Выбрать главу

Ну хто ж ад такога адмовіцца?!

І ўсё было найвыдатна. Праўда, апошнія суткі дарогі па Францыі даліся цяжка: вагон адчайна хістала (напэўна, спазняліся), і ноччу не спалася…

— Я думаў, што буду нудзіцца ў самоце, а тут лёс падараваў мне радасць сумеснага падарожжа ў вашай прыемнай кампаніі! — фон Люцыус пры развітанні быў нястомна галантны і мілы.

Яго дойч здаваўся мяккім і напеўным, амаль родным.

— Жадаю вам прыемных дзён у Парыжы. Ну і, спадзяюся, не адмовіце мне яшчэ ў адной сустрэчы. Хачу пазнаёміць вас са сваёй палавінкай. На жаль, у Клары ўжо закончыліся гастролі, на спектакль запрасіць не магу. Але… ведаю някепскі рэстаран — «Viktoіrе», каля Марсавага поля, насупраць Енскага моста. Рахунак прашу дазволіць аплаціць мне. Да сустрэчы а сёмай вечара заўтра…

І вось яны — Люцыусы і Бергі — за шыкоўным сталом з па-французску вытанчанай вячэрай. З п’янлівым віном і нядаўнімі ўспамінамі.

— Клара, ты не паверыш! — ажыўлена жэстыкуляваў Генрых.

На яго высокі лоб спадаў залацісты чуб, які нашчадак тэўтонцаў мусіў раз-пораз укладваць за вуха.

— На зальцбрунскім курорце я паспытаў «татарскі біфштэкс»! Гэта штосьці… Мы доўга хадзілі па ўзгор’і і страшэнна прагаладаліся. Папрасілі ў бліжэйшай сталоўцы чаго-небудзь гарачага, грунтоўнага. А там — толькі лёгкія халодныя закускі… І тады мой сябар Віктар настойвае на мясной порцыі. Нам і прапанавалі той біфштэкс. Ты ж ведаеш, Клара, як я люблю біфштэкс, таму ахвотна пагадзіўся. А нам падалі накрышанае сырое мяса ў анчоўсах з сырой цыбуляй! Аднак з якім імпэтам мы яго знішчылі — ты б бачыла!..

Сябрына смяялася. Генрых узнімаў келіх, смачна выпіваў і няспешна закусваў, моцныя жаўлакі абуджаліся на прадаўгаватых сківіцах.

Віктар — як сапраўдны палкоўнік — прапанаваў тост за прысутных дам. Выпіў, задаволена прысеў і паправіў на манжэтах срэбныя зáпінкі, — здавалася, што яны нязграбна чапляліся за канты рукавоў пінжака (аніяк не мог прывыкнуць да цывільнай вопраткі). У гэты момант пад бляскам пенснэ ў ягоных зрэнках закіпаў шакалад.

— Але вы, гер Генрых, пасля зальцбрунскага «татарскага біфштэкса» напоўніцу адыграліся ў Зальцбургу, — Берг ахвотна працягнуў недалёкія ўспаміны.

Зальцбург

— Памятаеце прапанаванае вамі венгерскае віно?! Такі душэўны рэстаран, як простая забягалаўка, дзе нават на сталах не было сурвэтак? Я замовіў тады нам два па паўлітра, аднак кельнер прапанаваў спачатку толькі па чацвярціне… І гэтага хапіла, каб звязаць нам ногі! Мы яшчэ з гадзіну не маглі адарвацца ад лаваў…

— А мне здавалася, Генрых, што ты збіраўся па дарозе да мяне падлячыць страўнік, а не дабіваць сваю печань, — падтрымала размову чароўная Клара, і ўсе бадзёра засмяяліся…

Развітваліся запозна — з настойлівай прапановай Бергаў сустрэцца ў Пецярбургу, ужо на іхняй кватэры.

— Адмова будзе прыроўнена да абвяшчэння вайны! — катэгарычна ўзняў указальны палец Берг, і пад яго чорнымі вейкамі і брывамі ўспыхнулі гарэзныя іскаркі. — А насамрэч выдатна, што нашыя краіны — хаўруснікі. Гэта, я вам скажу, не Англія якая… — ён пракаўтнуў недагаворанасць і прапанаваў «аглаблёвы» тост за дружбу сваіх народаў ды імператараў.

Да брытанцаў палкоўнік Берг таксама не меў асаблівай антыпатыі. Англія згадалася падсвядома: ён адно ведаў, што яшчэ з вясны адносіны з ёй праз уплыў на радовішчы Каспійскага мора абвастрыліся, і тое падштурхнула Генштаб да ідэі стварэння асобнага Закаспійскага корпуса, «Палажэнне аб кіраванні і каштарысе» якога перад адпачынкам і распрацоўваў начальнік аддзела Канцылярыі Ваеннага міністэрства палкоўнік Берг.

IIІ

Каліноўскі ўзышоў на шыбеніцу ў дваццаць пяць гадоў — ягоны цяперашні ўзрост… Згадка аб тым неяк упершыню настолькі моцна ўзварушыла Адамавы пачуцці, што, не зважаючы на позні час, ён доўга не мог заснуць. Ціха зачыніўся ў бацькавым кабінеце, пабольшыў святла, акуратна расклаў на старым дубовым стале папкі з дакументамі, адозвамі, лістамі, газетнымі выразкамі…

Вось сшарэлы, падобны на ўлётку «Сцяг свабоды»:

«Упэўненыя ў сваіх сілах, падтрыманыя дзейсным прызнаннем краю, па загадзе цэнтральнай улады Народа мы ўзнялі наш сцяг над атрадам працаўнікоў Беларусі…»