— Як гэта—куды глядзеў? Ды ты ж сам і крычаў: «Трымайся правай рукі!»
«Відаць, я абмовіўся»,— падумаў поп і кажа:
— Ну, нічога не зробіш, трэба кружной дарогай ехаць. Тут вёрст праз дзесяць вёска будзе, давядзецца пераначаваць. Час позні, ды і есці страшэнна хочацца, проста не выцерпець.
— А ты, бацюшка, сянца пакаштуй,— парабак кажа,— я от дык нішто сабе падсілкаваўся, есці зусім не хочацца.
Поп наскуб мякчэйшай травы, пажаваў, пажаваў, выплюнуў:
— Не, не для мяне гэты харч.
Праехалі яшчэ з гадзіну ці дзве — паказалася воска.
Звярнулі да самай багатай хаты, да крамніка.
— Ідзі,— кажа поп,— прасіся начаваць, у мяне ад голаду рукі-ногі калоцяцца.
Парабак пастукаўся:
— Людзі добрыя, пусціце пераначаваць!
Выйшаў гаспадар:
— Заязджай, заязджай, начлегу з сабою не возяць.
— Ды я не адзін,— шэптам кажа хлопец,— са мною бацюшка нездаровы — як не пры сваім розуме. Так ён спакойны, ціхі, а як пачуе, што два разы адно і тое ж кажуць, нібы люты звер робіцца, на людзей кідаецца.
— Добра,— гаспадар адказвае,— буду ведаць і сваім скажу.
Парабак коней распрог, даў ім корму і памог папу злезці з воза.
Зайшлі ў хату. Гаспадары з апаскай паглядваюць на папа, маўчаць.
Надышла пара вячэраць, накрылі на стол.
Гаспадыня запрасіла:
— Сядайце, госці, з намі. Чым багаты, тым і рады.
Парабак адразу за стол, а поп чакае, калі яшчэ раз
папросяць.
Гаспадары другі раз не завуць, не асмельваюцца.
Пачалі вячэраць. Сядзіць поп збоку, злуецца сам на сябе:
«Трэба было адразу за стол садзіцца».
Так і прасядзеў усю вячэру, нічога не паспытаўшы.
Гаспадыня прыбрала са стала, паслала папу з парабкам: пасцель.
Хлопец толькі галаву на падушку апусціў, адразу моцна заснуў.
I гаспадары заснулі.
А галоднага папа сон не бярэ.
Раскатурхаў, пабудзіў парабка:
— Ой, есці хачу, не вытрываю.
— А чаму вячэраць не захацеў?
— Думаў, яшчэ папросяць.
— Прыкмеціў я,— шэпча парабак,— каля печы на паліцы гаршчок з кашай, ідзі паеш.
Поп усхапіўся і праз хвіліну зноў будзіць парабка:
— Гаршчок з кашай знайшоў, а лыжкі няма.
Раззлаваўся хлопец:
— Ну дзе я табе лыжку вазьму! Закасай рукавы і еш рукою.
Поп ад прагнасці сунуў у гаршчок абедзве рукі, а ў гаршку быў гарачы вар.
— Ох, не вытрываць, у рукі пячэ і выцягнуць не магу!
— Гора з табою,— хлопец бурчыць.— Зірні, каля сцяны тачыла. Разбі гаршчок, і ўсё.
Поп з усяе сілы стукнуў гаршком, толькі чарапкі паляцелі. У той жа момант хтосьці залямантаваў немым голасам:
— Гвалт, забілі!
Поп рынуўся вон з хаты.
Уся сям'я перапалохалася, запалілі агонь, аж бачаць: у гаспадара ўся лысая галава заліта варам. Стогне стары.
Сыны гаспадара да парабка падступілі:
— Навошта старога знявечылі?
— Хто каго знявечыў? I знаць не знаю, і ведаць не ведаю. А вось куды вы хворага папа падзелі?
Гаспадары — туды-сюды: і ў сенцы і на вышкі. Усё абшукалі — нідзе няма папа.
— Вось бачыце,— парабак кажа,— гаспадар ужо ачухаўся, а папа няма. Людзі вы не бедныя, адпусціце тавару з крамы на сотню рублёў —замнём справу, а не, дык у воласць паеду, давядзецца вам адказваць.
Гаспадары памуляліся, памуляліся, далі тавару на сто рублёў.
Хлопец падарункі прыхапіў, коней запрог і паехаў дадому.
Вярсту ад вёскі ад'ехаў, зірк — са стога саломы поп вылазіць:
— Баяўся, што гаспадары цябе не выпусцяць.
— Гаспадара ж не я, а ты забіў,— парабак адказвае,— табе і ў астрозе сядзець. Хто мяне трымаць будзе?
— Дык хіба насмерць?
— А ты як думаў? Зараз па ўрадніка паедуць.
Поп ажно рукамі пляснуў, калоціцца ўвесь:
— Ох, гора горкае! Няўжо нельга як-небудзь уладзіць?
— Уладзіць можна,— парабак кажа,— я ўжо гаварыў з гаспадарамі: маўляў, усё роўна старога ніяк не ажывіш.
— Ну і што?
— Ды вядома што: дорага просяць.
— Я нічога не пашкадую, усё аддам, абы толькі замяць справу!
— Просяць пару коней ды трыста рублёў грошай. Ну, і мне за турботы хоць сотню трэба.
«Дзякуй богу,— думае поп,— нічога не шкада, толькі б выкараскацца».
Адваліў парабку чатыры сотні, аддаў коней.
— Бяжы хутчэй, пакуль не перадумалі!
Парабак завёў коней у гумно, прывязаў, памарудзіў там трохі, вярнуўся да папа.
— Ідзі дадому, нічога не бойся, усё ўладжана. Прыпусціў поп наўцёкі, ад радасці ног не чуе.
А хлопец прывёў бацьку пару коней, аддаў грошы.
I за сябе і за братоў з папом разлічыўся.
У адной вёсцы жылі-былі два мужыкі: адзін багаты, а другі