Выбрать главу

Мураўёў. Да уж…

Шалгуноў. И ввиду такого его заявления, которое, как мне кажется, не оставляет никаких надежд, и принимая во внимание вполне обнаруженные его преступления, мы бы полагали позволительным дело о нём закончить и представить вашему высокопревосходительству.

Мураўёў. Надеюсь, проект постановления у вас заготовлен?..

Шалгуноў (з радасцю і палёгкай). Так точно-с, ваше высокопревосходительство! (Адкрывае апошнюю старонку следчай справы, кладзе яе на край стала бліжэй да Мураўёва.)

Мураўёў (паволі, з задавальненнем піша, прамаўляючы кожнае слова). Калиновского… предать… военному… суду и окончить… оный… в трое суток. (Распісваецца. Шалгунову.) Сие стило соблюдите для истории! (Перадае гусінае пяро Шалгунову. Той з урачыстым паклонам прымае «экспанат».)

Сцэна паволі зацямняецца.

ІХ

З розных кропак пражэктары высвечваюць шыбеніцу, што стаіць амаль каля рампы. Цені ад яе кладуцца на ўсю прастору бялюткага, як саван, адзення сцэны. Пад пятлёю — невялікі ўслончык, ля слупа шыбеніцы — лесвічка на тры прыступкі.

Чуваць далёкі, перарывісты, трывожны пошчак барабанаў, які даволі хутка нарастае, набліжаецца, запаўняе сабою прастору. З абодвух парталаў сцэны выбягаюць па тры-чатыры салдаты і становяцца перад першым радам залы, накіраваўшы стрэльбы са штыкамі над галовамі гледачоў. З глыбіні сцэны, з гэтых злавесных шыбеніцаў-ценяў да натуральнай шыбеніцы ідзе Кастусь Каліноўскі. Ён у чорным летнім гарнітуры і бялюткай сарочцы пад шырокім гальштукам. Вецер шавеліць яго светлыя, хвалістыя валасы. За тры-чатыры крокі ззаду за ім ідуць, у зімовай жандарскай форме, палкоўнік Лосеў і Паліцмайстар. Замыкае шэсце доктар Фавелін у цывільным з медычным сакваяжам. Усе спыняюцца, калі Каліноўскі становіцца на эшафот пад пятлю. Паліцмайстар паднімае руку. Барабаны змаўкаюць.

Лосеў (раскрывае чырвоную папку з залатым цісненнем двухгаловага арла пад каронамі, чытае вельмі зычна). Именем закона Российской империи военно-полевой суд Виленского военного округа 4-го дня месяца марта 1864 года приговорил… дворянина Викентия Константина Калиновского…

Каліноўскі (не вельмі гучна, але выразна). У нас няма дваранаў, усе роўныя!…

Паліцмайстар становіцца побач з Каліноўскім, раіць «прекратить».

Лосеў. …приговорил дворянина Викентия Константина Калиновского, сына Семёнова, 26 лет, за принятие звания члена революционного Комитета Литвы, а вместе с тем за измену государству, склонение к бунту жителей, казнить смертию повешением, как самостоятельного распорядителя в течение нескольких месяцев восстанием во всём Северо-Западном крае России.

Показания в суде снимал аудитор Егоров. Присутствовали: представитель суда полковник Глейнинг, асессоры капитан Понтелеев, поручик Соколовский, подпоручик фон Стендер, прапорщик Баженов, прапорщик Гейслер, прапорщик Ветелин.

Здаецца, Каліноўскі не чуе прысуду. Ён абводзіць позіркам натоўп, углядаецца ў яго, шукае некага, вельмі яму патрэбнага. Потым бярэ ўслончык, ставіць пад пятлю і лёгка ўзнімаецца на гэту апошнюю прыступку ў жыцці.

Каліноўскі (да натоўпу нечакана для катаў).

Бывай здаровы, мужыцкі народзе, Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе. І часам спамяні пра Яську свайго, Што згінуў за праўду для дабра твайго!

Лосеў губляецца, Паліцмайстар таропка лезе на лесвічку, але не можа адразу дацягнуцца да пятлі.

А калі слова пяройдзе ў дзела, Тагды за праўду станавіся смела, Бо адно з праўдай у грамадзе…

Лосеў узмахвае рукою і апошнія словы Каліноўскага заглушаюць барабаны. Паліцмайстару нарэшце ўдаецца авалодаць пятлёю. Святло рампы гасне. І так жа раптоўна цемру праразае кароткі надзвычай яркі ўсплёск маланкі. (Менавіта яркі, як маланка, усплёск святла бачаць у першую секунду тыя, хто памірае ў пятлі.)

Усё цішэй і цішэй трашчаць барабаны. Знікаюць салдаты.

Эпілог

Праз пэўны час у промні святла з глыбіні сцэны да рампы падыходзіць чалавек у сучасным цывільным гарнітуры, падобны на Фавеліна.

Фавелін. Паважаная грамада! Шаноўныя нашчадкі Рыцара Свабоды! Мой прашчур доктар Фавелін канстатаваў смерць і заплюшчыў вочы Кастусю Каліноўскаму. Ушануем светлую памяць волата духу мінутай смутку і жалобы. (Усе ўстаюць, гучыць арган.) Прашу сесці. І прашу дазволіць мне выканаць святы абавязак роду Фавеліных — напомніць чарговаму пакаленню ліцвінаў-беларусаў фрагмент з запавету Нацыянальнага Героя пакутнай Беларусі, які ён перадаў нам з-пад шыбеніцы праз сапраўднага расейскага інтэлігента доктара Фавеліна. (Пераказвае запавет, зрэдку заглядаючы ў кнігу.) «Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — але не жаль загінуць за тваю праўду.