Выбрать главу

Вільгельм ІІ

А затым пасярод лета 1890 года Віктар Берг нечакана атрымаў загад прыкамандзіравацца на вайсковыя зборы пад Нарвай. Каб аздобіць жонцы самотныя дні, ён абаніраваў у піцерскім французскім тэатры месца і настойліва папрасіў адпісваць на ягоныя лісты. А яшчэ мусіў набыць паходны рыштунак і сядло (каня з веставым даў начальнік кавалерыйскай школы).

На другі дзень пасля прыбыцця ў лагер давялося рыссю пераадолець каля сарака вёрстаў пыльнымі жнівеньскімі дарогамі — пасля чаго ледзь не патрапіў у лазарэт. Затое назаўтра падчас сняданку палкоўнік Берг бачыў зблізу адразу двух імператараў: аграмаднага ў сваёй мядзведзістай паставе Аляксандра ІІІ — у зялёным вайсковым сурдуце і фуражцы (якая здавалася замалой для ягонай гарбузаватай галавы) і Вільгельма ІІ, невысокага маладога чалавека са смешна ўзнятымі ўверх вусікамі, які нядаўна стаў нямецкім кайзерам ды каралём Прусіі і, выглядала, яшчэ не звыкся са сваім становішчам. Імператары пасля сняданку селі ў адкрыты экіпаж, але Вільгельм ІІ мусіў устаць і спехам зняць паліто, пададзенае яму лёкаем… Аляксандр ІІІ падкрэслена гучна называў калегу на «ты» і задаволена ўсміхаўся. Следам за каранаванымі інспектарамі ў лёгкія карэты ўціснуліся ваенныя міністры і міністры замежных спраў. Высокапастаўленыя асобы рушылі да Нарвы, за імі — кавалькада малодшых чыноў з розных расійскіх і нямецкіх ведамстваў. Усе статныя, са ззяннем вяльможнай пыхі на прыпухлых пасля бяссонніцы тварах. У адным з іх… так! Берг пазнаў свайго знаёмага па леташняй замежнай вандроўцы Генрыха Люцыуса. Іх позіркі сустрэліся, і немец-вершнік першым узняў руку, павярнуў каня і пад’ехаў бліжэй. У ім заўважалася нейкая змена. Вочы пад густымі брывамі падаліся нейкімі нежывымі, шклянымі нават… Можа, таксама ад бессані?.. Твар схуднелы, без ранейшай жывой мімікі. Аднак Генрых прывітаўся ўсё ж з радаснай усмешкай:

— Пазнаяце? А я ўжо, Віктар Аляксандравіч, ведаў, што вы тут… Надоечы сустрэў у тэатры вашую жоначку. Падалося, яна моцна сумуе адна ў Пецярбурзе…

— Бог з вамі, гер Люцыус, як не пазнаць! Дасюль удзячны за ваш наймілы escorte… — Берг ніякавата аблізнуў вусны: — Як не забыў і пра вашае ласкавае абяцанне з фрау Кларай павячэраць у нас.

Аляксандр ІІІ

— Дзякуй, але… самі разумееце, служба. Яго імператарская вялікасць кайзер адбудзе дамоў праз тры дні, а там яшчэ з тыдзень невылазнай працы ў пасольстве…

— Дык, безумоўна, пазней! Я ж таксама пакуль залёг тут на манёўрах.

— То сустрэнемся! — Люцыус ускочыў на каня.

— Загадзя напішыце, калі…

І вось нарэшце — за плячыма пыльныя паходныя абеды ды вячэры спехам. Жонка з нечаканай радасцю пачала рыхтавацца да сустрэчы з нямецкімі сябрамі яшчэ з раніцы, сама кантралявала кухарку, колькі разоў нагадвала, каб тая ні на што не скупілася.

— Яны такія мілыя! Праўда, каханы?

Віктар Аляксандравіч ажно папярхнуўся ад нечаканасці: ён ужо і забыў, калі тое «каханы» чуў ад жонкі. Шчокі яго ўраз запунсавелі, а ў адказ толькі і змог хітнуць галавой.

І вячэра атрымалася на славу! Былі пададзеныя халодныя закускі з ікрой, свіныя медальёны ў шалфеі, заяц з размарынам, курыная пячонка з белым віном і яблыкамі, паштэт з ласося ў падліве…

— Вы вырашылі нас абкарміць! — удзячна жартавалі госці, але частаваліся ахвотна.

Да́мы пілі чырвонае французскае віно, а мужчыны пасля гарэлкі перайшлі на каньяк.

Віктар Аляксандравіч адчуваў сябе найшчаслівейшым жыхаром Пецярбурга. Ён палаў дасціпнасцю, дэкламаваў па-нямецку Шылера і Гайнэ, па-расійску Дзяржавіна і нават сваё. Ды, як водзіцца за падобнымі сталамі, п’янеў — і ад нямала выпітага, і ад жончыных ласкавых усмешак. Апошняе, што ён больш-менш яскрава ўсведамляў, — гэта як угаворваў Люцыусаў застацца ў іх начаваць…

Ранішняе абуджэнне, якое прыспешвала пахмельная смага, было цяжкім. Праз апухлыя павекі калола святло лямпаў («Забылі ноччу патушыць?»), у галаве стралялі старадаўнія пішчалі. Паспрабаваў прыўзняцца — ложак хіснуўся пад ім, як лодка. І тут сэрца спынілася і, здалося, вось-вось выскачыць праз скроні: побач з ім, напаўнакрытая бялюткай коўдрай, ляжала… спала… распранутая жонка дарадцы пасольства кайзера Вільгельма Клара Люцыус!.. Яе чорная карункавая бялізна была раскіданая на ложку і каля яго… Заледзянелы палкоўнік машынальна нагнуўся, каб падняць карсет-станік, — і бакавым зрокам спакмеціў, што ў спальні каля жончынага століка хтосьці сядзеў…