Выбрать главу
Чуць ды бачыць Цябе – І зашмат, і замала. Гэта ласка нябесная – Слухаць Тваю цішыню. Ты задумаў мяне Мудра а дасканала. Я пахібіў Твой плён, І сябе я за гэта віню.

* * *

Калі я пайду далінай

смяротнага ценю...

Псальм 22:4
Са мной паміраціме Цень мой жывы. І цень мой Нябожчыкам стане таксама. Зачыніцца глуха нябесная брама, Не ўбачу ў даліне Ні хмар, ні травы.
Паселіцца вечная ноч уваччу. Сваё адхвалююся, Адлетуценю. У змрочнай даліне Смяротнага ценю Я з ценем сваім развітацца хачу.
Бо цень быў Напарнікам мне і віжом, Сачыў, віжаваў, Дзе б ні жыў пры святле я. У зябкай даліне І цень мой скалее, Не выпырхне ні вераб’ём, Ні стрыжом. На сцежцы стаптанай І на ярыне Кунежна слядам І нястрымна трымценню. І покуль жывы, давяраюся ценю, Бо ценіцца цень І дрыжыць за мяне.

* * *

Яліны – пад жытло буслам...

Псальм 103:17
Яліны – Зялёныя скініі, Прыстанак прысталых крокаў. Нябёсы на стрэхі ім скінулі Буслоў, Як акраўкі аблокаў.
Сціхa адхінаюцца клёкатам І цішаю клямчацца дзверы. Зямным і нябесным клопатам Буслы У ялін у даверы.
І позірку ўроіцца смелае: Прыняўшы дасвецця палоны, Стаіць, Ад чакання здранцвелая, Яліна, Як бусел зялёны...

* * *

З улоння дзянніцы падобнае

да расы Тваё нараджэнне.

Псальм 109:3
І за расу, і за слязу нічога Чысцейшага няма. Раса сама Нагорнецца на вока Пана Бога, Не разбурыўшы воблік абраза. І на зямлі, далёкая ад бруду, Раса зайздросціць Зерню на сяўбе. Падлеглая паўторанаму цуду, Расінка Сонца носіць у сабе.
Раса й краса З нічога не ўзнікае. Лёс крочыць пеша. Воз сябе вязе. І радасць, Як рачулка гаваркая, Смяецца і ў расінцы, І ў слязе.
Вераадступніка чакае згуба. Самапрысуд – Як брытва ў два лязы. Пяшчоціцца ў расінцы Сонцу люба, І ўтульна роспачы На дне слязы.

* * *

Пастаў над імі бязбожнага,

і д’ябал хай стане праваруч яго.

Псальм 108:6
Над тымі, Што назваліся людзямі І рохкаюць галодна ля карыта, Пастаў бязбожнага, Няхай яны Плывуць ракою забыцця ладдзямі, Няхай спяшаюцца парнакапыта Падставіць хілы хіб пад бізуны.
І праваруч ад самаўладца-хама Самога д’ябла ў чорным ахінале Пастаў, Няхай пасведчыць чарадзе І светласць хама І сваю таксама. Каб дзякуй і за кратамі казалі Бязбожніку, Што ў шчасце іх вядзе.
А тое шчасце – Мешанка густая І рэдкая. А тое шчасце ў спрыце, У звадах за харчы перамагчы, Абы не хутка ўбачыць Дно ў карыце. А дасць мароз, Як адарваць лычы?

* * *

Пройдзе над ім вецер, і няма яго,

і мейсца ягонае ўжо не пазнае яго.

Псальм 102:16
Век чалавечы – Як снег на галінцы, Дзень чалавечы – Як помах крыла. Толькі за зёлкай Паспеў нахіліцца – Выпрастаць спіну Труна памагла.
Кожнаму хочацца Ліха аб’ехаць. Лёс залагодзіць, Чым нельга і льга. Раніца хмар наахапчыць На вехаць. Пачырванее за вечар смуга.
Дол прыхарошыцца Травамі гожа. Сподзеў і страх – Чалавеку свае. Вецер дыхне – і няма, І яго ўжо Мейсца ягонае не пазнае.

* * *

А тыя, што нас паланілі,

песняў ад нас патрабавалі,