Выбрать главу

* * *

Сонца ведае свой захад.

Псальм 103:19
Дні на зямлі твае Як дзень адзін. Калі ён скончыцца – Ніхто не скажа. Ты знікнеш – Не заўважыцца прапажа. Рацэ няўцям, Як шмат растала льдзін.
Твой цень апошні Цемра ахіне. І ўжо не зразумееш, Дзе ты, хто ты, І ад цябе ў маўклівай старане Адступяцца надзённыя турботы.
Пакуль твой дзень, Старайся ўсё паспець, Бо дарабляць не вернешся, Магчыма. Пакуль заход Яшчэ не хоча цьмець, Кон пазірае добрымі вачыма.
І сонца – Служка боскай мілаты – Стараецца шчырэй Разліць лагоду. Яно свой захад ведае, А ты Не ведаеш ні захаду, ні ўсходу.

* * *

Каб пачуць стогны вязняў…

Псальм 101:21
Вязні – як вузялкі На вяроўцы пакуты. Не парвецца ў ратужнай вяроўкі Цярпенне. Будуць небам Нявінныя стогны пачуты. Душы праведных Знойдуць сцяжыну збавення. Шыю катаву, Як маладая каханка, Абаўе непаслабна Вяроўка старая. Стануць цені ахвяраў Ля вечнага ганка. Хто нявінных гняце, Тога Бог пакарае. Стогны вязняў Да сэрца прымае цямніца. Ды ў няволі каменнай Каменная воля. Стогну вязняў І здрада, і ўлада баіцца. Ў нетутэйшага дрэва Згінаецца голле.

* * *

Ці на неба ўзыду – Ты там;

ці сыду ў апраметную – і там Ты.

Псальм 138:8
Ты са мною І ў радасці, і ў бядзе, І ў сумятнi віратлівай, І ў цярплівай маркоце. Тваё павадырства Па свеце вядзе, Ты крылле, як ластаўцы, Даеш душы на адлёце. Ты са мной, Каб не быў я ў самоце нідзе. Ласка Твая маладая Ад знянацкай надзеі. Кара Твая відушчая ведае, Дзе Жыве дабрыня, Дзе ліха лішаць ліхадзеі.
Я да скону ў палоне Тваім, І пасля Папрашуся застацца У вечным палоне душою. Я з Табою, Пакуль мяне носіць зямля. І калі перастану быць, Застануся з Табою.

* * *

Праўда пойдзе перад Ім,

і на дарогу паставіць свае ступакі.

Псальм 84:14
Праўда ўперадзе Не павадыркаю ходзіць. На дарогу стаўляе свае ступакі, Па якой перад ёю ступалі вякі. Праўда тое, што неба схавала, Знаходзіць. Хоць з наўпростай дарогі Смяецца крывая, Праўда ходзіць Наўпростай дарогай здаўна. Як і мы, Праўда ходзіць пад Богам, Яна, Як і мы за яе, За нясхібнасць трывае. Праўда йдзе па зямлі, Дзе сумёціцца смецце, Дзе за ёй неадступна Цікуе мана. Не прывыкла сябе Вінаваціць віна. Верыць ноч, Што яе апраўдае дасвецце.

* * *

Хто з плачу нясе насенне,

вернецца з радасцю,

несучы снапы свае.

Псальм 125:6
Зерне плачу рунее, Каб спела Зазвінець смелаю збажыной. Толькі тое, Што доўга зімела, Не нацешыцца доўга вясной.
І на памяці поля снапамі Засмяецца ўраджай, Як багач. Покуль густа снягі не напалі, След вятроў даганяціме плач.
І савецьме дакука савою, Што аблётала гнёзды не ўсе. Маладзіцаю перад сабою Радасць Лёгка снапы панясе.

* * *

Узнаві нас, Божа ратунку нашага,

і спыні абурэнне Сваё намі.

Псальм 84:5
Усынаві наноў Блудных Сваіх сыноў, Узнаві нас, спыні Сваё абурэнне намі І вярні тыя дні Нам і нашай зямлі, Калі Мы сабою былі. Мы зараслі Лясамі хлусні. Пачуй нас і пакарчуй Пакоры нашае пні. Схілі спагады аблокі І нашыя крокі Да прорвы спыні.
Аслані Даланёй дабрыні, Абарані Нашыя карані, Ахіні Плашчом вышыні. Хай спрахне наш страх, Хай затоне ў вірах Палон і праклён чужы. Зняверлівых Ад нас адмяжуй. Памяркоўнасць нашую На крыжы Укрыжуй!