бедны.
У багатага мужыка ўсяго ўдосталь, а ў беднага — дзяцей многа, а ўсяго дабра адна гусь.
I дайшло да таго, што няма чым бедняку дзяцей карміць. Што тут будзеш рабіць?
Думаў-думаў бядняк, чым дзяцей накарміць, і надумаў:
— Смаж, жонка, гусь!
Засмажыла жонка гусь, падала
на стол, а хлеба няма ні крошкі.
Кажа мужык:
— Ну як будзем без хлеба есці, хіба надоўга нам гэтай гусі хопіць? Лепш занясу яе пану, хлеба ў яго папрашу.
— Ідзі, муж дарагі, ідзі,— кажа жонка,— можа, хоць паўмяшка мукі дасць.
Прыйшоў мужык да пана:
— Прынёс табе гуску, не пагрэбуй узяць, а мне хоць крыху мукі дай — няма чым дзяцей карміць.
— Ну добра,— пан кажа.
— Здолеў ты гусь падарыць, здолей яе падзяліць паміж намі, каб нікому крыўды не было. Падзеліш без крыўды — дам мукі, а не зможаш—загадаю бізуноў даць.
А сям'я ў таго пана: сам з жонкаю, два сыны ды дзве дачкі — усіх шасцёра.
Папрасіў мужык нож і пачаў гусь дзяліць. Спачатку адрэзаў галаву, падае пану:
— Ты ўсяму дому галава—дык вось табе гусіная галава.
Адрэзаў гузку, пані падае:
— Табе дома сядзець, дом глядзець — вось табе гузка.
Адрэзаў лапкі, падае сынам:
— Вось вам па ножцы — таптаць бацькавы дарожкі.
А дочкам па крыльцу даў:
— Вам з бацькам ды з маці не век жыць — вырасцеце, паляціце прэч, сваё гняздо віць.
Астатняе сабе ўзяў:
— А я дурны мужык, ягамосці,— давядзецца мне грызці астатнія косці.
Засмяяўся пан:
— Добра, мужык, гусь падзяліў і сябе не пакрыўдзіў!
Паднёс чарачку вінца і загадаў даць два мяхі мукі
беднаму мужыку.
Дачуўся пра гэта багаты мужык, пазайздросціў бедняку. Засмажыў пяць тлустых гусей, прынёс пану, сам кланяецца:
— Не пагрэбуйце, яснавяльможны пане, прыняць на паклон ад мяне пяць кормных гусей!
— Дзякуй, браце, дзякуй! Здолеў ты гусей падарыць, здолей свой падарунак паміж намі падзяліць, каб нікому крыўды не было. Калі падзеліш без крыўды — узнагароджу, а не здолееш падзяліць — загадаю на стайні бізуноў даць.
Стаіць багаты мужык, прыкідвае і так і гэтак — ніяк не можа пяць гусей паміж шасцю чалавекамі падзяліць.
Паклікаў пан бедняка:
— Ці можаш пяць гусей паміж намі без крыўды падзяліць?
— А чаму не падзяліць! — адказвае бедны мужык.
Падае адну гусь пану і пані:
— Вас двое — і вось вам гусь. Цяпер вас стала трое.
Другую гусь двум сынам падаў:
— I вас цяпер трое стала.
Трэцюю падае дочкам:
— I вас стала трое.
Дзве астатнія гусі сабе ўзяў:
— I нас стала трое.
Пан засмяяўся:
— Ну малайчына, мужык! Ведаў, як трэба падзяліць, і пра сябе не забыўся!
Паднёс яму чарачку вінца, загадаў даць воз мукі, а багатага мужыка на стайню паслаў, загадаў бізуноў усыпаць.
Служыў салдат у палку дваццаць пяць гадоў, а цара ў вочы не бачыў. Вярнуўся дадому. Сталі яго распытваць пра цара, а ён не ведае, што і сказаць. Вось і пачалі яго папікаць родзічы і знаёмыя.
— Эх ты,— кажуць,— дваццаць пяць гадоў праслужыў, а цара ў вочы не бачыў!
Крыўдна гэта яму здалося: сабраўся і пайшоў цара глядзець.
Прыйшоў у палац. Цар пытае:
— Што скажаш, салдат?
— Так і так, ваша царская вялікасць! Служыў я табе ажно дваццаць пяць гадоў, а цябе ў вочы ніколі не бачыў: прыйшоў паглядзець.
— Ну глядзі!
Салдат тры разы абышоў вакол цара, усё аглядваў.
Цар пытаецца:
— Ну як, нішто сабе я?
— Нішто,— адказвае салдат.
— Ну, цяпер, служывы, скажы: ці высока неба ад зямлі?
— Гэтак высока, што там грукне, а тут чуваць.
— А ці шырокая эямля?
— Ву-унь там сонца ўсходзіць, а там заходзіць такая шырокаяІ
— А ці глыбокая зямля?
— Ды быў у мяне дзед, памёр гадоў дзевяноста таму назад, закапалі ў зямлю, з таго часу і дамоў не прыходзіў: пэўна, глыбокая!
Цар адаслаў салдата ў турму і наказаў яму:
— Не дай маху, служба! Я пашлю да цябе трыццаць гусакоў: здолей па пяру выскубці.
— Добра!
Паклікаў цар трыццаць багатых купцоў і задаў ім тыя ж загадкі, што і салдату задаваў. Яны думалі-думалі, не маглі адказу даць, і загадаў іх цар пасадзіць у турму.
Пытаецца ў іх салдат:
— Купцы-малайцы, вас за што пасадзілі?
— Ды, бачыш, цар-гасудар у нас дапытваецца, ці далёка неба ад зямлі, і наколькі зямля шырокая, і наколькі яна глыбокая, а мы — людзі цёмныя, не адказалі.
— Дайце мне кожны па тысячы рублёў, я вам праўду скажу.
— Калі ласка, браце, толькі навучы.
Узяў з іх салдат па тысячы і навучыў, як адгадваць царскія загадкі. Дні праз два паклікаў цар да сябе і купцоў і салдата. Задаў купцам тыя ж самыя загадкі і, як толькі яны адгадалі, адпусціў іх па сваіх дамах.