Выбрать главу
Успомніце хоць раз таго раўнівага, Што раўнаваў Вас да сябе самой, Успомніце хоць раз таго шчасьлівага, Які навек заручаны з журбой.
МНЕ НЕ ХАПАЕ ВАШАЙ ЦІШЫНІ...
Мне не хапае Вашай цішыні, У якой чуваць, як вейка ападае, Мне не хапае Вашай вышыні, Зь якой зьнікае н.пічка маладая.
Як сьветла зьнічка кленчыла зямлі, Мы на яе набожна загадалі, Пакуль нябёсы нашымі былі, Маўчаць мне Вашы вочы загадалі.
Мне ўпэўненасьці Вашай не стае, Мне не хапае Вашага адчаю, Я забываю на гады свае I ва ўспамінаў сьмеласьць пазычаю.
Сваю нясьмеласьць некалі таіў I мроіў некім, гэта значыць Вамі, З крыніцы свойскай жаўрука паіў, Каб ён зьвінеў над спраўджанымі снамі.
Мне не хапае Вас і толькі Вас, Ручны жаўрук даўно жыве ў блакіце. А Вы мяне ці ўспомнілі хоць раз? Як не лістом, хоць рэхам адкажыце.
ПРАШУ ЦЯБЕ ВЯЛЬМОЖНА, РАЗЬВІТАНЬНЕ...
Прашу цябе вяльможна, разьвітаньне, Не падганяй, шляхі не караці. Яшчэ не падрасло маё каханьне, Яно яшчэ разгубіцца ў жыцьці.
Цябе баіцца першае спатканьне, Яно здалёку да мяне прыйшло, Так зноў грахоў баіцца пакаяньне, Баіцца цемры сьмелае сьвятло.
Малю цябе трывожна, разьвітаньне, Туман начэй заўчасна не разьвей,
Яшчэ маё малее дакараньне I не ахрып сьвітальны салавей.
Цябе баіцца першае маўчаньне, Яно адно пра ўсё сказала мне, Так рук свіх баіцца дакрананьне, Баіцца дол, што хваля захлыне.
Крычу табе астрожна, разьвітаньне, Як зваць маю самоту —. ня пытай. Прыйдзі тады, калі мяне ня стане, I смутак мой са сьветам разьвітай.
ІШЛА НАД ЦІХІМ ЛЕСАМ ПОЎНЯ...
Ішла над ціхім лесам поўня, Расы чакалі верасы, Пад вербамі ў нагрэтым чоўне Дзяўчына мыла валасы.
Яшчэ худзенькімі рукамі Вязала мокрыя вузлом, Усьмешка па вадзе блукала, Хмурынкі возера вязло.
Прасілася ў косы стрыжка, Шаптала з берагам карма, А косак не хапала крышку, Каб дзьве лілеі ўтрымаць.
Ледзь-ледзь хавалі зайздрасьць хвалі, Аж закіпалі ў трысьці, Мяне і човен падмывалі Далёка зь юнай заплысьці.
ВЫ МНЕ ЖЫЦЬЦЁМ I ЗАБЫЦЬЦЁМ БЫЛІ...
Вы мне жыцьцём і забыцьцём былі, I першым, і апошнім спадзяваньнем. За Вамі я ішоў на край зямлі, На выспу сноў, што звалася каханьнем
За Вамі йшоў, і Вы мяне вялі Па сьцежках роспачы і ўратаваньня, I я ня ведаў, скончыцца калі З жаданымі пакутамі блуканьне.
Я адставаў, я Вас дагнаць хацеў, Нясьмелы ў ранішніх сваіх намерах, Рака тугі цякла, і ўсё круцеў З агеньчыкам мальбы чаканы бераг.
У шчырасьць нябыцьця рака ўцячэ, Сябе саміх дагнаць не змогуць хвалі, Ня ведаю — ці будзеце яшчэ, Ды дзякуй, што былі і што кахалі.
ВЫ ЗБЛЫТАЛІ МЯНЕ СА МНОЙ...
Вы зблыталі мяне са мной... Абраны Вамі ў гэтай зале Не столькі я, а болей той, Каго Вы некалі кахалі.
Я Вашай нагадаў журбе, Што хвалі човен ашукалі, I нагадаў я сам сабе Таго, каго Вы не кахалі.
Усё пад небам — варажба, Усіх прымае сьвет варожа, У кожнага свая журба, Мы іх і пазнаёмім, можа.
Сьмяецца рэдка лёс-айчым, З чужой бяды ён кпіць ахвочы, А мы пяшчотна памаўчым — Няхай гавораць нашы вочы.
Я ДА ЦЯБЕ ХАЧУ ЛЯЦЕЦЬ ЯК СЬНЕГ...
Я да цябе хачу ляцець як сьнег, Але скажы: што будзе, як растану? Зьбянтэжыць можа твой сьпякотны сьмех Маю непрашаптаную пашану.
Хачу імчаць на быстрым скакуне, Але скажы: дзе табуны начуюць? Я б вецер асядлаў, каб вёз мяне, Ды табуны вятроў мяне не чуюць.
Хачу на чоўне да цябе плысьці, Але скажы: калі ў ракі ймяніны? Лёд на вадзе, а берагам брысьці — Марудна прывыкаюць успаміны.