Выбрать главу
ЭКСПРОМТ
З музея Уладзіміра Караткевіча
Перашалелыя віры Вачэй Аршанскай Веранікі Сказалі: ў нас на дне згары, Мы ўсполымнім пажар вялікі. Відаць, крышылі ваяры На крапіўніцкім полі пікі За ашалелыя віры Вачэй Аршанскай Веранікі.
АЛЬ-        БОМНАЕ
Лістападзіць настрой Драбязінка любая. Мне цябе не хапае, Як каню мурагу. Не тужу, не ўсыхаю, Не іржу, не ўздыхаю, Не здыхаю, Не ведаю сам, Ці кахаю. Ведаю — Без цябе не магу!
КРОПЛЯ
Неразгаданая кропля Нашай зямлі. Крамяная кропля Ўрачыстай зоркі. Закаханая кропля Журботнага вока. Кропля мёду ў вуллі. Кропля дажджавое гаворкі. Кропля кропкі Ў запавеце Прарока. ...Кропля жарсці Зямносцю сваёй незямная Жыццё зачынае.
ЮНАК І...
Лірычны верш — Юнак дзівоснай моцы й Мужчына, Што адчуў сваю бяду, Касмічны сон Усіх зямных эмоцый, Табе на плаху Галаву кладу.
I паўтараю за Пятраркам шчыра,
Душою загавеўшы да Каляд: «Мілосны верш! Пясняр знямог, і ліра Наладжана на самы сумны лад».
БОСАЯ ЗОРКА
Зорка босая йшла па зямлі, Я хацеў ёй купіць чаравічкі, Толькі як згаварыцца, Калі У яе незямныя прывычкі.
Зорка босая йшла па расе, I сьляды яе не астывалі, I вятры слугавалі красе, Халады ад яе адставалі.
Зорка босая йшла нацянькі, Бо спазьніцца баялася дужа, Дзе ступала, цьвілі васількі, Дзе стаяла — ўсьміхалася ружа.
Зорка босая йшла ў тумане Кладкай зыбкай над хітрай вадою, Зорка босая йшла да мяне, Каб аднойчы назвацца табою.
АКТРЫСА
Над сонмам гледачоў Вы сьветла панавалі, Самотнаю душой, суперніца жыцьця. I захлыналі ўсіх пяшчоты Вашай хвалі, I несьлі ў акіян сьвятога забыцьця.
Ад рэўнасьці да Вас сябе губляла мэта, I рэкі ўсе назад да Вашых ног цяклі, I перайначыць лёс валадара й паэта Вы позіркам адным з усьмешкаю маглі.
Згаралі залі ўсе ад воплескаў гарачых, Паклоньнікі ніжэй схіляліся ў журбе. Ігралі каралеў, манашак і жабрачак, Ды так і не змаглі сыграць адну сябе.
АРЫСТАКРАТКА
Лёс мяне сьцежкамі радасьці вёў, Вёў да цябе на спатканьне, Ты — беларуска, ты — нашых краёў, Арыстакратка каханьня.
Гэтак кахаць ад цямна да відна, Гэтак галубіць да раньня Можа ў зьнявераным сьвеце адна Арыстакратка каханьня.
Ты — як пасланьніца сьветлага дня, Поўная замілаваньня, Ты недасяжная, як вышыня, Арыстакратка каханьня.
Панскага роду, натурай ня мніх Я не хачу панаваньня, Быць мне дазволь на паслугах тваіх, Арыстакратка каханьня.
Згодзен кіпець я ў пякельнай смале I не прасіць ратаваньня, Толькі б аднойчы сказала "але" Арыстакратка каханьня.
ВЯСНОВЫ ДЗЕНЬ
Вясновы дзень быў радасьцю даўгі, Ды скарацеў, зрабіўшыся зімовым. Цяпер даўжэе ноч маёй тугі, Яна не падуладная замовам.
Я разумею ноч, а мне яна Не паспрыяе, не паспагадае. Тады было сьвятло, была вясна, Цяпер азябла цемра галадае.
А ўсё таму, што Вас няма са мной. А Вы былі калісьці ці ніколі? Былі маёй зялёнаю вясной, Вясёлаю бярэзінаю ў полі.
Як той бяздушны вецер, я п'янеў, I быў зялёны я ў сваім наіве. Быў добры першы гром і першы гнеў, I першы сьлед на некранутай ніве.
Штоноч даўжэе ноч маёй тугі, Радзей вясновае сьвітаньне сьніцца. Зьвіняць майго адчаю ланцугі. Самота — беспрасьветная цямніца.