Каму распавядзе
Глухая градка,
Як у зямлі,
Паслушлівай лясам,
Нібы ў халодным яблыку
Зярнятка,
Спіць гаспадар,
I сад старэе сам...
ТРЭБА ДОМА БЫВАЦЬ ЧАСЦЕЙ
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.
Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне.
Як у студню цыбаты асвер
Запускае руку да пахі.
Не забыць сцежкі той, што цябе
На дарогу выводзіла з дому,
Што у хаце там быў рубель
У цане і па курсу старому.
Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
I адкуль на стале тваім
Бохан свежага хлеба пахучы.
Помніць свой на іржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе пад дзень
За вясёлым сталом бяседа.
Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
I не страціў святое штосьці.
ЗЯЗЮЛЕНЬКА БАРАВАЯ
МАЛІТВА МАТЧЫНА
Гаючыя словы малітвы Матчынай,
Якія Ён шаптаў перад сном,
Ісус паўтараў на крыжы,
Як на няўлоўнай мяжы,
Між чорнай ноччу і белым днём,
Світаннем святое крыві пазначанай.
І ў кожным з нас нерастрачанай спадчынай
Жывуць, ратуючы нашыя дні,
Вяртаючы душы да вышыні,
Балючыя словы малітвы матчынай.
ЧАКАЕ…
За мной цікавалі і грэх, і брэх.
Сяброў і дарог мне было ўсё мала.
Сябе даганяў я,
Спазняўся, бег.
А мама мяне чакала.
Мой сум саладзее,
Гарчэе смех.
Сяброў забірае дарога глухая.
Сябе не дагнаў я,
Прыстаў мой спех.
А мама мяне чакае…
ДАЎНЯЕ
Луг вывернуў кажух
Сушыць пасля дажджу.
Апала неба хмаркай ускалмачанай.
Даўно яно было, а я дасюль гляджу
На свет
Праз прызбу
Хаты матчынай.
ПАКЛОН
Б’ю чалом вам
Да самае чорнай зямлі,
Спаконвечныя дрэвы,
Бо зялёнымі вуснамі моліцеся,
Слязамі жоўтымі плачаце,
Перазяблымі кстамі жагнаецеся
Над самотнай магілай
Мамы…
ВЕДЫ
Малапісьменная
Паводле дадзеных глухіх анкет,
Мама смела
Ведала свет.
Дзіўлюся рознабаковасці ведаў
Маці —
Ведала, што да чаго
На небе,
У лузе,
У хаце.
Ведала тэалогію —
На памяць малітвы шаптала:
Абнясі, Божа, тынам
Ад зямлі да неба,
Сахрані мяне, Божа,
Адныні давеку.
Ведала астраномію —
Па зорках дарогу шукала,
Калі пад страхой нябеснай
Перапёлкаю начавала.
Ведала аграномію —
Што сеяць,
Калі і дзе.
Ведала магію светлую —
Як словам дапамагчы бядзе.
Была і ўрачом дзіцячым,
І цвёрдым на руку ветэрынарам —
Цялят прымала,
Карову гарэлкай грэла,
Сына — адварам,
Ведала замовы
Ад вока злога,
Ведала,
Як нешта зварыць з нічога.
Калі ў печы ўсе дагарала,
Кацёл дакарала:
Чорт бы на цябе гаварыў,
Каб ты варыў
Заўсягды,
Як на Дзяды!
Была філолагам
З выключным слыхам —
Умела дзяліцца радасцю кволаю,
Цвяліцца з ліхам.
Умела ладзіць з ялінай калючай,
Са спёкай, з золлю.
Словы лушчыла,
Як у прыпол фасолю:
Новае сітца,
Пакуль навісіцца,
А як навісіцца,
Дык і пад лаўкай наляжыцца.
Ведала міфалогію
Паганскае даўніны,
Старых святых, а ўсе яны,
Як і суседзі,
Малацілі і веялі
Зярняты спагады, надзеі,
Заклапочаныя, ды не хмурыя
Міколы ды Юр'і,
Варвары ды Аўдакеі.
Хоць да Міколы
Ні зімы, ні лета ніколі.
Нішто, што Варвары
Начы ўварвалі.
Праўда, маме
Шмат чаго не ставала:
Спаць не магла да святла,
На шарэнніку ўставала.
П'янела ад лебяды, ад кропу.
Яшчэ заблытвала
Прагноз гараскопу:
Застаўшыся з вайны ўдавою,
І жаўранкам была,
І савою.