ГАСПАДЫНЯ
Я прашуся ў парабкі да Вас,
Гаспадыня зорнага палаца.
Клапаціцца, каб агонь ня згас, —
Незямная і зямная праца.
Ваш палац, ён з мрой маіх аб Вас,
I агонь — пасаг ад бліскавіцы,
Блаславіла Мілавіца час,
Каб палацу шчасьцем засяліцца.
Сподзеў любіць грэцца ля вагню,
Што з нябёс абнізіўся на долы,
Навальніца ўчуе цішыню,
Сам сябе суцішыць сум вясёлы.
Здольны той жыцьцём рызыкаваць,
Хто прыйшоў на сьвет, каб закахацца
Я прашуся ў парабкі да Вас,
Гаспадыня зорнага палаца.
ЗОРКІ НАШЫЯ
Зоркі нашыя ў небе бяз нас
Пазнаёміліся выпадкова.
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Прашапталі спрадвечнае слова.
Зоркі нашыя ў небе бяз нас
Шчырасьцю незямной пакляліся.
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Зазірнулі ў прадонныя высі.
Зоркі нашыя ў небе бяз нас
Весьці нас па зямлі захацелі.
Мы якраз на зямлі ў гэты час
Думалі аб патайным вясельлі.
Зоркі нашыя, толькі б ня згас
Позірк ваш і ў начы, і ў блакіце!
I апошнюю сьцежку для нас
Велікодным сьвятлом асьвяціце.
КАВЯРНЯ
Цыгарэтны туман ападае ў кавярні,
I канкрэтны раман круціць хітры ліхвяр,
Пані трошкі ў гадах, вочы быццам ліхтарні
Тут слугуе туга, тут настрой гаспадар.
Чаркі змову вядуць, захапляюцца плёткі.
Пані трошкі ў гадах і ліхвяр нестары,
I хмялее ліхвяр, і ня лічыць адсоткі,
I штурхаецца жарсьць у людскім гушчары.
Як на шалях маўчыць і пяшчота былая,
Здрада цёмных начэй і спагада завей,
I каменны камін сарамліва палае,
I ўцякае ўспамін ад абдымкаў далей.
Звыклі ўсе да ахвяр у нязвыклай ахвярні,
Чырванець перасталі сырыя муры,
Ашукацца прыйшлі ў непрабуднай кавярні
Пані трошкі ў гадах і ліхвяр нестары.
КЛЮЧЫ АД ВЕЧНАСЦІ
I Танатас, і Эрас заадно.
Не мае літасці стралец крылаты.
А неўміручай смерці памагаты
Рыхтуе ашалелае віно.
Сын Афрадыты ведае даўно —
Не ўберагуць ад стрэл пявучых латы.
У Эраса нястомны лук напяты.
Яно глыбее ў асалоды дно
I Танатас стараецца зацята,
Але кахання не перамагчы.
Для закаханых смерць — скупая плата
За жарсць, якая спапяляе зоры.
У Эраса ад вечнасці ключы.
Лютуе Танатас, на зайздрасць хворы.
КНЯГІНЯ
Княгіня хараства, я верны Ваш халоп,
Капрызаў Вашых неадступны лёкай,
I колькі навальніц ні адгуло б,
Мне не наблізіцца да Вас, далёкай.
Я ведаю, што і ня ведаеце Вы,
Хто ў Вас адну нахабна закаханы,
Хто толькі думкаю аб Вас жывы
I на крыжы мілосьці ўкрыжаваны.
Вы долам, як нябёсамі, йдзяцё,
Каб у прыгнечанай душы сьвітала,
I радуецца, як дзіцё, жыцьцё,
Што на зямлю лагода завітала.
Зірне на Вас — зарок забудзе мніх,
Бяз Вас прыдворня уздыханцаў гіне.
Дык ведайце, што першы сярод іх
Я, Ваш халоп пакорнейшы, Княгіня.
МНЕ Б ТОЛЬКІ...
Мне б толькі не забыцца Вас забыць,
Забыць і вочы Вашы, й рукі Вашы.
I перасьмягламу з глыбокай чашы
Ваду зачараваную ня піць.
Прашу падданства Вашага даўно,
А Вы, як сувярэнная дзяржава,
Мне адмаўляеце, але ласкава —
Мой сподзеў грэе гэтае адно.
Няўжо мой смутак Вас не закране,
Няўжо спагада на мяне не гляне?
Няйначай быць у космасе каханьня
Пылінкай дробнай давядзецца мне.
Я на зіму зьмяніў сваю вясну,
Жыву, пакуль мая журба жывая.
I я на Вас забыцца забываю
I помню Вас, няўмольную, адну.
СПАДАРЫНЯ
Спадарыня, дазвольце пачакаць,
Пакуль на небе ўзыдуць зоркі ў ночы,
Дазвольце папрасіць і Вашы вочы
Да ціхай згоды сьцежку пашукаць.