Выбрать главу

Адпрошвацца ў адпачынак доўга не давялося. Не спатрэбілася нават прадугледжанага ў такіх выпадках рапарта. Начальнік Канцылярыі генерал-лейтэнант Мікалай Львовіч Лобіч быў упартым халасцяком з арыгінальным быццёвым распарадкам. Ён прачынаўся каля дзясятай раніцы, піў гарбату і гадзіны з дзве працаваў. Затым адчыняў дзверы кабінета, каб выслухаць ад падначаленых даклады. У 3–4 дня ехаў у Сельскагаспадарчы клуб абедаць. Чаму менавіта туды? Неяк прызнаўся, што толькі там цяпер «Руссю пахне». Затым быў на працы да апоўначы, пасля чаго выпраўляўся ў той жа клуб гуляць у карты — да 3–4 раніцы. Праз тую гульню заўсёды быў без грошай, хоць і меў з узнагароднымі ўтрыманне каля трынаццаці тысячаў у год… Падобныя аказіі пераканалі яго ў тым, што вайскоўцам колькі ні дай грошай — усё роўна будзе мала, а таму — няма чаго рабаваць казну! Не снедаў сам і меркаваў, што не варта тым забяспечваць на службе і ніжэйшых чыноў. Ну і, да ўсяго, не ўхваляў шлюбы, паколькі быў перакананы ў шкоднасці іх у службе. А маладым жанацікам напачатку нават спачуваў. Аднойчы пасля даклада палкоўніка Берга ў тоне строгай вымовы начальнік Канцылярыі генерал-маёр Лобіч заявіў, што той можа не з’яўляцца перад яго светлымі вачыма да сярэдзіны восені, пакуль у Ваеннай акадэміі не пачнуцца заняткі. Гэта і быў завуаляваны дазвол — хоць і па-вайсковаму грубы — на адпачынак.

— З цябе ўсё роўна толку — як з казла малака, — падагульніў генерал. — Гаворыш, а ў вачах вунь — жончыны цыцкі скачуць…

Так і выбраліся Бергі ў Парыж. Па дарозе, праўда, запланавалі паваляцца ў лячэбных гразях (найперш Елізавета — каб вырашыць жаночыя сакрэты) ды папіць гаючых водаў (падлячыць мужаў страўнік). Збіраліся старанна: паскуплялі па Пецярбурзе ўсе дарожныя даведнікі і без стомы распытвалі знаёмых, каму пашчасціла пабываць «за кардонам». Выпраўлялі ў вандроўку Бергаў, здавалася, усе канцылярскія службоўцы Генштаба… Па Варшаўскай чыгунцы ў звычайным вагоне другога класа за двое сутак (з перасадкамі, амаль без сну) дабраліся праз Вільню, Горадню, Беласток, Варшаву, Уроцлаў да свайго першага прыпынку ў горным сілезскім Зальцбруне. З задавальненнем ездзілі на конным экіпажы па прыгожых горных мясцінах да старадаўняга замка. Вечарам пілі каву ў санаторнай рэстарацыі. Ну, а перад сном аддаваліся водна-гразевым працэдурам. Пашанцавала і з доктарам, патомным аўстрыякам, які, па расповедах, аб’ездзіў паўсвету, вывучаючы ўплыў клімату на розныя чалавечыя хваробы, а цяпер штовосень практыкаваў у Зальцбруне.

На адным з «водных сеансаў» Віктар Аляксандравіч Берг і пазнаёміўся са шчырым і сяброўскім арыстакратам Генрыхам фон Люцыусам. Ён лячыў ці то гастрыт, ці то язву.

— Прабачце, вы — не з Прусіі? Падаецца, у вас не зусім нямецкае вымаўленне… — звярнуўся да Берга на другім ці трэцім сеансе фон Люцыус.

Яны сядзелі на тэрасе ўдвох і любаваліся ціхім адвячоркам, пацягваючы з гліняных піялаў мінеральную ваду. Палкоўнік расправіў каўнер махровага халата і, павярнуўшыся да суразмоўцы, старанна адрапартаваў:

— Дазвольце назвацца: падданы яго вялікасці расійскага імператара Віктар Берг. А з кім маю гонар лекавацца?

— Генрых… Генрых фон Люцыус, — знаёмец хітнуў галавой, усміхнуўся і ўзняў піялу. — Накіроўваюся ў Парыж, каб праведаць жонку, у якой заканчваецца тэатральны гастрольны тур, і нагадаць ёй пра шлюбны абавязак. Ну а затым забраць яе ў Пецярбург.

— У Пецярбург?! — ажно прыўзняўся Берг. — Вы паедзеце ў Пецярбург?

— Так. Служу там дарадцам нямецкага пасольства. — Голас Люцыуса напоўніўся стомнымі бясстраснымі нотамі. — Пад ачолам яго эксцэленцыі пасла графа Пурталеса. Можа, чулі пра такога?

— Безумоўна, яго рэзідэнцыя на Вялікай Марской, у асабняку непадалёк ад «Асторыі».

Цяпер ужо ў неўразуменні ўзляцелі густыя бровы Люцыуса:

— Вы нават ведаеце, дзе гэта?..

— Ну так… Мы жывём у Пецярбурзе, я на службе там… па ваеннай лініі.

Генрых фон Люцыус яшчэ доўга выказваў сваё здзіўленне нечаканай сустрэчай, пасля чаго прапанаваў сваю кампанію ў падарожжы да Парыжа, балазе ў яго таксама заканчваўся санаторны тэрмін.

— Першы прыпынак зробім, натуральна, у Вене. Затым праз Зальцбург — у Люцэрн. Рэкамендую чыгункай дабрацца да цудоўнейшай гары Пілатус… Перакананы, што чалавеку з такім прозвішчам — Берггара — гэта будзе цікава! Паплаваем па тамтэйшым возеры, а адтуль — у горна-альпійскі Андэрмат! Я пакажу вам знакаміты Чортаў мост, які пасля перавала Сен-Гатард з баямі пераадольваў ваш Сувораў! Затым паўз каскады бурлівай Роны конна дабярэмся да чыгункі і — наперад да казачнага Мантро на Жэнеўскім возеры! І — праз Понтарлье — у Парыж! Згодны? Толькі не кажыце, што не зможаце…