Выбрать главу
ХТО ПОМНІЦЬ...
Страха — страфа З паэмы роднай хаты, Прысвечанай спагадлівым нябёсам. Тваю журбу Аслоніць цень крылаты, I мроям закарціць Сустрэцца з лёсам. Паэму шумам Вершалінаў поўніць> Спаміж радкамі Баравая воўна. I моліцца за ўсіх, Хто хату помніць, Страха, Далоні склаўшы малітоўна...
КАПУСЦЕ З НАШАГА ГАРОДУ
Капуста любіць думаць качанамі. Скрыпяць марозна Восеньскія думкі. Прыспаная вятрамі й туманамі Капуста звязвае Зацішша ў клумкі.
Аб нечым незлічоным шэпчуць вусны, Шануючы зялёнае жаданне. Крамяную пілнуе гад капусны, За соннай сочаць Хрумстанне, глыданне.
Нудзіцца шаткаўніца пачынае I пахнуць кменам Сцежкі і застрэшкі. Капуста любіць думаць качанамі, Хоць галаву сякуць Да качарэжкі...
НА ЗЯМЛІ МАЛЕНСТВА
I трава сама па сабе расла, I вада сама цякла без прынукі. I ні ў кога неба не прасіла святла. Ані мукі з імі, ані дакукі.
Толькі ў гаспадарцы любой Гадавалі агонь, Быццам падсвінка. I кармілі агонь чым маглі,
Як на ўбой. Да іскрынкі іскрынка — Залатая шарсцінка.
Гадавалі агонь, I ён гадаваў, I свяціў, і свянціў, Грэў, карміў, гатаваў.
I гарачай радні, I самому агню Мусілі ўсе залаціць даланю...
КАЛІ Ў ВУШАЧЫ НАЧАВАЎ НАПАЛЕОН...
Калі ў Вушачы начаваў Напалеон, Ноч ліпеньская ў асалодзе млела. Спакой трывогу браў У свой палон. Вушачка-рэчка ў туманах мялела. Раскручваў жорны часу Мулкі млён.
I выдумлялі вецер ветракі. I ратуша драўляная старэла. I ў неба на кашулі васількі Да раніцы ўсміхаліся нясмела. I сон ішоў з Парыжа нацямкі.
Да імператара патрапіць Хоць бы ў сон Паненкі мроілі, ажно не спалі. Мілосць здавён — I эшафот і трон. I жарсць падумак смелых Кралі кралі, Калі ў Вушачы начаваў Напалеон...
АЙЧЫНА ДУМКІ
Айчына думкі. Ува мне яна Паўсюль, дзе быў I дзе яшчэ не буду. Здарожаная думка мне звідна I дацямна Укленчыць раіць цуду.
Цуд непачуты на зямлі расце, Якая й называецца Айчынай. Таксама на здарожанай вярсце Сустрэцца мусяць Вынікі з прычынай.
Айчына думкі Ахіне мяне, Як роднага, Здарожанай маркотай. Малечы плач, Што спаў у палыне, На вушка нешта Смеху скажа ўпотай...
ЛІСТ У ХЕЛЬСІНКІ ВАСІЛЮ БЫКАВУ
Усіх пакаранняў Не злічаць вякі. I людзі не злічаць самі. Дзе грэх, як пух, Дзе, як камень цяжкі? Дзе вязні з ціхімі галасамі?
П'яніць Нявіннай віны віно. Гняце немата Стараны нелюдзімай. Цяжэйшае ўсё ж Пакаранне адно — Пакаранне Радзімай...
ПАШТОЎКА
Будуць часам ідалы раструшчаны. Свет разумны стоміцца ад крыкаў. Васільком у жыце Беларушчыны Назаўсёды застанецца Быкаў!
ЧЫЙ?
З успамінаў замроеных Выплываюць былыя красуні У праменьчыках зморшчынак, У смузе сівізны. Гэта сподзеў разгублены З незабытай вясны адрасуе Да маёй непамыснасці Ліст заказны.
Ліст паспеў абыйсці Долы ростані, ўзгоркі чакання, Даў задумацца мне, Ці пачуў, ці застаў, ці сустрэў, А над лугам спакою Вісне каня знікання, Як пытанне світання, Чый сум пастарэў?