Выбрать главу
Цвердалоба, Зірката, Зацята Смелы страх Пазірае на ката.
РАСЦЕ
Жыццё — надзейная рызыка. У страха характар воўчы. Гляджу, Як у рыжага Рысіка Дарослымі робяцца вочы.
Вачам па-кашэчы рагочацца, Не зважаючы ні на кога. А мне ў іх убачыць хочацца На печы сябе малога...
МЛЫН
Галавы заінелай прысталі жорны, Прытупіліся памяці камяні. Ачарсцвеў ужо Бохан клопату чорны, Хочацца праснака цішыні.
Як на кухан настрою Натрэсці пытлю, Шыю скруціў сабе Рупнасці млён.
Пачынае здавацца, Што жыў нібыта, Што дазволіў З сабой пазнаёміцца Плён…
СМЯЛЕЙ
Усё, як першы і апошні раз, – Відушчы дождж, сляпая завіруха, На пашы вол, У небе Валапас, І самазадаволеная скруха.
І ты, Які на гэты свет прыйшоў Здзівіцца ды пачціва развітацца, Не першы й не апошні з прыбышоў, Сабе самому здрадлівы дарадца.
Падзякуй мураве і мурашу, Што будуць варушыцца над табою, Смялей на волю выпусці душу, Каб стала ўрэшце Радасна да болю…
ЧАРГА
Рака ўспамінаў ілам заплывае, Прынесеным імгненнямі кароткімі. Не спыніцца, Пакуль зямля трывае, Чарга На сустрэчу з продкамі.
ЦІ ЁСЦЬ?..
Цікаўнасць, Трымаючы ўсё на прыкмеце, Пытаецца ў вечара з-за спіны, Ці ёсць у пані Вечнасці дзеці. Як ёсць, Дык якія і хто яны?
ХАТНІК
Да валуна ўтрапення хінуся, Знямелага ў беспрабуддзі. Васіль Быў хатнікам Беларусі. А хатнікі паміраюць, Як людзі...
ЖУРБОТНА...
Няшчадны лёс Дамалаціў гадоў калоссе, Каб словазерні прараслі ў вякі. I там над Васілём Журботна занялося Сузор'е звечарэлых хат Бычкі...
ЗЯЗЮЛЬКА
З бароў вушацкіх, Што зрабілі лядамі, Апошняя зязюлька баравая Над братам убіваецца, кукуе. Прыбітая і горам, і спагадамі Як толькі шчырая душа трывае. Анёле крэўнасці, Падай руку ёй...
ПАДНЯВОЛЬНІЦА
Лёс кроіць бохан скупымі акрайцамі. Жыццё, Выкрадаючы ў вечнасці дні, Прыземіць клапотамі ўпарта стараецца Душу — Паднявольніцу вышыні.
ПЯЦІЗОРКАВАСЦЬ
Гарох гаркоты, Боб спакоры пералушчаны. Гул выкрыкаў адгуў, Шал выбрыкаў адбрыкаў. Пяць зорак каньяку Упартай Беларушчыны — Купала, Багдановіч, Колас, Караткевіч, Быкаў.
КАБ САГРЭЦЦА...
Світанне і змярканне Хмураць бровы. Аб лоб нябёс Пытанне хмарай трэцца, Ці гэта людзі — Маладыя дровы, Якія вечнасць паліць, Каб сагрэцца?
ЗАСТАЦЦА...
Пражыць сваё ў жыцці — Адказнае мастацтва: Адкуль прыйшоў, Пайсці, А на зямлі застацца.
НАСТРОЙ
Дрэва ростані абрастае карой. У хаце чакання імшэюць сценьі. Адвячорак, Як Васілёў настрой, — Руплівы, мройліва задуменны.
ЯК І Ў БЫЧКАХ...
Бараніць Радзіму на радзіме. Гадаваць журбу сваю ў выгнанні. I вітаць, як і ў Бычках, у Рыме Лістападаўскае ліставанне...
ВАЧЫСТА...
Абыйшла душа мясціны ўсе, Дзе пакутавала, дзе трывала, Дзе сабе шчымлівасць даравала, Кволы сум даверыўшы красе. За душой вачыста сорак дзён След у след ступаў вячысты кон...