Выбрать главу

Свет чакаў вяртання месіка, а Явар з Калінаю шапталіся ў самотнай даліне. Цягнуліся галінамі-рукамі. Жаліліся свету, і мінула вечнасць. Як тады, вечнасць назад, сказала яму, чарадзею, тая, без якой не будзе прыгожым свет: «Няхай знікне месік, калі скончыцца наша каханне.» Спадзяешся, што будзе яно, пакуль будзе вечны спадарожнік зор-агнісак. Прыгожая, ведала б ты, што сказала. І тады ён паўтарыў, творачы цёмныя чары: «Няхай знікне месік, калі. калі скончыцца наша каханне».

Плачуць русалкі, просяць аддаць ім абяцаны дарунак. Спяваюць, што хочуць здабыць чалавечы лёс і пайсці ў свет. Не плачце болей, Явар з Калінаю. Чары сэрца свайго абуджаю. Вярніцеся, станьце людзьмі.

...Паплылі-паляцелі чары. Цёмныя, магутныя, старажытныя. І пацягнуліся галінамі тонкая Каліна і гонкі Явар. Пацягнуліся і зноўку сталі людзьмі. Як былі, маладымі ды прыгожымі.

Толькі не пабег той, хто быў Яварам, да сваёй Каліны. Не сказаў, што рады яе бачыць. Нават не паглядзеў на яе. А хутчэй заспяшаўся туды, дзе сустрэў некалі белага купальскага дзядка.

...Калісьці, цэлую вечнасць назад, белы стары спытаў у яго, чаго той жадае. І папасіў тады хлопец не доўгага і шчаслівага веку: «Няма ў мяне чараў, няма ў мяне магутнасці і славы, ніколі не буду я чарадзеем, не стану роўным яму. Дык няхай жа ніколі не будуць яны разам. Цябе, уладара свету, вялікага Сварога, пра такі дарунак пакорліва прашу. Навошта твайму свету цёмны чарадзей? Не варты ён ані міласці, ані спагады. Пакарай яго. Хай будзе сла­бым, уладаючы чарамі, хай, слаўны ў свеце, будзе няшчасным і забытым».

— Чаму ты пра такое просіш? — холадна глянуў у вочы хлопца той, хто быў названы Сварогам.

— Таму што яна выбрала яго. Яго, а не мяне.

— Як ты дазнаўся пра тое, што я Сварог, смяротны без чараў і гонару?

— Ён сам сказаў. Чарадзей. Мовіў, што ходзіш па свеце чалавекам, бо любіш і беражэш гэты свет. І што лепшы ты за яго цёмных братоў, якім не вядома дабрыня і спагада. З-за таго не будзе ён болей з імі, будзе з табою. А пра ўсё гэта мне расказала яна. калі назаўсёды развітвалася са мною.

І цяпер, не змірыўшыся з тым выбарам, зноў шукаў белага дзядка. Вялікага Сварога ў зямным абліччы.

Не сустрэў белага дзядка. Але трэба ж здарыцца такому, што на ростанях дарог выкацілася насустрач вялізнае агнёвае кола. Глянула ў вочы, і заплакаў той, каго называлі Яварам.

— Не хачу шукаць чараў, не хачу тварыць чарадзействы, не хачу ісці ў вялікі свет. За што вы так са мною?

І адказала агнёвае кола:

— Гэта ты хацеў быць падобным да нашага брата, які пра нас забыўся. Мы падаруем табе вялікую сілу, ты станеш магутнейшым за яго.

— Я не хачу быць цёмным.

— Ідзі, чалавеча. Шукай чараў, і адшукаеш сцяжыну да нас, цёмных братоў. Гэта вы, Сварогавы дзеці, называеце нас цёмнымі. Толькі самую жахлівую ноч зацьміць тваё сэрца.

— Няўжо я хутка стану такім жа. такім жа, як і ён?

— Ніводны з нас, першых, не пазбудзецца сваёй веры, сваёй літасці да вялікага свету. Як спраўджваецца тое, што кожнага новага дня з’яўляецца сонца, так спраўдзіцца і тое, што заўтра прыйдзе лепшы чарадзей, чым ёсць сёння.

Тады мовіў свайму цёмнаму брату Явар:

— Вы не памыліліся ў сваіх думках пра мяне. Я стану лепшым, чым ён.

Плачуць самотныя русалкі, коцяцца іх палыновыя слёзы. Просяць аддаць абяцанае каханне, бо хочуць таксама кахаць, ціхія, чалавечныя. Толькі не аддам ім таго, ад чаго мне так балюча. Як жа так сталася, Каліна?.. Не адмовіць мне тых чараў, не выпрасіць у цябе прабачэння.

— Навошта ты замовіў нас? Навошта, калі я ішла да цябе. Думала, што, здрадзіўшы цёмным братам, станеш і ты светлым ды харошым. А ты не харошы, не светлы. Ты быў і застанешся цёмным, колькі б вечнасцей не мінула.

Плачуць самотныя. І тады мне здаецца, што ёсць у іх чалавечая спагада ды спачуванне, што не трэба ім падараваныя пачуцці, бо тыя не зробяць іх лепшымі. Русаліцы, даўно забытыя, без надзеі і радасці. Чаму ты такі жорсткі, вялікі свет.

І хочацца бачыць маіх цёмных братоў, як бачыў іх калісьці. Яны, спадарожнікі часу, яны, празарліўцы вечнасці, даўно-даўно казалі мне:

— Не праклінай нас, брат. Ніколі не станеш ты цёмным, але і ніколі не выйдзеш на святло.

І казаў мне праніклівы Сварог, які таксама зведаў людскія сэрцы:

— Выйдзі на святло, чарадзей. Выбірай паміж маім светам і цёмнымі братамі. Выбірай паміж сваім каханнем і вечнай скрухай. Часу мала, дык выбірай жа.

Чаму я не паслухаў вас, цёмныя браты. Плачуць самотныя русалкі, шкадуюць пра скрадзены месік-маладзічок. Маўчаць мае цёмныя чары. Не адгукнуцца мае цёмныя браты, вечнымі агнёвымі коламі лунаюць над светам Сварога. Сталася так па Сварогавай волі, але не здзейсніцца ёй, калі б не мая вялікая здрада. І чаму, калі так самотна і адзінока, хочацца стацца светлым.

І чаму мрояцца даўнія словы маіх цёмных братоў. Прадказанне з тых часоў, калі яшчэ мы былі братамі:

— Людзі баяцца чараў. Баяцца, але і прагнуць іх, невядомых, неспазнаных. Не дзеля іншых, дзеля сябе. Але толькі той сапраўдны чарадзей, які думае пра іншых. Толькі тады адкрываецца магутнасць чарадзейнай сілы.

І тады паўсталі Явар з Калінаю над адным глыбокім ярам. Паўсталі маёй воляй. Я не пачуў вас, мае браты. Я толькі хацеў прасіць у Сварога дарунак, каб змяніў бацька свету лёс і час, дзе ты не будзеш баяцца чараў, Каліна. Дзе я буду чалавекам.

Прыхаваны месік у непраглядных лясных нетрах. Маладзічок, блізкі, мілы. Свяціў, але сам быў нябачны. Свяціў, як спадзяваўся знайсці ў цёмных лясах іскрыстыя зоркі. Як жа так сталася, што не азвалася табе зямное святло з адвечных русалчыных лясоў.

— Вярні мяне ў нябёсы, чарадзей, — шэпча маладзічок. — Там мае зоркі-сёстры, там мой лёс, там мае нязведаныя далечы.

— Вярніся, ясны. Свяці, падказвай шлях уначы. Забяры мае чары. Не хачу болей крыўдзіць імі свет.

Засвяціў у высокім небе месік-маладзічок, засмяяліся-заіскрыліся ягоныя вечныя сёстры. І тады паклікаў мяне ўсёвідушчы Сварог, які адвеку клапаціўся пра гэты свет.

— Ты некалі быў чалавекам. Але цяпер не адмовіцца табе, чарадзей.