Выбрать главу

Алесь Пашкевіч

РУХ

.

© Пашкевіч А., 2015

© ПУП «Кнігазбор», 2015

Яго ведаюць усе. Прынамсі — чулі ці сустракаліся. Калі і не з прозвішчам, дык з тым, што яно пачало азначаць у свядомасці грамадства ХХ і ХХІ стагоддзяў: ДЫЗЕЛЬ

І ні тыя стагоддзі, ні грамадства без яго ўжо існаваць не могуць, хоць і не памятаюць. Аднак штодня чуюць і сустракаюцца…

Падчас з’яўлення гэтай аповесці пра лёсы вынаходнікаў і нафтамагнатаў узнікала яскравае жаданне: з таго, што было, ёсць і будзе, выпісаць рэальнасць, якой, магчыма, і не было, але якая… нараджаецца ва ўяве чытача ці хаця б самога аўтара. Але ж ён — звычайны чалавек, які, здараецца, нават і сябе можа не ведаць. А што казаць пра рэальна дзейсных сто гадоў таму персанажаў?

Вось і давялося, усведамляючы творчы грэх біяграфічнай выдумкі ды абыходзячы цянёты калядакументальнай прозы, змяняць некаторым героям імёны ці літары ў прозвішчах, пераўвасабляючы іх у двайнікі-цені.

І, спадзяюся, яны не будуць мець на тое крыўды. Ну хоць бы — лепшыя з іх…

Аўтар

I

У шкле вакон кавярні «Vіkón» астывала парыжскае сонца.

— Тут не занята? — спытаў цыбаты наведнік.

— Не, калі ласка, — мужчына ў сінім швэдары машынальна кіўнуў галавой і перагарнуў старонку тоўстай кнігі.

Але чытаць расхацелася, і ён увомірг агледзеў суседа ў спакойным шэрым гарнітуры, затым свае пазногці — і прыхінуўся да спінкі фатэля.

Яны замовілі амаль адно і тое ж: кураня на грылі, салат і віно. Толькі той, хто ў гарнітуры, — чырвонае, а мужчына ў швэдары — белае.

Сонца спусцілася яшчэ ніжэй на бульвар Монпарнас, адлюстравалася ў соннай Сене ды зноў мякка дзюбнула промнем у шкло. З веранды далягляд закрывала жалезная спаруда ў драўляных рыштаваннях — ужо на трэць узведзеная вежа Эйфеля. Чатырохногую раскірэку не абмяркоўваў толькі нямы…

— А як вам гэты монстр? — спытаў мужчына ў швэдары суседа па століку.

— Ды нічога… Забаўна. Здаецца, і сонца да яго ўжо прывыкла: глядзіце, ляжыць на вежы, як на трымальніку яйка ўсмятку.

— Вы паэт?

— Не, наадварот…

— Адкуль жа такая метафара?

— Напэўна, ад перанасычанасці тэхнікай. Я інжынер. Гэта вы, думаю, літаратар, — мужчына ў гарнітуры паправіў пазалочанае пенснэ і кіўнуў на адкладзеную кнігу.

«Швэдар» усміхнуўся:

— Не, таксама наадварот. — Ён паказаў шмуцтытул, на якім тлуста значылася «Супраціўленне металу Ёзафа Легера», і працягнуў руку: — Выкладчык тэхнічнай школы Адам Мацкевіч.

— Рудольф Дызель, — назваўся і суразмоўца.

Яны замовілі яшчэ віна і загаварылі, як даўнія таварышы, якія, аднак, адзін пра другога нічога не ведалі. Былі неабароненымі ад алкаголю, паколькі сустракаліся з ім нячаста, а таму хутка захмялелі і яшчэ хутчэй раззнаёміліся.

І Рудольф, і Адам нарадзіліся ў Парыжы. Бацькі першага — немцы — некалі мелі тут скураную майстэрню, галоўны прыбытак якой прыносіў пераплёт кніг. Аднак пачалася французска-пруская вайна, сям’я падалася ў бежанства ў Англію. Напалеон ІІІ са сваім войскам капітуляваў, і трынаццацігадовага Рудольфа выправілі да родзічаў у нямецкі Аўсбург — набірацца навукі. І ён не падвёў: займеў добрую стыпендыю ды закончыў Мюнхенскую вышэйшую тэхнічную школу. А дзевяць гадоў таму па рэкамендацыі свайго настаўніка прафесара Ліндэ зноў вярнуўся ў Парыж на халадзільны завод Хірша і стаў яго дырэктарам.

Лёс Адама быў надзіва падобным: таксама вайна і паязджанства бацькоў…

— Неверагодна, — дзівіўся Рудольф, — мой бацька, як і твой, быў пераплётчыкам!

Казімір Мацкевіч, бацька Адама, малады прафесар, звольнены з працы за незалежніцкі светапогляд і «нядобранадзейнасць», вымушаны быў «лячыць» у сваім маёнтку кнігі для ўсёй губерні. Калегі ды сябры спрабавалі падтрымаць грашыма, але ганарлівы шляхціч крыўдаваў і адмаўляўся. І тады яны пайшлі ў абход: знайшліся сотні кніг, уладальнікі якіх неадкладна захацелі даць ім новае жыццё. Так і з’явілася праца…

— Во як! Праўда, да таго ён выкладаў гісторыю ў Віленскім універсітэце, а затым, пакінуўшы пераплётчыцкі варштат, стаў паўстанцам, узяў у рукі стрэльбу ды пайшоў у лес… — Адам узняў келіх і прапанаваў: — Давай… за здароўе нашых бацькоў!

Прыгубілі, і Рудольф удакладніў:

— А Віленскі ўніверсітэт — гэта дзе?

— У Літве-Беларусі, — Адам уздыхнуў, бачачы, што суразмоўца застаецца ў неразуменні, пастукаў пальцамі па стале, падсунуў дзве талеркі, а паміж імі паставіў келіх з віном. — Вось, глядзі… Тут, дзе салата, — Польшча…