Выбрать главу
Штодня вядзі з самім сабою бой, Каб клопаты цябе не пахавалі, Жыві надзеяй, Мараю слабой, Што свет трымаецца Адным табой — З ракі ўсёзабыцця — намерам хвалі.
Старайся не ў дзяльбе, А ў малацьбе, Каб вымалаціць з цемрачы праменне. Ляж зморшчынкай Ва ўсмешцы на ілбе, Каб недзе ўспомніла жыццё цябе, У незваротнай вечнасці — Імгненне.
* * *
Яна адна, Зямля вякоў, Адкуль Жыццё пачатак брала Шчырай верай. Здалёк відна Зямля бацькоў, Матуль, Дзе песня б'ецца Перапёлкай шэрай.
У курганах, Што выраслі з былін, Спачылі З поля подзвігу ратаі. У туманах Тугі спрадвечны клін На гнёзды шчасця Выраі вяртае.
Краса ўзышла Аднойчы назаўжды, Закрасавала ў душах I ў паглядах. Прамень святла, Струмень жывой вады Закаласіўся На ачахлых лядах.
Світання сцяг Над цемрывам начы Расчырванеўся Радаснаю стомай, I на губах, Крамяна пахнучы, Застаўся яблык Ранішняй аскомай.
На смерць ішлі За гэтую зямлю, За гэтую красу, За сцяг світання Сыны зямлі, Каб засланіць раллю,
З якой нязломнасць Збажыною ўстане.
Пакуль у нас Пяшчотаю матуль I рупнасцю бацькоў Сагрэты далі, Не посвіст куль, А галасы зязюль Лічыць гадоў чароды Не прысталі.
УЦЯКАЛА ЗІМА АД ВЯСНЫ
Уцякала зіма ад вясны Па кустах вербалозаў рагатых,— Ёй каптан абарвалі яны, I на голлі матляецца вата.
Уцякала зіма ад вясны, Уцякала па рэках, азёрах, Лёд затрэскаў, закрэктаў, заныў, Здрадзіў лёд — і вада на прасторы.
Толькі звон крыгалому ачах — Брод шукаюць бярозы-бяглянкі I трымаюць на ніцых плячах, Як дзяцей палахлівых, буслянкі.
А вясна даганяла зіму; Заяц скочыў у лужу блакіту, Бо на хвост наступіла яму, I пралескі распырскаў, раскідаў.
I ўцякала зіма ад вясны, Пад нагамі ламачча затлела, Парастрэсла па сцежках лясных Снег апошні свой з ландышаў белых. Уцякала зіма ад вясны — Уцякала...
* * *
Ні сябе, ні чужога слова Няма калі ўчуць чалавеку. А ў лесе адначасова Гамоняць дрэвы спрадвеку.
I чуе сусед суседа I голас радні здалёку. Такая стаіць бяседа — Аж сорамна стане кроку.
I думаюць думу разам, Маўчаць у лагоднай згодзе. Сябе не даюць абразам, Ні здрадлівай непагодзе.
Загнанаму веку прагрэса, Пакуль дагоніць знямога, Вучыцца б шумець у леса I слухаць сябе самога.
ТАМ
Не адлучаўся я зусім З вушацкай хаты анікуды. Дратоў з'інелых перагуды Мой цягнуць сон З далёкіх зім.
І дні спяшаюцца ўпадбеж Вярнуцца ў цішыню нязлую. Там толькі, Дзе душа начуе І прачынаецца, Жывеш...
СЦЕРАЖЫ…
І сабака брэша па-зямляцку, Брэх адтуль, з маленства, з той зямлі, Дзе пчалой у залатым вуллі Сонейка ўсміхнулася знянацку. Ад душы брашы, старайся, браце. За жыццё абрыд мне брэх чужы. Адбрашуся сам, ты сцеражы Сон мой, недаснёны ў роднай хаце…
СТВАРЫ!
Паэт! Ствары сабе Радзіму, Дзе пахнуць снамі мурагі, Каб ад слабога ўздыху дыму Шугала полымя тугі.
Па незабытным, непазбытным Тугой Кругі свае заверш, Каб першастрахам першабытным І кожны гук дрыжэў за верш.
Верш, Дзе жыве твая Радзіма, Дзе рэчка чуе берагі. А ты ўтрапёнымі вачыма Глядзі на бераг свой другі.