьледзе якасьці хвормы дадзенага аб'екту і тады выдзелі яе зусім з матэрыяльнае часткі; і тады затрымайся над гэтым; а пасьля абазнач час, які, у найлепшым выпадку, можа ў гэтай дзіўнай хворме створаны аб'ект праіснаваць пры наяўнасьці натуральнах сваіх свомасьцях.