Лосеў (у захапленні). Гениально!..
Заслона.
Дзея другая
VІ
Каліноўскі на турэмным ложку ці то спіць, ці то ў забыцці. Дзверы вязніцы адчыняюцца, і Паліцмайстар прапускае перад сабою Ядвігу Макрыцкую — немаладую, элегантна апранутую жанчыну з вузельчыкам у руках. Сам спыняецца каля дзвярэй, а Макрыцкая нетаропка падыходзіць да ложка, углядаецца ў твар вязня. Той расплюшчвае вочы, цяжка садзіцца, здзіўлена глядзіць на наведвальніцу.
Макрыцкая. Маё табе шанаванне, сынок…
Каліноўскі (бы ачнуўшыся). Даруйце, цётухна Ядзя, я мог уявіць у гэтай мясціне каго заўгодна, толькі не вас.
Макрыцкая. Выходзіць, ты не рады мне… А я па боскай, міласэрнай справе да цябе, як і да іншых вязняў. Дазволілі добрыя людзі грабеньчык табе перадаць, мыла, пару новай бялізны. (Аддае вузельчык.)
Каліноўскі. Шчыры дзякуй. Відаць, у хуткім часе будзе дарэчы пераапрануцца ў чыстае і белае…
Макрыцкая (разумее падтэкст, але хавае гэта). Я і люстэрка прынесла. Як жа маладому без люстэрка?
Каліноўскі. Сапраўды. У белае-белае апрануся, прычашуся, у люстэрка агледжуся дый прадстану прыгажуном перад натоўпам на Лукішках…
Макрыцкая (хрысціцца). Хай Бог сцеражэ і збавіць. І люстэрка я табе зусім не дзеля развітання з самім сабою прынесла. (Паліцмайстару.) Добры чалавек, пакінь ты мяне на хвіліну-другую, ці ж я табе не аддзячу, а справа ў нас сямейная, гаворка інтымная… Самі ж ведаеце, ад нявесты я да жаніха прыйшла…
Паліцмайстар мнецца, але выходзіць, а Макрыцкая прычыняе дзверы.
Каліноўскі. Знайшлі добрага чалавека.
Макрыцкая (напаўголаса). Усе яны дабрэюць і харашэюць, як добра зафундзіш. Ад Марыські я, сынок. Кланяецца яна табе, цалуе горача, абдымае моцна, зычыць цярпення і надзеі на лепшае.
Каліноўскі (ускаквае з ложка). Вы і ў яе былі? З ім? (Ківае на дзверы.)
Макрыцкая. Была! Гэта ж яна, ластавачка наша, і люстэрка табе прыслала. Каб ты праз сваё ды ў яе акенца зайчыкаў пускаў. То і будзе знак ёй, што ты тут побач і… жывы. Вязніцы вашы праз двор. І спевы касцельныя, як яна кажа, і музыка аргана — на дваіх падарунак ад Бога. Моліцца яна і за цябе, і за сябе, і днём, і ўночы. У хуткім часе пісьмо табе перадасць. І ты ёй напішы.
Каліноўскі. Як яна там, наогул?..
Макрыцкая. Каб не пацукі ды есці што людскае давалі, то з божай помаччу як-небудзь перабілася б, а то ж адным селядцом кормяць, а піць і глытка не даюць. (Прыцішае голас, зірнуўшы на дзверы.) Дабіваюцца на допытах гіцлі, каб усіх урадоўцаў твайго жонду, што ў бацькоўскіх пакоях засядалі, паіменна назвала.
Каліноўскі. А Юзаф, сёстры, бацькі Марыські — як і дзе?!
Макрыцкая. Юзафа да катаргі прысудзілі, бацькоў і сясцёр — у Табольскую губерню на пасяленне. Ну, а ты як тут, сынок?..
Каліноўскі (доўга глядзіць у закратаванае акно). Зайздрошчу свабодзе нават той вунь, што ходзіць па снезе, вароны, якую бачу са свайго акна…
Уваходзіць Паліцмайстар.
Паліцмайстар. Свидание окончено!..
Макрыцкая паспешліва развітваецца. Паліцмайстар паказвае ёй на дзверы і сам выходзіць следам.
Каліноўскі (сам сабе). Спатканне! Магчымасць перапіскі! І Марыську, і мяне адначасова пазбаўляюць ежы і вады! Нешта тут не так. Ці не патыхае ад інтрыгі правакацыяй?.. Не дай Бог, калі яны ўблытаюць у маю справу і Марыську. (Здымае чаравік, выціскае абцасам шыбу ў акне, вынімае з кішэні люстэрка, расчаравана.) Які ж зайчык без сонейка… (Кладзе люстэрка на падваконне. Чуе за акном выразны піск сініцы, выварочвае кішэню, збірае крошкі хлеба, высыпае іх птушцы, назірае, захапляецца жывой істотай.)
У вязніцу ўваходзіць Фавелін — малады прыгожы сотнік у зімовай форме афіцэра, бачыць занятага справаю вязня і спыняецца каля дзвярэй. Яго цікавіць і кранае занятак зняволенага. З суседняга храма ў вязніцу даносіцца ўрачыстае гучанне аргана, касцельныя спевы. Каліноўскі не адрываецца ад шыбы акна, а казак чакае, слухае, не адгукаецца.
(Сам сабе, калі музыка і спевы заціхаюць.) Спевы і музыка аргана — на дваіх падарунак ад Бога…
Фавелін. Казалось бы, у человека уже отняли всё, что смогли, заживо хоронят в этих холодных острожских «мурах», вырваться из которых уже нет никакой надежды, а человек всё равно борется за жизнь, ищет возможность наполнить содержанием своё существование, хотя бы тонкой нитью связаться с миром, не порывать связи с ним хоть через творение Божье — синицу и небесную музыку органа…