Выбрать главу
ПРАПАЖА
Похапкам паліць Пярун Лучыну нервовую бліскавіцаў, Каб у цемрачы адшукаць Пярсцёнак, Які прымяраў на мезінчык. А той пакаціўся Круглы, Як рэха, У далёкае некуды. Пярун толькі бачыць, Як бліскаюць Босыя пяткі дажджу... А ён зніцелы, худы Уцякае куды? Што шукае?
ДАДОМУ
Вяртаюць халады душу дадому Пад столь, дзе ад калыскі цень жывы. Дзе, стому не даверыўшы нікому, Сон падрамаць плыве на паплавы. Дзе аніпадлеглы духу злому Сумуе па лістах на Пакравы. Князь Хатнік — костка ў горле духу злому — Грамнічных траў набраў у рукавы.
Бадзёрай памяць робяць халады. Ёй даспадобы разамлець ад спёкі, Золь смокча соты дроў з сырой грады. Асеў з грахамі асачысты стог. Маўчаць у задуменнасці аблокі. Ці словы маміны, што ўчуцьме Бог?
АДХІНУЦЬ НЕБАКРАЙ...
У каменяломнях мазгоў Думка блукаць пачынае Упоцемку без ліхтара. А сцені паганскіх багоў Даплываюць у заўтра чаўнамі, Падахвочваючы штукара Адхінуць небакрай. Каб адчуць халадэчу спрадвечча I глыбіню цішыні. Толькі пякучы адчай Звар'яцелай зоркі трапеча Беспрабудна ў бяспаМяцця На далані...
ПАЛЫНОВЫЯ САНЕТЫ
* * *
Усё жыццё, як дзень адзін, прайшло. Усё, што мучыла і хвалявала, Перагарэла, ўціхлася трывала. З цямніцы цені выйшлі на святло. Таіць свой позірк перастала зло. Змяя спакусы прыхавала джала. Старацца лёсу засталося мала. І паскупела ў шчодрасці кубло.
Спагады палахлівыя галіны Дрыжаць і ахінаюць цішыню. Даўно паразумеліся правіны. Смялее страх, як цёмнае пытанне. Ды падстаўляе радасць даланю Пад лівень сонечны на развітанне.
* * *
Магіла — прагавітае вакно, З якога цемра з крыўдай пазірае. I раіць адпачыць зямля сырая, Дзе жаль намацвае ў прадонні дно. Каго прымаць, магіле ўсё адно. Яна — як сенцы ціхай хаты з краю, Дзе свой адчай надзея дакарае, Спавітая ў нябеснае радно.
Пакуль дарэмна даганяеш дні, Самотная цябе чакае й цяміць, Што немагчыма абмінуць яе, Што сэнс жывы ў халоднай глыбіні, Што над грудком нямым сівее памяць, Што кожнаму свайго вакна стае.
* * *
Руіны – напаміны даўніны, З якой даўнеем яваю і снамі. Руіны нас былых заўсёды з намі. Маўчаць, аглухлыя ад гаманы. Мы, і ў гурме забытыя, адны Руінімся згарбела курганамі. Начэюць нашы мроі груганамі, Што прыляцелі з золкай стараны.
У крылаў забыцця хапае прагі. У крылаў памяці слабее ўзмах. Сябе ахвотна паўтараюць сагі. Віною прысягае грэх нявінны. Старэюць, гледзячы на новы гмах, За вечнасць маладзейшыя руіны.
* * *
Не ад самоты пасівеў палын, Яго сівое полымя спаліла. Гаркоты неразведзеная сіла Настоіць сум завоблачных далін. Вяртае палыновы пах з чужын На сцежку, што сляды хадзіць вучыла, Дзе вербіна нагнулася пахіла, Каб цень паслаць знямозе на спачын.
Сівеюць валуны і завірухі. Сівеюць Млечны і нявечны шлях. Сівыя крушні крушацца ад скрухі. Міжволі далячынь гарчыць пакорай. Абнашчаны ўсяго зямнога прах Галінкай палыноваю бадзёрай.
* * *
Вярнуць у незабытае сябе, Забыцца на трымценне, на пакуты. Пазнаць нанова кожны гук пачуты. І быць абдзеленым на той дзяльбе, Дзе доля дзеліць зерне на сяўбе. Глынуць саманадзеянай атруты. Так захмялець, каб траўнем здаўся люты, І недавер даверыць варажбе.
Але вяртанне кпіць з сябе самога. Чаканне зачакалася дарма. Сустрэць блуканца выбегла дарога, Ды заблудзіла ў сне за небасхілам. І ты адчуеш, што цябе няма Там, дзе туман астыў салодкім пылам.