— Ну, служба! Здолеў па пяру выскубнуць?
— Здолеў, цар-гасудар, ды яшчэ наваг па залатым!
— А ці далёка табе дадому?
— Адсюль не відаць — далёка, значыцца!
— Вось табе тысяча рублёў, ідзі шчасліва.
Вярнуўся салдат дадому і зажыў прывольна, багата.
Спатрэбіўся аднаму папу батрак. Але паколькі поп быў вельмі скупы і ўсё шукаў, каб хто-небудзь да яго пайшоў як мага за меншую плату, дык ніхто да яго не наймаўся.
Вось аднойчы прыходзіць да яго мужык-жартаўнік і просіць сена для каня.
А поп яму кажа:
— Ты гэткі здаровы, малады, а ходзіш жабруеш. Наймайся лепш, голубе, да мяне ў парабкі.
— Можна. А колькі дасі?
— Буду плаціць гледзячы па тваёй рабоце.
I сказаў мужыку цану. А паколькі тады быў якраз сенакос, дык поп накарміў яго і павёў на луг паказваць сваю сенажаць. Парабак агледзеў усё, а як поп пайшоў, лёг на траву і праспаў увесь дзень да вечара.
Кожны дзень мужык-жартаўнік хадзіў на сенажаць, і поп заўсёды даваў яму з сабою хлеба і сала. I вось аднойчы батрак кажа:
— Больш я ў цябе працаваць не буду, давай мне разлік. Траву я ў цябе ўсю скасіў да апошняй травінкі.
Даў яму поп усяго некалькі капеек. Парабак застаўся незадаволены і кажа:
— Дай яшчэ хоць кусок сала.
Але поп наадрэз адмовіўся:
— Я і так табе пераплаціў, даў больш, чым абяцаў.
— Ну, калі ты мне не дасі сала,— сказаў парабак,— дык няхай уся твая траўка назад устане як някошаная!
I паехаў. А поп пайшоў на луг, паглядзеў і здзівіўся:
«Гэта не звычайны батрак, а вядзьмак: і праўда, стаіць трава як някошаная».
Кажа поп у царкве дыякану:
— Дыякан, дыякан, паглядзі ў акенца, ці не ідзе хто, ці не нясе чаго?
— Баба ідзе, збанок масла нясе!— адказвае дыякан.
А дзячок спявае:
— Падай, госпадзі!
Поп зноў:
— Дыякан, дыякан, паглядзі ў акенца, ці не ідзе хто, ці не нясе чаго?
— Баба ідзе, мех жыта нясе! — адказвае дыякан.
Дзячок зноў спявае:
— Падай, госпадзі!
Поп зноў кажа:
— Дыякан, дыякан, паглядзі ў акенца, ці не ідзе хто, ці не нясе чаго?
— Ідзе мужык, нясе дубіну на папоўскую спіну!—адказвае дыякан.
Тут поп і дзячок як заспяваюць:
— Табе, госпадзі!
Пазайздросціў адзін пан кавалю: «Жывеш-жывеш, яшчэ калі той ураджай будзе і грошай дачакаешся, а каваль малатком стук-грук — і з грашамі. Давай кузню завяду!»
Абзавёўся пан кузняй, загадаў лёкаю мяхі раздзімаць. Стаіць, чакае заказчыкаў. Едзе міма мужык, шыны заказаць хоча на ўсе чатыры колы.
— Гэй, стой! Заязджай сюды! — гукнуў пан.
Мужык пад'ехаў.
— Што табе?
— Ды вось, пане, шыны трэба на ўсе колы.
— Добра, зараз, пачакай!
— А колькі будзе каштаваць?
— Паўтараста рублёў трэба было б узяць, ну ды каб народ прывабіць, вазьму ўсяго сто.
— Згода.
Пачаў пан агонь распальваць, лёкай — мяхі раздзімаць.
Узяў пан жалеза, давай яго каваць, а каваць жа не ўмее — каваў, каваў, ды і перапаліў жалеза.
— Ну,— кажа,— мужычок, не выйдзе табе не тое што на ўсе калёсы, а не хопіць нават на перадок, толькі выкую адзін шынок1.
— Адзін дык адзін,— згадзіўся мужык.
Каваў, каваў пан і кажа:
— Не выйдзе, мужычок, і адзін шынок, а можа, выйдзе, мо не выйдзе сашнічок.
— Ну добра, хоць сашнічок,— адказвае мужык. Пастукаў, пагрукаў пан малатком, яшчэ жалеза сапсаваў шмат і кажа:
— Ну, мужычок, не выйдзе і сашнічок, а можа, выйдзе, мо не выйдзе цвічок.
— Ну хоць цвічок!
Ды ў пана і на яго жалеза не хапіла: усё перапаліў.
— Ну, мужычок,— кажа пан,— не выйдзе і цвічок! Выйшаў у пана адзін «пшык»: сунуў ён у ваду кавалачак распаленага жалеза, што засталося, яно і зашыпела— «пшык!».
1 Шынок — тут: шына, жалезны абруч на кола.
Жылі-былі муж з жонкаю. Жонка была страшэнна балбатлівая: не ўмела, калі трэба, язык за зубамі трымаць. Што толькі не пачуе, тут жа ўся вёска ведае.
Пайшоў аднаго разу мужык у лес, Пачаў воўчую яму капаць і знайшоў скарб. Знайшоў, а сам думае: «Ну, што цяпер рабіць? Як толькі жонка пра багацце дазнаецца, адразу пойдзе па ўсім наваколлі пагалоска, дойдуць чуткі да нашага пана, і бывайце, грошыкі: усе адбярэ».
Думаў-думаў і прыдумаў. Скарб закапаў, месца прыкмеціў і пайшоў дадому. Дайшоў да ракі, агледзеў сетку, а ў сетцы б'ецца шчупак. Мужык шчупака дастаў і далей пайшоў. Агледзеў па дарозе пастку, што на зайца была пастаўлена, а ў пастку заяц трапіў.