Выбрать главу

* * *

Каб не заснуў я сном смерці...

Псальм 12:4
А сон жыцця – Кароткі, як жыццё. Сон у жыцця – Трывожны, клапатлівы. І чалавек – капрызнае дзіцё – Ў кароткім сне Спакойны ды шчаслівы.
У смерці сон Даўжэйшы за яе, Сон беспрабудны, Цёмны, страхавіты. Ніколі ён назад не аддае, Хто зябкай павітухаю спавіты.
І, кватарант жыцця, Пакуль жыве, Ён ад жыцця У сон жывы ўцякае, Каб спадабацца Смерці-удаве. І спіць жыццё. А іншы сон чакае.

* * *

Дабрашчасны, хто возьме і заб’е

немаўлятак тваіх аб камень!

Псальм 136:10
Хай сабе ён і ворагаў – Чэрап дзіцячы. Ён – маленькае неба, Дзе небасхіл няпэўны Трымаецца на радасным плачы, Чэрап будучага пастуха Ці царэўны.
Хай жа камень праклёну Мяккай падушкай стане З летуценнага пер’я Залётнае аблачыны. Хай аб наканаванні Дзіця папярэдзяць здані, Хай здымуць камень з сэрца У змрочнай прычыны!

* * *

Народ, якога я не ведаў,

служыць мне...

Псальм 17:44
Там, Дзе панішчаны гаспадары, Пасуцца выслужнікі табунамі. Ім лёгка чужых Называць панамі, Аднолькава ім Ці ў хляве, ці ў двары.
Ім роднага бацьку Заменіць айчым, Якога палюбяць За скібку хлеба. Па звычцы Яшчэ патурбуе патрэба Назвацца народам. Але якім?

* * *

Чалавек падобны дыханню...

Псальм 143:4
Бог уздыхнуў Над стварэннем слабым. Бог уздыхнуў – І ўдыхнуў дыханне. Дым, як туман, І туман, як дым, Папераблыталіся ў тое ранне. Першая недзе звінела аброць. Конь неаб’езджаны Цешыўся з волі. I, чалавека пакінуўшы доле, Сумна Падаўся ў неба Гасподзь...
* * *
Ойча наш, што ў нябёсах, Хай свяціцца Імя Твае І ў зорах, і ў лёсах. Хай прыйдзе Валадарства Твае, Як спатоля, Хай Твая ўсёўладарная Збудзецца воля Як на небе, Гэтак і на зямлі. Хлеб наш надзённы пашлі, Жыццядар, сёння нам. І даруй нам нашы даўгі, Як даруем і мы даўжнікам. Адгарадзі ад нас Спакуслівыя лугі. І ў смутны час, І ў цёмныя дні Нас ад нячысціка аслані. Не зрушыцца Валадарства Твае. І рушаць рухава Ад Твайго цвярдога парога І сіла, і слава Твае мілаты і лагоды, Айца, і Сына, і Духа Святога Цяпер і заўсёды. І на вячніны вячнін. Амін.
* * *
Багародзіца, Вечнадзева Марыя, Мы ўсе перад Табою малыя. Дабраслаўленая між усіх маладзіц, Не пярэч, каб Перад ценем ценю Твайго Мы ўпалі ніц. Дабраслаўлены плод Твайго ўлоння. Над ім мы ўзводзім Шатрамі свае далоні. Ты, ўсяго жывога краса і пакраса, У імя Вечнаіснага Бога Нарадзіла душ нашых Спаса. Пад міласць Тваю прыбягаем. Злітуйся над нашым краем – Хай пасвяцца душы нашыя На нябесных пашах. Багародзіца Дзева, Не адкінь у цярпеннях Малітваў нашых. Дабраслаўленая, адзіна чыстая, Уратуй ад бедаў, Дай моцы нам выстаяць. Каб агонь жыцця нашага Не пагас, Багародзіца Прасвятая, Душою нашчая, Уратуй нас.
* * *
Веру ў адзінага Бога Айца, Усёўладара, Шчодрадаўцу дабра, Тварца ненасытнай зямлі І неба спадчыннага, І ўсяго бачнага й нябачнага. Веру несупынна Ў адзінага Бога Ісуса Хрыста, Адзінароднага Божага Сына, У кожны кіў Ягонага кста. Сын Божы народжаны над усімі намі, Над усімі вякамі: Святло ад Святла, Праўдзівы Бог ад праўдзівага Бога, Каб цёмную сілу зла Сіла богапаслужлівасці перамагла. Без Яго не было б нічога. Ён, каб вызваліць нас з грахоў, З чыстага неба На дол затаптаны сышоў. І смела прыняў тленнае цела Ад Духа Святога і Дзевы Марыі І чалавекам стаўся, Каб пераняць пакуты людскія. Гэта за нас пры Понціі Пілаце Аддаўся ў рукі зямное ўладзе. І быў укрыжаваны, І канаў, і быў пахаваны. І на трэці дзень уваскрос У згодзе з Пісаннем. І ўзышоў на неба Хрыстос Нябачным ззяннем. І сядзіць праваруч ад Айца. І прыйдзе зноў у славе нязмерклай Судзіць жывых і змерлых, І Валадарству Ягонаму не будзе канца. Веру ў Духа Святога, Што сыходзіць ад самога Бога, Каму нароўні з Айцом і Сынам Пакланяемся, не лічачы рокаў. І славім належным чынам, І які вяшчаў праз прарокаў. Веру, а значыць жыву, У Кефальную й Апостальскую Царкву. Веру, і тым жыву, Веру, і тым існую, У Богам дадзеную, А значыць святую Беларусь праўкрасную самую. Перад ёю, Як перад Мамаю, Хілю галаву, Верны паклону Да скону. Спавядаю адзіна кшчэнне Як ад грахоў збаўленне. Ані на кога не ў крыўдзе, Чакаю, як лепшых часін, Уваскрошання змерлых І жыцця тога веку, Што прыйдзе. Амін.