Выбрать главу
ПЕСНЯ СЁМАЯ
Азірніся, азірніся ты, Суламіта, Азірніся – дай успомніць прыгажосць забытую. Што ваш позірк гэтак пасвіць Суламіту, Манаімскі карагод яна нібыта? Ногі гожыя твае абутыя ў сандалы, Панавітая дачка пяшчоты й шалу. Сцёгнаў тваіх круглавітасць – Гэта цупкія каралі, Якія рукі кудзейніка ўмелага выкруглялі. Жывот твой – круглая чара, У якой не пакажа ніколі дно Пахучае ды п’янкое віно. Чарэва тваё – спякотны сумёт пшаніцы, Аздоблены лілеямі ніцымі. Два саскі твае, два сойчыкі, – як казляняткі, Пудлівай сарны блізняткі. Шыя твая – як слуп са слановае косці, Велічны ў сваёй высакосці. Вочы твае – азерцы Гэшбонскія, У якіх глыбініцца брама рашучая Батрабіму, Смуткам захмарыць яе немагчыма. Нос твой – вежа Лібанская, Што павярнулася, каб паказацца Дамаску. Галава твая на табе – як Карміл, Валасы на тваёй галаве – Пурпур, дзе полымя агніста жыве, Каб світаў небасхіл. І цар на троне У сукраў тваіх у палоне. Якая зграбная ты, якая прывабная, Якая ты гожая сваёй ахарошаю. Падобны да пальмы стан гэты гонкі, І грудзі твае – як вінаградныя гронкі. Падумаў: я ўзлезці на пальму павінны І ўчупіцца ёй у галіны. І грудзі твае будуць гронкамі вінаграду, І пах ад ноздраў тваіх, Як ад яблыкаў, на прынаду. Вусны твае – Як адменнейшае віно, І цячэ яно да сябра майго спакусна, Стомленыя салодзячы вусны. Як звону званіца, Належу я сябру вернаму, І да мяне жаданне ягонае звернута. Хадзі, мой каханы, пойдзем у поле, Абначуем на волі ў сёлах вясёлых. Раннім раннем пойдзем у вінаграднікі, глянем, Ці распусцілася лаза вінаградная, Ці лопнулі пупышкі палахлівыя, Ці цветам радуюць яблыні гранатовыя. Там кунежыць цябе гатова я. Мандрагоры ўжо не ўтрымалі свой пах малады, І ля кожнае брамы ўсялякія харашэюць плады, Новыя а старыя, а іх нямала, Гэта я табе, каханы мой, захавала.
ПЕСНЯ ВОСЬМАЯ
О калі б ты быў мне за брата, Якога маці мая сваімі грудзьмі сасіла, Я б, сустрэўшы цябе на вуліцы, невінавата Цалавала б і да сэрца туліла, І мяне б не папракалі зацята. Павяла б я цябе, Прывяла б да матулі маёй у дом, Я паіла б цябе пахучым віном, Яблыкаў маіх гранатовым сокам, Каб п’янеў няўрокам. На лявіцы ягонае галава мая, А правіца бяссоная мяне абдымае. Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, Не будзіце, не турбуйце каханую, Самой лагодай прыспаную. Хто гэта ад пустэльні ўзыходзіць, З небам высока раячыся, На свайго каханага ўзіраючыся? Пад яблыняй я цябе разбудзіла: Там цябе маці твая нарадзіла, Там цябе нарадзіўца твая нарадзіла на дзіва. Пакладзі мяне на сэрца сваё, як пячаць, На руку сваю пакладзі – прыручаць, Бо моцная, як смерць, мілосць, Лютая, як апрамецце, зайздросць. Стрэлы ў мілосці – агнявітыя стрэлы, Яна – тое полымя, Што перашкоды нідзе не сустрэла. Вялікія воды загасіць не могуць Мілосці тае, І рэкі не заліюць яе. Калі б хто даваў за мілосць Багацце ўсё, што ў доме ягоным ёсць, З рашучасцю ўпартаю Ён адрынуты быў бы з пагардаю. Сястра ў нас малая, Яна яшчэ саскоў не мае. Што рабіцімем з нашай сястрою, Калі будуць сватацца да яе не парою? Калі б яна была сцяна, Дык, не шкадуючы ні дзён, ні працы, Пабудавалі б мы на ёй Са срэбра палацы. Калі б яна была дзверы – Кедровымі дошкамі абшалявалі б яе да меры. Я – сцяна, і ў мяне саскі, як вежы, Таму ў вачох ягоных буду поўнатаю хацежы. Вінагараднік меў Саламон у Ваал-Гамоне, Ён здаваў вінаграднік гэты вартаўнікам. І кожны з вартаўнікоў тады Меў даваць тысячу срэбнікаў за плады. А мой вінаграднік у мяне пры сабе. Тысяча хай табе, Саламоне, А дзвесце – ім, што праз гады І ў яснадзень і ў сутонне сцерагуць плады. Жыхарка садоў! Сябры цешацца з голасу твайго, Дай і мне паслухаць яго. Барздзі, мой каханы, мой сон бясхмарны, Будзь падобны да сарны Ці да маладога аленя, Бяжы наперадзе свайго ценю Па горах сaмых бальзамавых.