Выбрать главу
І з цеста пячэцца трывалы хлеб, Якому на абрусах вельмавацца. Снапы малоціць чужацкі цэп. Хлеб спажывае халодная праца.
Ды чужакоў аднойчы змяце Вецер цярпення маўклівы, Бо дужы. І ўзыдзе Наш каравай на куце, Асвеціць сасмяглыя нашыя душы.

* * *

Бо ў смерці няма пра Цябе

памятання: у магіле хто

Цябе славіць будзе?

Псальм 6:6
Слаўлю Цябе І жыву я Табой, Госпад, А смерці гэта няміла. Толькі не можа Вечны спакой Даць мне сырая магіла.
Твой неспакой Не пакіне мяне, Ён у душы не загіне. Твой неспакой Цішыню прыхіне, Жыціме ў мёртвай даліне.
І дамавіны глухая турма Страхам душу не стрымае. Будзе душа мая Славіць сама Госпада, Нават нямая.

* * *

Высахла ад маркоты вока маё,

пастарэла яно праз маіх ворагаў.

Псальм 6:8
Бачыць далей маладое вока, Вока старое глядзіць глыбей. Ранняя вестка, як тая сарока, З лесу хутчэй ляціць да дзвярэй.
Позняя вестка, як тая варона, Глуха чарнее на голым суку. Поўніцца вока старое бяссонна Смуткам, Як поўня на скразняку.
Высахнуць цяжка воку, Як мору. Толькі калі высыхае яно, Здасца прадонным Галоднаму гору, Ціхаму небу пакажацца дно.

* * *

Вычарпалася ў скрусе жыццё маё,

і леты мае ў стагнотах...

Псальм 30:11
Прыгоршчамі маладзіка й веташка І даланёю поўні Вычэрпвае дні мае скрухі рука, Дапаўшы да апошняе схоўні.
Вычэрпвае, Як з чаўна ваду, Вычэрпвае й дно выскрабае. Я следам за ценямі дзён іду. Вярнуць іх надзея слабая.
Спяшаюцца цені, Знікаюць яны, Не ведаючы ляноты. І застаюцца са мною адны Скруха мая ды стагноты.

* * *

Дзень дню перадае слова, і ноч

ночы адкрывае веды.

Псальм 18:3
Ноч з галавы, А дзень жыве з вачэй. Ноч грэшна бавіць час, А дзень пацешна. Ноч думае, А дзень сабе хутчэй Стараецца ўсё выгаварыць Спешна.
Дзень перадаць Наступніку свайму Спяшае недамоўленае слова. Сэнс грэецца ля зорак І таму На долы абніжаецца часова.
Як ні шапчы, Як крычма ні крычы, – Сэнс рэдка адгукаецца на словы. І веды ноч перадае начы, А ў ведаў зірк Прыхмарана суровы. Як не сляпы, Той зірк убачыш ты. Калі й сляпы, Адчуеш зірк душою. Відушчым зробішся ад віднаты, І станецца сваім табе чужое.

* * *

Ненавіджу шаноўцаў

марных ідалаў…

Псальм 30:7
Шаноўцы марных ідалаў, Яны Шануюць больш сябе Ды свой дастатак. І гневу халастыя перуны Абрынуць любяць На астатні статак. На тых, Што не паспелі дапаўзці, Каб з ідалавых жалабоў Напіцца. У масць лыч да лыча, Поўсць да паўсці. Хвалу ўздаюць Лявіца ды правіца. Растануць ідалы, Як тая мга, І зменяць хваласпеў на момант Плачы. І ўжо да новых ідалаў чарга Цягнуцца будзе, Быццам хвост сабачы.

* * *

Не схавай ад мяне аблічча

Свайго...

Псальм 26:9
Бачу вочы Твае, Хоць Цябе я не бачыў ніколі. Чую голас Твой вышні, Хоць ніколі не чуў я Цябе. Гэтак вязень сляпы Бачыць вочы забытае волі, Гэтак чуецца голас знядзелены Немай мальбе.
А Табою малюся, А Табою смялею й баюся, А Табою дазволены жыць, Паміраю й жыву, А Табой паддаюся, А не паддаюся спакусе, А са страхам і верай На плаху Тваю Я кладу галаву.