Выбрать главу
Спадарыня, мне сумна аднаму, Спадарыня, мне аднаму сьцюдзёна. Пра Вас адну я думаю штодзённа, Марнею і ня ведаю чаму.
Бяз Вас нямее жарсьць мая цяпер, Як літары на стомленым граніце, Мяне з увагі Вашай не ганіце, За дзьверы не прасіце мой давер.
Спадарыня, дазвольце не маўчаць, Спадарыня, дазвольце запытацца, Ці можна ў Вас да раніцы застацца, Каб разам дзень наступны прывітаць?
ЧАКАЮ ВАС...
Чакаю Вас, абы паверыць цуду, Чакаю Вас, пакуль адчай ня згас, Чакае вязень так свайго прысуду, Каб волю ўбачыць хоць апошні раз.
Чакаю Вас, абы сябе праверыць, Ці доўга я бяз Вас магу пражыць. Так веташок праз аблачынаў нераць Трымценьнем нерастрачаным дрыжыць.
Чакаю Вас, абы даверыць сподзеў Пад восеньскія позіркі журбы. Так на сустрэчу праз імглу стагоддзяў Ляцелі нашай згоды галубы.
Чакаю Вас, каб зьверыць нецярпеньне З тым часам, што заручыць назаўжды. Настрой пануры так чакае зьмены, Чакае лёд халодны ўздых вады.
ЧОВЕН
А мы з табой, як човен з хваляю, Адзін другога даганяем, То набліжаемся, то далеем, Вітаемся за небакраем.
То хваля лашчыцца, то юшыцца, А човен хвалю працінае.
То завірушна неба рушыцца, То цешыць цішыня начная.
Надвор'е на душы няціхае, Бо мы дасюль не разгадалі, Ці хвалю човен ускалыхвае, Ці човен стрымлівае хваля.
Ад суму сохне, рассыхаецца На беразе самотны човен, I хваля ў роспачы кідаецца Ў вір галавой ад цёмных змовін.
Я ЎСЁ СВАЁ ЖЫЦЬЦЁ...
Я ўсё сваё жыцьцё да Вас ішоў, Але здарожыўся на паўдарозе. I зараз у маркоце і трывозе Хацеў бы ў раньні шлях падацца зноў.
Ды гэты шлях дачасна зьвечарэў, Ён іншых вёў, ён іншым быў кароткі. Сьвяткуючы сваёй самоты ўгодкі, Мой цень туляўся ля бязгнёздых дрэў.
А Вы не дачакаліся мяне, Бо пра мяне ня ведалі нічога. Што Вам мая маркота і трывога? Бо пазнаёміўся я з Вамі ў сьне.
Мы не сустрэнемся — як вастравы, Спагады зорка не ўзышла над намі, Ня фэбуйце хаця маімі снамі, I ў сьне хаця мне вернай будзьце Вы
ЯК ВЕЧАР, СЬВЕЧКА...
Як вечар, сьвечка сьветла дагарае, I мы чакаем, покуль дагарыць, Апошняя хвіліна дарагая Нам дазваляе ўсё дагаварыць.
Нам дазваляе нашае расстаньне Расстацца сёньня, ды не назаўжды, Смуга растане, смутак — не растане, Чакаць нас будуць нашыя гады.
I жыць мы будзем гэтымі гадамі, Што нас сустрэлі сьвятам на зямлі, Ліст жоўты нам пра восень нагадае, Зялёны — пра вясну, ў якой былі.
I вечар дагарыць, і ноч настане, Ды ўжо не наша ноч упершыню. Нясьмелае, як першае каханьне, Сьвітаньне будзе слухаць цішыню.
ЯК СТРАШНА МНЕ НЕ ЎБАЧЫЦЬ ТЫЯ ВОЧЫ...
Як страшна мне ня ўбачыць тыя вочы, Ў якіх плывуць хмурынкі даўніх дзён. I сорам Ваш жаночы і дзявочы Разгубленасьць маю бярэ ў палон.
Сябе, як той агонь патухлы, грэю, Лаўлю з трывогай кожны сумны ўздых, Ці ў водмаладзь іду, а ці старэю, Што хочацца абдымкаў маладых?
Мне Вашага паўслова дастаткова Каб я згубіў развагу і спакой. I галава мая ў пятлю гатова, Разьвязаную Вашаю рукой.
Свой лёс цяпер нялёгка перайначыць. Я хоць надзею кволую тулю. Дазвольце слухаць Вас, дазюльце бачыць, Дазвольце не сьпяшацца у пятлю.
ПРАШУ СПАГАДЫ Ў ВАШАЕ РУКІ...
Прашу спагады ў Вашае рукі — Вясельле мы згуляем баравое, Заручаць нас у небе жаўрукі, I срэбны ложак нам засьцелюць хвоі.
Дагоніць рэха нашу цішыню, I чуткі не абразяць нашу згоду, I закалышуць хмары вышыню, Самота ўспомніць даўнюю лагоду.