Гогель. И кричали: «Польское дело — это наше дело, это дело свободы!»
Каліноўскі. Напачатку — крычалі. Пакуль не зразумелі, што не супалі ў нас з Польшчай ні канчатковыя мэты рэвалюцыі, ні спосабы дасягнення гэтых мэтаў. «Белая» польская партыя паноў-землеўладальнікаў аб’явіла шляхецкую рэвалюцыю. Мы, партыя «чырвоных», — сялянскую, народную. Убачыўшы нашу нязгоду з праграмай «белых», яны захапілі ў свае рукі кіраванне паўстаннем у нашым краі. Тады мы рашуча адмежаваліся ад іх і стварылі свой Нацыянальны ўрад. Я стаў не толькі кіраўніком паўстання ва ўсіх губернях Паўночна-Заходняга краю, але і пільным вартавым інтарэсаў Беларусі і Літвы і найперш рупіўся пра тое, каб сродкі і сілы нашы зусім не ішлі на справу Царства Польскага. Мы пастанавілі за мэту…
Шалгуноў. …воспользоваться разладом России с Польшей и сделать Северо-Западный край некоей свободной и независимой республикой.
Каліноўскі. А чаму б і не, калі логіка нават вам гэта падказвае? «Зямля — сялянам, воля — правінцыям».
Шалгуноў. И весомое доказательство Западу на лёгкость торжества удачи провинции, которое станет одобрительным примером для крестьян соседних великорусских губерний?..
Каліноўскі. Вы ўсё цудоўна разумееце. Але тое, што мы напачатку рэвалюцыі сапраўды разлічвалі на дапамогу Захаду, зусім не азначае, што я працаваў бы для Польшчы. Калі б з перамогай шляхецкай рэвалюцыі ў Польшчы, не дай Бог, уваскрэсла б старое магнацтва з усімі шляхецкімі традыцыямі, я не дапусціў бы магчымасці ўцягнуць Беларусь і Літву ў гэты вір. Я не дапусціў бы зліцця з Польшчай, пры якім потым ад яе нельга было б адлучыцца. Я бачыў Паўночна-Заходні край, нашу Літванію такой, якую можна было б ператварыць у дзяржаву з усеагульным ураўненнем правоў і станаў. Я бачыў не канфедэратыўную Польшчу і імперскую Расію! Я бачыў самастойную, незалежную Беларуска-Літоўскую дзяржаву. Я не адзін раз заяўляў, што дурным варшаўскім мазгаўням нельга давяраць лёс ліцвінаў і жамойтаў. Тое ж самае я мог бы сказаць і пра маскоўскую кумку.
Гогель. И создать нечто похожее на Великое Княжество Литовское, Русское и Жемойтское?.. Я правильно вас понял?
Каліноўскі. Вы разумнік, паручнік Гогель. І ўсё да драбніцы правільна зразумелі. Калі б мы нават не хацелі гэтага, усё роўна традыцыі ВКЛ жывуць і трывожаць не толькі нас, але і вас. Кожнаму ліцвіну і жамойту так абрыдла двухгаловая пярнатая пачвара, што яны гадоў сто мараць толькі пра Пагоню.
Шалгуноў. Вы действительно настойчиво проводили идею возвращения к чему-то подобному на ВКЛ, но, насколько мне известно, имели в этом деле серьёзных противников в среде петербургских столпов «Великого будования».
Каліноўскі. Гэта і прывяло мяне да думкі самому стаць на чале руху, чым валачыцца ў хвасце пецярбуржскіх разумнікаў.
Шалгуноў. Ещё вопросы к подследственному имеются?
Гогель. Какова была помощь восстанию нашей петербургской «Земли и воли»?
Каліноўскі. З яе боку нам — ніякай, мы ж ёй меліся паслаць друкарню, але вашы тут у Вільні яе перахапілі. Так што ніхто нікому не завінаваціўся.
Сямёнаў. Ваше отношение как католика к православию?
Каліноўскі. Звычайнае, нармальнае, талерантнае. Што да праваслаўя расейскага, то разглядаю яго толькі ў цеснай сувязі з самадзяржаўем, з царызмам, з агрэсіўнасцю.
Шалгуноў. Сегодня Особая следственная комиссия по вашему делу, видимо, закончит свою работу. Не имеете ли на кого из членов комиссии объявить претензии или подозрения?
Каліноўскі. Прад’яўляць камісіі прэтэнзіі і падазрэнні лічу бессэнсоўным. Але, улічваючы абяцанне вашага благародзія дадаць да маёй тэзы аб трох эпохах выспявання сацыяльнай і нацыянальнай рэвалюцыі сваю чацвёртую эпоху, быў бы рады ўзбагаціцца ўноскам вашага благародзія ў рэвалюцыйную тэорыю.
Шалгуноў (ледзьве стрымліваючыся, злосна і з’едліва). Четвёртая так называемая эпоха, уважаемый, — это эпоха умиротворения края после разгрома ваших шаек и бандформирований и создания надлежащих условий для полного и окончательного слияния Белорусско-Литовского, а точнее, Северо-Западного края с Россиею для, разумеется, доставления счастья здешнему народу!
Каліноўскі. Калі б ваша благародзіе было такім жа цярплівым і карэктным, як і падчас нашага дыспуту ў маёй вязніцы, то я заўважыў бы, што не з’яўляюся супраціўнікам шчасця народнага, не супраціўнік я і Расіі, калі яна дабра майму народу жадае, але супраціўнік тых бядотаў і гвалту, якія зноў могуць авалодаць краем нашым няшчасным. А таму, калі лёс кідае нас у становішча, што мы павінны зрадніцца з Расіяю, я лічу са свайго боку абавязкам заявіць некалькі слоў у гэтых адносінах, каб пазбегнуць многіх лішніх ахвяраў пры нараджэнні новага строю грамадскага ў Літве і на Беларусі.