Радаўніца...
Рада ніца чало
Нахінуцца ля ціхага ўзгорка,
Дзе палын прачынаецца горка,
Дзе самоту ўбакі павяло.
Радаўніца...
Радавод нагадаць
Пра сябе не забудзе маўкліва.
Жорны хмараў
Срабрыстага мліва
Просіць змрок на душу нагайдаць,
Радаўніца...
Радавод даўніну
Цёмнымі апаўе каранямі.
Цень забытай душы акрыяе,
Абапершыся аб труну...
ТРЫМАЕМСЯ...
Спачатку поўняю,
Як караваем,
Жыццё сустрэне шчодра,
А затым
Акрайчык ветаха за небакраем
Паабяцаны будзе,
Ды не ўсім.
Пралескі зорак,
Позірк апрамецця
Прыцемрыць вечарова
Сіні дым.
Тым і трымаемся
На гэтым свеце,
Што хочам жыць па-новаму
На тым...
НЕПАДУЛАДНЫ
Непадуладны той касе,
Якая ўсё жывое косіць,
Цярпліва час сябе нясе,
Нікога памагаць не просіць,
Ані сяброў, ані радні
Няма ў разважлівага часу.
На спадкаемца цішыні
Трывога пазірае ласа.
I сам сабе смяецца час,
I сам сваё кунежыць гора.
Не выстаўляе на паказ
Сваю знямогу непакора.
ДАМАЎЛЯЮЦЦА...
З галінаў памяці
Ападае лістота імёнаў
Сяброў і знаёмых.
Толькі імёны крэўных
Балюча трымцяць
На галіне душы.
Гэта яны дамаўляюцца
З нябёсамі летуценнымі
I не пускаюць радаводнае дрэва
Расці ў зямлю,
Да часу...
НА ХУТАРЫ...
На хутары настрою
Дасюль іх трое —
Мама Куліна,
Баба Малання,
Кот Мірон.
Кожная хвіліна
З вечара да рання
Спяшаецца пад небазвон
Затуліцца,
Каб не замгліцца,
Уцячы ад часовасці.
На хутары,
Імя якога ціхутка
Рэха
Па складах вымаўляе:
Ве-
ра-
со-
вач-
ка...
ШУКАЦЬ...
Непадуладная нікому
З усіх дарог, з усіх трывог
Душа вярнулася дадому
На свой мурог,
На той парог,
Які хацелася калісьці
Пераступіць што найхутчэй.
Сцяжынкі хітрыя кляліся,
Што адвядуць ад злых вачэй.
А прывялі ў сляпую зваду,
У палахлівую ману.
I ўпасці ў ногі далягляду
Адчай дазволіў валуну.
Адолеўшы зямную стому,
Пачуўшы сум захмарных стром,
Душа вярнулася дадому
Шукаць,
Куды ён дзеўся, дом?..
НАПЭЎНА
Я, напэўна, апошні,
Хто моліцца слову,
Як ссівелы паганец
Жывому агню.
З ветру звітыя
Весніцы я зачыню,
Каб спрыялася поціху
Цёмнаму лову.
Каб святлелася ўдачы
У сквапнай начы,
Дзе агонь пераемнасці
Не затухае.
А душа чуе ўсё,
Як і ноч неглухая.
I палаюць смаліста
Сузор'яў карчы.
ВЯРТАЕМ...
З дрэва прывіднасці лісты
Тое й робім,
Што аблятаем.
Прашаптаныя з нематы
Мы сябе ў немату вяртаем.
Час не хоча нас заўважаць,
Хоць вядзе ён
Адлік свой намі.
I турботы нашы ляжаць
Прыдарожнымі валунамі.
Туманамі стане куцця.
Кожнай скрусе трэба старацца,
Каб у памяці забыцця
Хоць няпэўным гукам застацца...
НАКАНАВАНА
Родныя — значыць
З нязводнага роду.
Крэўныя — значыць
Адное крыві.
Зводзіцца род мой,
Радзее штогоду,
Кроў не стрымаеш,
Як ні нараві.
Рэха дагнаць
Не даручыш нікому,
Сном, як віном,
Не напоўніш глякі.
Наканавана дрэву старому
Сохнуць на беразе
Збеглай ракі...
БАЦЬКА Й СЫНЫ
Двух варанят нёс воран на спіне.
І ў аднаго спытаўся на аблуду:
– Ці будзеш так і ў старасці мяне
Насіць?
І той пракумкаў:
– Тата, буду.
І воран скінуў варанятка з неба.
Перш чым адказваць,
Добра думаць трэба.