Выбрать главу

26. Ты вельмі шмат нацярпеўся з тае прычыны, што не здавальняўся найвышэйшым пачаткам, калі ён чыніць рэчы, каторыя вызначаюцца натураю. Але хопіць пра гэта.

27. Калі якія-небудзь людзі ганьбяць цябе або ненавідзяць, ці дрэнна выражаюцца пра цябе, дык падыйдзі ўпрыток да іхнае душы, пранікні ўнутро і паглядзі, што яны выяўляюць сабою. І ты зразумееш, што табе няма чаго непакоіцца адносна таго, як думаюць гэтыя людзі пра цябе. Але адносіцца да іх трэба з дабразычлівасьцю. Бо паводля натуры яны зьяўляюцца тваімі сябрамі. Адылі і багі ўсялякімі спосабамі падтрымліваюць іх праз сны, знакамі рознымі, праз асягненьне тых рэчыў, пра якія яны думаюць.

28. Пэрыядычныя рухі сусьвету зьяўляюцца тымі самымі, уверх і ўніз, ад веку да веку. І калі думка Цэлага імкнецца да кажнае зьявы асобна, і калі рэч гэтак маецца, дык астанься здаволеным вынікамі яе дзейнасьці; або калі яе рух быў аднаразовым, і кажная іншая рэч сьледуе ў сілу пасьлядоўнасьці і гэтакім-жа спосабам; або атамы зьяўляюцца першапачаткавымі элямэнтамі ўсіх рэчаў. Інакш кажучы, калі ёсьць Бог, усё добра; калі-ж здарэньне кіруе, дык няхай-жа яно ня кіруе табою.

Яшчэ крыху і зямля накрые ўсіх нас; пасьля гэтага і зямля зьіначыцца, гэтаксама і рэчы, паўсталыя ў выніку зьіначаньня, і яны будуць далей зьіначвацца бясконца, а гэтыя зноў заўсёды. Бо, калі чалавек падумае пра зьмены і зьіначаньні, якія паступаюць па сабе, быццам тыя хвалі адна за аднэю са сваею хуткасьцю, ці не пачне ён пагарджаць усё сьмяротнае?

29. Сутнасьць Цэлага падобна да імклівае плыні: яна ўсё нясе з сабою. Наколькі без значэньня астаюцца ўсе тыя бедныя людзі, якія займаюцца справамі палітычнымі, і, як гэта можна думаць, гуляюць у філёзафаў! Смаркачы ўсе. Так, чалавеча: рабі тае, што ў дадзеную хвіліну вымагае натура. Імкніся да мэты, наколькі сілы дазваляюць табе, і не азірайся на стораны, ці ведае хто-небудзь пра гэта; і не спадзявайся Плятонавае Політэі, але будзь здаволеным з таго, што добра ўдаюцца малыя рэчы, і ўважай падобнае асягненьне не за малую рэч. Бо хто можа зьіначыць людзкую апінію? І што-ж можна атрымаць бяз гэтакага зьіначаньня, апрача паняволеньня людзей, іхных стогнаў і змусіць іх прыкідвацца быць паслухмянымі? І можаш цяперака расказваць пра Александар, Філіппоса, Дэмэтрыёса Фаляронскага. Яны самыя павінны ўзважваць, ці яны выкрылі што агульная натура вымагала ад іх, і ці яны ўзгадавалі самых сябе. Але, калі яны дзейнічалі толькі як героі ў трагэдыі, дык ніхто ня змусіць мяне ісьці іхным сьледам. Простаю і скромнаю зьяўляецца праца філязофіі. Ня зманьвай мяне на шлях гордасьці.

30. Паўзірайся з узьверху на бязьлікія гурты людзей, на безьліч рэлігійных абрадаў, і бясконцую разнавіднасьць вадаплаваў, што плывуць у розныя кірункі гэтак у часе бурнага надвор'я, як і ў пару зацішша, на вялікую розьніцу тых, што нарадзіліся, каторыя жывуць разам і паміраюць. І падумай, гэтаксама, пра жыцьцё тых, што жылі ў старажытных часох, і пра жыцьцё тых, што будуць пасьля цябе, і пра сучаснае жыцьцё барбарскіх народаў, і пра тое, якая аграмадная маса людзей ня ведае нават твайго імя, і колькі з тых, што ведаюць, але хутка забудуць, і пра тое, як тыя, што, магчыма, хваляць цябе сягоньня, хутка будуць зьнеслаўляць цябе, і што пасьлясьмяротны ўспамін ня мае ніякае вартасьці, ані слава, ані што-небудзь іншае.

31. Няхай наступіць асвабаджэньне ад страху перад закалотамі з увагі на рэчы, якія прыйшлі да быцьця, дзякуючы вонкавым прычынам; і няхай запануе справядлівасьць у дзеяньнях, выкліканых мужнасьцю ўнутранае прычыны, гэта значыць — няхай пачнецца імкненьне і дзейнасьць, маючая на мэце грамадзкае ўпарадкаваньне, бо гэта знаходзіцца ў сузгоднасьці з тваею натураю.

32. Ты можаш адсунуць набок з твае дарогі шматлікія і няпрыдатныя рэчы з пасярод тых, якія непакояць цябе, як чын, які залежыць ад твайго спосабу думаньня. І ты здабудзеш для самога сябе шырокую прастору дарогаю агарненьня думкаю цэлага сусьвету, і шляхам агарненьня вечнасьці часу, і спасьцеражэньня хуткага зьіначаньня ўсіх паасобных рэчаў; і тое, як кароткім ёсьць час паміж народзінамі і расьцярушаньнем, і бязьмежнасьць часу перад народзінамі гэтаксама як і аднолькавая бязьмежнасьць часу пасьля расьцярушаньня.

33. Усё, што ты бачыш, неўзабаве разбурыцца, і тыя, што былі сьведкамі гэтага разбураньня, вельмі хутка гэтаксама і самыя разбурацца. І той, хто памірае ў вельмі пажылым веку, знойдзецца ў тых самых абставінах, як і той, хто памер перадчасна.