Выбрать главу
Што з вулічнай звязаўся, як вяльможа, Паэт сябе й паэзію кляне, Ды слабіну сваю не пераможа. Ад славы камянеюць вершаробы. Зірні наўкол – валун пры валуне. Жыццё ад смутку гіне без хваробы.
* * *
І зразумееш на чужых вятрах, Што толькі дома ты і быў адзіны. Цяпер, як гук забытае лаціны, Наводзіш на сябе самога страх. Жывеш ужо ні дома, ні ў гасцях, Узгадваючы родныя мясціны, Адкуль прыходзяць чорныя вясціны. Там засяляюць могілкі прасцяг.
Пра ўсё, што мелася ў жыцці адбыцца, Лёс напісаў калісьці на пяску. Даўно пісьмёны змыла навальніца. Адзін туды зрабіўся шлях кароткі, Дзе, на спачын прылёгшы неўзнаку, Цябе цярплівыя чакаюць продкі.
* * *
I ўсе былі табой і не табой. Адна ты разумела адмыслова, Што цяжка паўтарыцца слова ў слова I нельга цень свой засланіць сабой. Я чуў твой голас цёмнаю парой, Я сустракаў твой позірк выпадкова. I ў кожнай не табе абавязкова Шукаў не абяцаны мне спакой.
Мне б толькі ў поўні выпытаць сакрэты. Мне б ведаць, што мой сон не існаваў, Не верыць, што чакаеш не мяне ты, Пакуль марудна ліставей гартаю. Цябе, што сам сабе наканаваў, Ужо, напэўна, так і не спаткаю.
* * *
Жыццё пылінку вечнасці сваёй Пазычыць пад настрой, але адразу Цярпець прымусіць крыўду і абразу, Вярнуць пазыку хочучы з ліхвой. Хвароба ходзіць лекаркай глухой, Пра што ні запытай, не дасць адказу. І ў злой залеве не знайшоўшы лазу, Стаяцьмеш пад дзюраваю страхой.
Пакора працавітая, нямая Спяшаецца ў гасподу небыцця. У доўг зямля жывое ўсё трымае. Трасецца над адсоткамі мяняла. Нябожчыка хаваюць ад жыцця, Каб больш яно свой доўг не спаганяла.
* * *
Звінеў, як посуд, местачковы люд, Хто йшоў, хто бег, нібы ўхапіўшы жару. Мястэчка не бывае без базару, Дзе клопат счэша ўсім бакі, як склюд. I прадаваўся тут і цуд і ўпуд. Хапала воку рознага тавару. Вяртаўся адзінец дадому ўпару. I на фунты шчадрэў скупечьі пуд.
Як снег, рублі навенькія хрумсцелі. Нясмела пазяхалі Медзякі. Як морква-каратЭлька, карацёлі Дні ў маладзіц, якія прадавалі Усмешкі лета з лёгкае рукі I цяжка безбацькоўцаў гадавалі.
* * *
Былі сярпы вясёлыя ў жніва. Як Млечны Шлях, іржысцілася ніва. І туманоў старых начное сніва Разгадвалася раніцай знава. Хацела быць зялёнаю трава. А быльнягова ўжо сівела грыва. І перапёлку слухала раўніва Жняя жыгучая, што крапіва.
Усмак нагасцяваўшыся ў прылецці, Далёкае ад страт зямных і звад, Глядзела неба, як жыруюць клеці. Сноп, жніўнай песняю падперазаны, І пузацеў, і вусацеў, як сват, Ад рупатлівай ласкі і пашаны.
* * *
На згадку палыновы свой санет, Унучка Дамінічка дарагая, Пішу табе. I ўсмешка дагарае, I карацее сцежка ў гэты свет. Пачаў баяцца сноў і ўсіх прыкмет, Пакуль цікуе самая благая. Хай дамавік твой страх аберагае, Каб воўк не наступіў табе на след.
Мне маладзіць душу твой выгук: дзедзя! За шчырасцю старэць няма калі. Бо старасць пешкі йдзе, а клопат едзе. Цяжэе за спіной з гадамі клунак. Ды затрымацца трэба на зямлі, Калі паслала неба падарунак.
* * *
А мне й дагэтуль кожнаю зімой Чуваць ахрыплы голас крыгалому, Бо ён не хоча даручыць нікому Вясціну, што настрой сагрэе мой. Трашчыць сарока п’янаю кумой. Праталінам таіць няўзмогу стому. Сцяжынка сохне з гора, збегшы з дому, Бяжыць і дзівіцца сабе самой.
Як хмары, крыгі крышацца сцюдзёна. Як буталь, б’ецца крумкачовы крум. У пеўня чуб, нібыта ў маладзёна. Хутчэй разводдзю хочацца разліцца. Плячмі здранцвелымі варушыць рум. Рака зіму трымае, як капліца.