…Гарыць зара без полымя,
І плача конь без голасу…
МАРКОТА
Абнывае нябесная столь,
Зношваецца падлога зямная.
Ды ні ў спякоту,
Ні ў золь
Ніколі не затухае боль,
Які
Маркоту маміну ўспамінае.
Доля гарнулася да святла,
Не задзімаючы зорку-ўсхліпку.
Мама
Боль на душу ўзяла,
Сподзеў тужэй у тугу спавіла,
Маркотай завесіла зыбку.
Мяне калыхала ды ўпотай
Усміхалася
Разам з маркотай.
ТЫМ ДАЎЖЭЙ…
Дні без Мамы –
Яны не твае,
Іх табе напавер дае
Шчодры Бог,
Каб ты перад Мамай
Малітваю шчыраю самай
Пакаяцца мог
За ўсе грахі ды правіны,
Што цягнуць душу на дно.
Ды адно
Ты зразумець павінны –
Чым болей тваіх
Грахоў і правінаў,
Тым даўжэй цябе на зямлі
Бог пакінуў.
Не заікайся і кайся.
Не кажы, што няма калі.
Колькі трывання,
Прасі даравання.
Малі…
СВЯТАМ СВЯНЦОНАЕ
Схілілася нада мной святое,
Святам свянцонае
Маміна слова.
Недзе над Вечаллем,
Над Палатою
Сонца ўзыходзіла светлагалова.
Потым
Душу агарнула журбою
Ды варажбою
Купалава слова,
І наказала застацца сабою,
Каб беларусам –
Абавязкова!
Каб не пакінула
Наская сіла,
Іскры красала
Старанна падкова.
Маміна слова
Мяне пераксціла,
Багаславіла
Купалава слова.
МАЦІ І ХЛЕБ
Вада з балота можа стаць святой.
Растуць спакойна дрэвы на іконы.
I пацалунак безграхоўны той,
Якім цалуем маці й хлеб надзённы.
СУПЕРНІЦА
Гасподняй рукой
З невычэрпнай сяўні
Пасеянае ў бясконцасць зярняце
Прарастае,
Каб ясніць святло дабрыні,
Суперніца смерці —
Маці.
СВЯТЛО
Яны сядзелі каля агню,
Кармілі галодны агонь ламаччам.
I сын раптоўна схапіў галаўню
I торкнуў, гарачую,
Ў вочы матчыны.
Агонь ні на што не зважаў,
Балюючы,
Ды стала светла аслеплай начы
Ад крыку матчынага балючага:
— Сыночак, рукі не абпячы!..
* * *
Маме я не ўсё гаварыў,
Часта клікаў ману на падмогу.
I застаўся адзін,
Як абрыў,
Што здзічэў ад глухога глогу.
Лёс
Апошні адчай падарыў —
Гаварыць шчыра толькі
Богу.
ПЛЕЧНЫ ШЛЯХ
Ёсць Млечны Шлях
І – Плечны Шлях:
У космасе бяды
Матулі
Зярняты неслі ў хатулях
І немаўлят.
І шлях той гнулі
Адчай сляпы, відушчы страх,
І ўсемагутная хвароба.
Шлях Млечны –
Вечны зорны прах.
Шлях Плечны
Няньчыць хлебароба.
ЦЯЖКА
Іспас.
З яблыкамі да мамы.
Яблыкі з саду, які
Перажыў сваю гаспадыню.
Раней за мяне паспела сарока,
Згубіла з хваста пер'іну
На зялёны пакровец вечнай пасцелі.
Ад спёкі погарб бароняць
Прысмірэлыя дрэвы
З апошняе сілы зялёнай.
У сасну суседнюю дзяцел б'е,
Як у чэрап скалелы а неўхаўтураны.
Унізе на пойме падперазанай рэчкай
Перасохлай, як вочы сплаканыя,
Бляе навязаная авечка звяглівая.
Сонца заходзіць збіраецца,
Каб заўтра зноў узыйсці.
Мама зайшла, каб аднойчы ўзыйсці
На аброўе ніцай вярбою.
Магільнік перанасяляецца.
Памінальшчыкі галёкаюць смела,
Нібыта заблуканыя ў лесе
Ягаднікі ці грыбнікі.
У гэтым ляску заблудзіцца цяжка.
Свая прагаліна чакае кожнага.
Ціха. Цярпліва. Спрадвечна.
ПАКІДАЕ...
Паклалі ў шчыры пясок шчыруху.
I галасістая баравіна
На гэты момант як анямела.
Сарока скінуць хацела пуху,
Бо дужа мулкая дамавіна.
Хмурынка цьмела,
Ды слёз не мела.
Радня па бацьку на гэтым свеце
Апошняя
Мяне пакідае.
Даўно няма ўжо радні па маме.
Бяроза светла плача па леце.
Расце імжа,
Як іржа, рудая.
Жуда, як роднага, мяне абдымае...