Выбрать главу

Псальмы

* * *

Я выйшаў насустрач чужынцу,

і ён пракляў мяне ідаламі сваімі.

Псальм 150:6
Чужыя ідалы халодныя – Аж сцюжаю душу скрабе. Чужыя ідалы галодныя – Усё ядуць як не ў сябе.
Чужыя ідалы ядвабныя, Дзе ў вабнасці стаіўся яд. Чужыя ідалы, як вапнаю, Пабеляць здрадай шэры сад.
На гонях родных Рунь рунейшая. Свой страх тужэй ратугу ўе. Хай у радне, Таму й раднейшыя Бываюць ідалы свае...

* * *

Усюды ходзяць бязбожныя, калі

нікчэмнасць з сыноў чалавечых узвысілася.

Псальм 11:9
На ўсё стае бязбожных, Бо яны Жывуць, каб толькі Жыць валадарамі, І д’яблавымі цешыцца дарамі, Пакуль у пугу вераць табуны. На ўсё стае бязбожных, Бо яны Стараюцца сябе зрабіць багамі. І ў Божым храме Хам крычыць у хаме, Павагу й зайздрасць Мае да маны. На ўсё стае бязбожных, Бо без іх, Відаць, было б і небу сумнавата. І ціхі кат за брата лічыць ката. І вечны грэх На ўсё глядзіць, як мніх. На ўсё стае бязбожных, Бо праз іх Нікчэмнасць узвышаецца пыхліва. І пустазеліцца людская ніва, А не ўцячы ёй Ад сярпоў тупых.

* * *

Вусны ўзносяць да неба – а іхны

язык па зямлі валачэцца.

Псальм 72:9
У вуснаў ёсць дамова з языком. Пра гэта змоўчыць цішыня нямая. Язык трымацца мусіць пад замком, А неспасціжны ключ душа трымае. Бо вусны – вусце думкі, Што сама На выйсце просіць у душы дазволу. На думку кратаў і замкоў няма. Бянтэжыць думка ерась і крамолу. Душа – гняздоўе Прыцемку й святла. Хто ўзважыць, Што ў душы пераважае? Не раз палону тлен перажыла Душа. Яна й твая табе чужая. Часовыя, Не ведаем, калі Душа пакіне нас, Як думка высі. Але язык не вінен па зямлі, Як пуга пастухова, валачыся...

* * *

Бо не ад усходу і не ад захаду

і не ад пустыні ўзвышэнне...

Псальм 74:7
Не ўзвышэнне сябе самога, А ўзвышэнне з самога сябе – Непадсільная перамога У няскончанай барацьбе. Не ў дагоду Сцежка з усходу, А ў халодную ноч вядзе. Захад захады робіць, Выгоду Выглядае сабе кагадзе. І спякотны вецер з пустыні Не асушыць слёзы з вачэй. Дол нагрэецца ды астыне. Разбаліцца боль балючэй. Над забытасцю, над імшою, Над прадоннем цёмнай маны, Над спустыненаю душою Мусіць голас узвысіць Нямы. Мелкія ў суцяшэння кішэні, Хто не клаў у іх, той дастае. Узвышаймася. Бо на ўзвышэнне Вышыні ў нябёсаў стае!

* * *

Я зрабіўся як сыч у руінах…

Псальм 101:7
Руйнуе нявечнае час – Усё, што з граніту ці з гліны. Руйнуе сівыя руіны, Трымае нібы напаказ.
І людзі, І птушкі, й звяры – Жывыя руіны руінаў. Пакінуў іх Бог для ўспамінаў Пра страчаны рай да пары.
Высока сябе несучы, Сплываюць вякі ды аблокі. І страх, Быццам сыч вірлавокі, Турбуе руіны начы.