Спадаюць дні,
Быццам з дрэва сучча.
Сплываюць ільдзіны дзён і гадзін.
Адзін прыходзіш на свет калючы
I адыходзіш — адзін.
ВЯРТАЕЦЦА...
На Беларусь вяртаецца Бог.
Беларусы ўспомнілі,
Што яны беларусы.
Трыпутнік аблудны
На раздарожжы пасох.
Бязвернікі ўжо не пнуцца ў Ісусы.
На Беларусь вяртаецца Бог.
Вера абражаная рунее.
За саломінку променя
Хапаецца лёх.
Наваселіцца
Ў душы знелюдзелай надзея.
Ступакамі кайнасці
Стоптваецца парог
Невідочнага незямнога палаца.
На Беларусь вяртаецца Бог,
Не спяшаючыся вяртацца...
ВЯЛІЧКА
Па велікоднае яечка
Да хроснай маткі ўранні йшоў.
І чуўся светлы спеў званоў.
І мне зайздросціла мястэчка.
З абрабаванага касцёла,
Як з недалёкай даўніны,
Званілі зніклыя званы.
Дзень пачынаўся ясначола.
У Божы свет ішло Вялічка –
Святое свята ўдзячных слёз.
Хрыстос ускрос!
Хрыстос ускрос!
Свяціла промнямі крынічка.
У згадках ксцілася Вушача.
Світала з забыцця імша.
Яшчэ дасюль мая душа
Па радасці шчымліва плача…
СВЯЦЕЙШАЯ ПАННА
Свяцейшая Панна з Вушацкай іконы,
Усіх ахінае Твой клопат штодзённы.
Дай моцы нам, Матка,
Дай, Матка, параду,
Як маем змагчы і падступнасць, і здраду.
Май ласку Сваёй не пазбавіць апекі,
Заступніцай будзь нам цяпер і навекі.
Не дай нашым душам убогім загінуць,
Дазволь на зямлі гэтай цені пакінуць.
З малечых гадоў Ты нас, грэшных, трывала
І з д’яблавай пашчы не раз вырывала.
У смутках Цябе мы гукаем, святую,
Твая мілата бачыць нас і ратуе.
Як дзячыць Табе, мы не ведаем самі,
І нашчацца нашыя вочы слязамі.
Марыё! Вушачы, дзе Ты цудатворыш,
Ты дорыш святло, цішынёю гаворыш.
Грахі нашы, як незагойныя раны.
Маліся за нас, будзь нам Маткаю, Панна.
НЯМА...
Няма маіх сяброў, маёй радні,
Маіх вятроў і маразоў
Няма са мною.
Харона не кляну,
Адно зайздрошчу Ною,
Што не аддаў нічога глыбіні.
На схіле веку кожны з нас, як Ной,
Які ў каўчэг сваёй душы
Забраць павінны
I рупна ратаваць
Хоць тыя напаміны,
Што моўчкі пойдуць за глухой труной.
I я цяпер адзін, як напамін
Разгубленай мілосці і сябе самога.
I на каўчэг аціхлы,
Як з далоні Бога,
Ахрыплай каняй падае:
Амін...
АНЁЛ, ЯКІ НА ЛЮТНІ ГРАЕ
Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае,
Калі забытыя сляды
Згадае сцежка маладая.
Калі гады, нібы дзяды,
На прызбу стомы сядуць з краю,
Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае.
Калі не позірку бяды,
А зноў душа паверыць раю,
Ён будзе мроіцца тады,
Анёл, які на лютні грае.
САЛЬЕРЫ
У творцы свой Сальеры персанальны,
Па сумяшчальніцтву таварыш, брат.
Каб думкі творцы не пазасыналі,
Заплечны брат размове шчырай рад.
Былі свае Сальеры ў Куляшова,
У Быкава —
Хоць імі гаць гаці,
Кішма кішаць.
Не пыльна і грашова,
Яны пры споведзі і пры куцці.
I слухаюць, і нюхаюць,
Спагадай
Падзеляцца,
Як лустай ад душы.
На злыдзеяў генія
Глядзяць з пагардай,
Адданыя Сальеры-спарышы.
Стараюцца пацець халодным потам,
Сыцеючы на дармавым аўсе.
I службу дружбай называюць потым,
Зрабіўшы мемуарамі дасье.
ЯСЛІ
Каб зоркі чыстых мрояў не пагаслі,
Прагнаўшы сон журлівых аблачын,
Дае Ўсявышні нам
Душу, як яслі,
Каб нараджаўся ў іх
Нябесны сын.
Лёс
Цень памкненняў
Пасылае з долаў
У высі,
Каб сябе ён перарос.