Дзе лашчыць цёплай ласкай хваля
Лінёў — злянелых цельпукоў,
Паблісквае
няблізка
далеч,
Дзе ў іле
не злічыць малькоў.
Дзе глыб
угнеўлена шыпела,
Калі
на хвалі
лівень
лёг...
Засумавалы,
белы,
белы,
Ляціць удалеч
матылёк...
* * *
Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы,
Мы, беларусы,
Мы — народ такі.
Ахвотна забываем, што мы,
Хто мы.
Згадаюць
Нашай памяці вякі!
Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы,
Саміх сябе хваліць нам не з рукі.
Хай слабакі
Аж падаюць ад стомы,
На плечы ўзяўшы
Пыхі мех цяжкі.
Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі.
I госць, і падарожны ў нас
Як дома.
А злым і травы колюцца ў бакі.
Гатовы ўсё аддаць —
I тым багаты,
Мы, беларусы,
Мы — народ такі.
Што з краю небяспекі нашы хаты,
Пра гэта
Не забудуць чужакі!
ПЕРШЫ СНЕГ
У абшары навакольным
Над папарам, лугам, полем
Снег тчэ мяккі змрок.
Кожную сняжынку тую
Кружыць, туліць і цалуе
Весялун-вятрок.
Дрэвы ў футры і карункі —
Шчодрыя зімы дарункі
Ахінаюць стан.
Галавой кіўнуў гулліва
Вяз таполі сарамлівай,
Маладзейшым стаў.
I абрусам вышываным
Засцілаюцца паляны,
Далягляд і дол.
На вяселле зімкі жвавай
З дзедам грозным і ласкавым,
На багаты стол.
Дзесьці йдуць маладажоны
Сцежкай пухам вылажонай,
Шчасныя ўдваіх.
Эх, як хораша, ўрачыста,
Як душы парывы чысты
Ў час хвілін такіх!
* * *
«На Беларусі
Пчолы, як гусі»,—
Прыгадваў зямляк у выраі.
Зоры спелі, зоры гаслі,
Мох зязюльчын рос на вываратнях.
«Ем сырую зайчыну
Ды люблю Айчыну!» —
Прысягаў паўстанец нябёсам.
Дзверы
дню маладому
расчынены —
Расой ішла песня босая:
«Я здыму парчу,
Ножкі абвярчу...
Песню азяблую
Сагрэць хачу...»
Торкнецца ў крыгу лыч карасіны,
Сонную роўнядзь успеніць.
Згару я
на вейцы тваёй
расінкай,
Беларусь —
мая мова
і песня.
АКРАЙЧЫК
Сп'янелы прыцемак хістаўся.
Хмыз ценяў
Трушчыў крык, як дзік.
I ад застолля дня застаўся
Акрайчык сонца —
Маладзік.
А там і дапілі, й даелі
Ўсё на пакацістым стале
Усе, наколькі духу мелі.
I падаліся прэч.
Але
Пакінулі, каб разгавецца,
Акрайчык
Цішыні начной,
I хмарцы —
Збродлівай авечцы,
I туманам —
На сырадой...
* * *
У зажураным садзе п'юць сінічкі гарбату.
Звоняць лыжачкі ў ценькія сценкі шклянак.
Зноў адзін пакідаю матчыну хату,
Ганак самотны, журботны ранак.
З утрапёным даверам гляджу навакола:
Серп сагнуўся, ржавее пагбаная міска...
Надпіс прыгадваецца на браме касцёла:
«Ціха, Бог блізка...»
АДАМУ МІЦКЕВІЧУ
Litwo! Ojczyzno moja!
Ty jesteś jak zdrowie...
Паэты нараджаюцца ў карчме,
Каб іх пасля
Аплаквалі саборы.
Выгнанніку
Не ў спіну вецер дзьме,—
Ён носіць край абражаны
З сабою.
Хмар вырай
Свіцязі слязу страсе,
Як пава з песні,
Што праз сад ляцела.
На саркафагу ружы
У расе
Паэту —
Не пыхлівасці злюцелай!
Маўчы, ўсыпальня каралёў...
Вякі
Прыціхлі
Над геральдыкай нямою.
Спытае нехта:
— Быў кароль які,
Калі пісаў паэт:
«Ojczyzno moja...»?
* * *
Пад высветленымі дубамі
Салодкімі смягне губамі
Пасека — класіка.