Выбрать главу

Газета выходзіла тры месяцы, а ў красавіку 1864-га Казімір Мацкевіч і Марыя Здановіч, ужо як венчаныя муж і жонка, выедуць на сустрэчу з ваенным камісарам Літвы за мяжой Баляславам Длускім у Парыж, дзе і даведаюцца пра канчатковую паразу паўстання. На руках у іх застануцца невялікая сума грошай і «білет» на права свабоднага пражывання ў Францыі з пячаткай Аддзела Літвы Польскага Нацыянальнага ўрада, а праз паўгода — з’явіцца і сын Адам… Ён разгарнуў новую папку — якраз з адбіткамі «Голасу з Літвы» — і пачаў нетаропка чытаць прыкамечаныя, пажаўцелыя, памеру звычайных улётак старонкі…

«Мы вычарпалі ўсе мірныя сродкі. Патрабавалі, каб цар нам даў, што нам трэба, — не даў. Пайшлі далей і распачалі пасіўнае супраціўленне. Спявалі і маліліся да Бога, каб прывёў Маскву да одуму. Але Масква была пад уладай сатаны і не слухала Боскіх натхненняў, і, калі на нашых вуснах была малітва, пасылала кулі ў нашы безабаронныя грудзі…»

«Век ХІХ вялікі плёнамі… З хіжага дэспатызму пачалі праяўляцца правы чалавека; спачатку паасобку, а потым аб’ядналіся ў хор, які выйшаў з Францыі і дайшоў да Масквы… Усё, што працівіцца волі Бога і правам чалавека, злучаецца з лагерам царызму…»

З кожнай старонкай для Адама зноў адкрываўся таямнічы свет: свет яго бацькі, свет яго маці, свет іх далёкіх невядомых продкаў, — тое, што здавалася хоць і міфічнай атлантыдай, але падсвядома пульсавала ў ягонай ліцвінскай крыві.

Ап’янёны згукамі мінулага і супакоены імі, ён і заснуў над тымі газетамі. І было яму ў той час соладка, шчасліва і цёпла — у нядаўна купленым на нядзельным кірмашы сінім швэдары, якія толькі пачалі прыжывацца ў Францыі і які нагадваў яму той, ужо даўно малы і зношаны, звязаны на шатландскі ўзор мамай — незадоўга перад адыходам яе ў свет лепшы…

ІV

Гаючыя гразі сілезскага курорта не атушылі жаночыя сакрэты Елізаветы Берг. Аднак праз два месяцы яна абвесціла мужу аб сваёй цяжарнасці, і той — як апантаны карнат — да ночы насіў Лізуню на руках, бесперастанку шаптаў «курка мая пушыстая», пакуль жонка не зазлавала на свайго «бясхвостага пеўніка»…

Трэба прызнацца, Віктар Аляксандравіч, хоць і прайшоў немалую вайсковую кар’еру з грубымі казармамі напачатку, ад нараджэння адчуваў у сабе мяккую лірычную душу. Яшчэ з кадэцкага корпуса трызніў ён аб нечым незвычайна-ўзнёслым, што паўставала ў вобразе чароўнай дамы сэрца. І яна не прымусіла сябе доўга чакаць: з’явілася перад ім у сонечны нядзельны адвячорак у асобе дзяўчыны з мілым тварыкам, далікатна накручанымі кудзеркамі жытнёвых валасоў, з бадзёрымі вуснамі, сукенкай на крыналіне, грацыёзна абцягнутай на таліі, з дэкальтэ ў форме сэрца… Обер-афіцэр Берг смяротна, да серэнадаў закахаўся ў сваю будучую жонку, пісаў-прысвячаў ёй вершы, абсыпаў пацалункамі і падарункамі, балазе састарэлая матухна пакінула на тое пэўныя сродкі… І вось ён абдораны сам — будучым нашчадкам!

— Ліза, ты не ўяўляеш, як ты мяне абрадавала! Наўзамен за мае паэмы ты падорыш мне раман! — не сунімаўся саракагадовы палкоўнік. — Калі народзіцца сын, давай мы яго так і назавём — Раман…

Аднак жаданаму збыцца не было наканавана: перад вясной у Елізаветы здарыўся выкідыш, і іх сямейнае жыццё перафарбавалася ў атрутныя колеры. Жонка сумавала ад адзіноты, бо не мела ні сябровак, ні нават знаёмых. Муж зрання сыходзіў на службу і вяртаўся толькі на абед, галодны і стомлены, а замест гарачага супу ды біфштэксаў ці сямейных катлетаў атрымліваў чарговую порцыю нараканняў на хцівую кухарку ды яго, чэрствага і негаспадарлівага… Надламалі спакой і канцылярскія інтрыгі-шашні: за ўсе гады бездакорнай службы ён, галоўны справавод і начальнік статыстычнага аддзела Канцылярыі Генеральнага штаба, які распрацаваў беспрэцэдэнтнае «Палажэнне» асобнай дзеючай арміі, у спісе іншых афіцэраў быў адзін узнагароджаны ордэнам святога Уладзіміра IV ступені, усяго толькі IV, хоць іншыя, нават ніжэй рангам, былі ўганараваныя ступенню ІІІ. Як тут не расчаравацца ды не аддацца роспачы?

Але бясконцыя сваркі з жонкай атручвалі жыццё яшчэ больш, і афіцэр ад безвыходнасці збягаў на службу, а на наступныя раніцы ўжо выспяваў да размоў аб разводзе ці хаця б раз’ездзе. Ліза абуджана згаджалася, але праз хвіліну продуму пачынала плакацца пра свае нікчэмныя фінансавыя ўмовы. І ён ахвяраваў немалую суму золатам і выправіў яе за мяжу — падлячыцца ды аднавіцца. У жонкі зноў былі Швейцарыя ды Францыя, і вярнулася яна амаль ранейшай Лізай: спакойнай, задаволенай, ласкавай, памаладзелай. Праўда, без грошай, але з валізамі набыткаў-абновак, якія яшчэ з месяц пасыльныя дастаўлялі на іх кватэру з мытнапамежнага літоўскага Вержбалова.