Выбрать главу

Рудольф усміхнуўся і бадзёра кіўнуў.

— А дзе парэшткі курыцы — Расія. Паміж імі — радзіма маіх бацькоў. Цяпер жа і там, і там, — Адам тыцнуў пальцам на салат і віно, — Расійская імперыя…

Невядомасць новага гістарычнага мацерыка, было заўважна, зацікавіла да таго скаванага і напружанага Рудольфа. Ён расшпіліў на пінжаку некалькі верхніх гузікаў і зноў спытаў:

— Дык твой бацька быў паўстанцам… дыктатарам, як і Напалеон?

— Ды не, — Адам прыхінуўся да стала і расправіў свае каштанавыя вусы. — Кіраўніком паўстання супраць расійскага цара ў тым краі быў іншы чалавек… — Адам задумаўся і махнуў шырокай даланёй. — Забыў прозвішча… Гэта быў, калі памятаеш гісторыю французскай рэвалюцыі, Марат і Рабесп’ер у адной асобе.

— Цікава, — Рудольф расшпіліў усе гузікі на пінжаку і паправіў гальштук. — І даўно тое было?

— У 1863-м, за год да майго з’яўлення.

— А сам ты выкладаеш?

— Так. А калі пачала расці гэтая вежа, — Адам кіўнуў на рыштаванні жалезнай спаруды, — стаў адным з арміі інжынераў на яе будаўніцтве.

Яны дапілі віно і выйшлі на вуліцу. На Марсавым полі, дзе і вырастала Эйфелева вежа, ужо збіраўся кастрычніцкі прыцемак, адагнаны з Сены агнямі Енскага моста. На тратуарах паменела людзей, зрэдку праязджаў экіпаж, на лаўках шапталіся закаханыя пары.

— А чым ты тут непасрэдна займаешся? — спытаў Рудольф і схаваў пенснэ ў верхнюю кішэньку пінжака.

— Заклёпкамі, — Адам ускудлаціў свой густы «вожык», усміхнуўся, і ад вачэй разышліся маладыя маршчынкі. — Праз іх я і патрапіў на гэтую грашавітую будоўлю. Уяўляеш, ва ўсёй канструкцыі неабходна змацаваць 18 тысячаў металічных дэталяў. А яны — ад адной да дзясяткаў тон вагой! І па праекце трымацца будуць на двух з паловай мільёнах балтоў-заклёпак. А яны, як разумееш, мусяць быць мацнейшымі за асноўны метал. Вось я і сачу за іх закалкай. Ну ды ты і сам як інжынер ведаеш…

Рудольф узняў бровы і загаварыў, як на лекцыі:

— Трываласць металу можна значна павысіць шляхам ягонага высокага награвання, а затым — хуткага астуджвання. Пажадана — у вадкасцях.

— Так. На шчасце, мае загатоўкі аказаліся наймацнейшымі — і мяне ўзялі на працу. Ну а працэс загартоўкі металу, прызнаюся, падгледзеў яшчэ падчас студэнцкай практыкі ў адной з правінцыйных кузняў…

Яны — маладыя, няўрымслівыя, амбітныя — маглі прагаварыць пра свае клопаты бясконца, але кожнага зранку чакала праца, а таму мусілі развітвацца. Абмяняліся адрасамі, дамовіліся пра новыя сустрэчы — і разышліся.

Дома састарэлы Казімір Мацкевіч ужо збіраўся класціся спаць, калі ўзбуджаны сын абняў яго і нечакана выдыхнуў:

— Нешта ты даўно не расказваў мне пра свае маладыя гады…

Бацька сеў на ложак, уважліва паглядзеў на сына — і ўсміхнуўся:

— Я ўжо драмлю, прабач. А калі табе не спіцца — ты ведаеш тую шафу. Вазьмі і пачытай…

У той жа час праз вуліцу ад кавярні «Vіkon», яшчэ бліжэй да Сены і будоўлі Эйфеля (з жаўтком вечаровага сонца над ёй) у асобным пакоі рэстарацыі «Viktoіrе» вячэралі дзве пары, якія таксама мелі дачыненне да Расійскай імперыі. Прамое — малады палкоўнік Віктар Аляксандравіч Берг з прыгажуняй-жонкай Елізаветай і, — дачыненне ўскоснае, — нямецкая сям’я Люцыусаў, Генрых і Клара. У агульнай вандроўцы мужчыны правялі два тыдні, і, паколькі сумесная дарога збліжае найбольш, збоку выглядала: на вячэру сабраліся сябры дзяцінства. І мова іх была дзіўная: адны гаварылі па-расійску, устаўляючы там-сям нямецкія словы, другія — па-нямецку з расійскім акцэнтам.

Віктар Аляксандравіч, мужчына статнай знешнасці гадоў пад сорак, з іскрыстымі зрэнкамі пад далікатным пенснэ, з крыху азызлаватым тварам, знаходзіўся ў незвычайна прыўзнятым настроі. Гэта была яго першая паездка за мяжу. Пасля адносна спакойнай гарнізоннай службы і выкладчыцкай працы ў Ваеннай акадэміі яму ўсміхнулася службовая фартуна: стараннага афіцэра прызначылі начальнікам статыстычнага аддзела Канцылярыі Генштаба Ваеннага міністэрства. Заробак канторскага справавода не надта радаваў, але адначасова Віктару Аляксандравічу дазволена было застацца і на ранейшай пасадзе ад’юнкт-прафесара ў Ваеннай акадэміі — па сумяшчэнні. Неўзабаве ён быў узведзены ў палкоўніцкі чын. Упершыню сямейны даход перарос расход, і па свабодных вечарах, хоць і рэдкіх з прычыны занятасці на службе, Віктару Аляксандравічу часцей заўсміхалася яго маладая жонка. І яны пачалі ўжо нават думаць пра нашчадкаў, а каб вырвацца са сталічных клопатаў ды крыху падправіць здароўе, вырашылі ажыццявіць даўнюю мару: з’ездзіць за мяжу. Ну а куды ехаць з Расіі, калі не ў Парыж?