Выбрать главу
І голас прарэзаўся з нематы, І сілу ўзгадала бяссілле. З наўколля ўсяго сабакі й каты Завылі ды загаласілі.
Абабегчы кожны ўзгорак і лог Рэху хапіла хвілінаў. І злітаваўся над жывацінамі Бог, І колас апошні пакінуў.
Не зважыць той колас бясконцасць сама – Не стане зорных бязменаў. На сцябліне, дзе былі каласы, нездарма Засталося дванаццаць каленаў.
Ці спіць цішыня, Ці прачнецца гром, – Не мусім забыцца ніколі, Што мы на гэтым свеце жывём На сабачай І на кацінай долі…
ЁСЦЬ!
Ёсць душа і ў вераб’я. А душа, яна такая, Што ў яе журба ўцякае З маладога ручая.
Маладога ад вады, Перакшчонай перунамі, Дзе нервуюць невады Вадзянік з зялёнай паннай.
Глушыць гул млыны віроў, Змора змроку патакае. І журба з душы ўцякае Да зялёных вечароў.
НЕЛЬГА…
Хрэснікі маланак утрапёных – Думаюць захмарна валуны. Згорбіліся спіны даўніны. Першасэнс заблытаўся ў імёнах.
Зоры пазіраюць па-зямляцку, Як на доле зябкавата снам. Ані валунам, ні перунам Нельга ісціну застаць знянацку.
САКРЭТЫ НАСТРОЮ
Заслаўе прыцішанае. Рыцарскія турніры. Адвячорак, як пратакол, сухі. Апантанец крывіцкае доблесці шчыры, Быў я не дзідамі ўражаны. Конскія кацяхі Сагрэлі настрой мой, У маленства вярнулі I ў шаленства, Дзе адпрыроднае ўсё было...
Па-гаспадарску спакойныя У трэскаце й гуле Кацяхі Зялёнае выпраменьвалі святло.
ЖЫВУЦЬ!
Пётру Кухарскаму
Жывуць, пакуль і х помняць, I таму, Хто іх не выракся, дапамагаюць Паганскія багі I ўсю гурму Прыкмет і прымхаў За сабой цягаюць, Як немаўлят, Заплеччу ў хатулях Нясуць, Гарбацячы ўракліва цені. Зайздросліва глядзяць На іхны шлях Прыземленыя нашыя трымценні. Агонь, вада, I рунь, і гавяда Пад іх прыглядам Ад маленства свету. Слухмяніцца і радасць, і бяда Багам паганскім — Ключарам сакрэту.
ВЕРАСНЁЎСКАЙ ВЯСНЕ
Не шкадуе табе святла Сама ягамосць мілосць, Покуль жарсны жар не астудзіш, Дзякуй тваёй цікаўнасці, Што ты была, Дзякуй супадзенню, Што ёсць, Дзякуй разгубленасці, Што будзеш!
СЯСТРА
У Бліскавіцы не было сястры, I бацьку Перуна яна прасіла, Калі ягоная не счэзла сіла, Каб доўжыць род парупіўся стары. Нябесныя дрыжэлі хутары. Па цуду навальніца галасіла. Пад цёмным сэрцам ноч дачку насіла. Цякла жывіца па шчацэ ў кары.
I ўраз сарочка неба затрашчэла. I Перунова меншая дачка Не захацела вогненнае цела Хаваць у воблачнае ахінала. I нарачонкаю Маладзічка Назвацца Бліскавіца пажадала.
САЛЯМ! ЧАЛОМ!
Над небам мячэці маладзічок Займаецца колькі стагоддзяў. Нібыта адкінуты ўздыхам кручок З дзвярэй, Каб блуканец заходзіў У храм, Дзе яго падпяража Алах З карана суровай сурою. Блуканец імя сваё Знойдзе ў імглах I ўмые зарою сырою.
I роспач сляпая захоча вячэць I сподзеў не ўпусціць Свой шанец.
I будзе пакутна Глядзець на мячэць Апошні крывіцкі паганец...
ВЯДЗЬМАРСКІ ТРЫПЦІХ

Пётру Кухарскаму

I.
Пярсцёнак ведзьмара негаваркі — Жывы ліхтар відушчае рукі, Што бачыць пад зямлёй I праз вякі Забыты клад і клопат незабыты.