Выбрать главу

Лосеў (зрываецца на крык). Молчать!.. (Паліцмайстару.) Пригласите госпожу Григотович!

Паліцмайстар выходзіць і вяртаецца з Марыяй Грыгатовіч.

Утверждаю доподлинно, что Калиновский под псевдонимом Макаревич проживал полтора месяца на квартире вдовы виленского губернского архитектора Юзефы Григотович и познакомился там с молодой квартиранткой означенной Юзефы — Стефанией Фальской. В ноябре 1863 года сей Макаревич поручил Фальской отвезти конспиративное письмо в Ковно. Там мы её и арестовали. Перед вами дочь Юзефы Григотович Мария. Уважаемая госпожа Мария, известен ли вам этот человек, выдающий себя за Витоженца? Если известен, то откуда или от кого?..

Грыгатовіч. Наша квартирантка Стефания Фальская сказала мне как-то, что получила упомянутое вами письмо от господина Макаревича, который проживал у нас, и что Макаревич известен также под именем Константина Калиновского.

Лосеў. Спасибо, госпожа Григотович… Всё, Викентий Константин Калиновский, капкан полковника Лосева захлопнулся! Очень рад с вами познакомиться поближе.

Каліноўскі. Не магу адказаць узаемнасцю. Я сапраўды Вікенцій Канстанцін Каліноўскі — кіраўнік і распарадчык паўстання супраць расейскага царызму ў Літве і на Беларусі.

Марыська траціць прытомнасць і падае на падлогу.

Лосеў (Каліноўскаму). Займитесь дамой, а вернее, невестой! (Прапускае перад сабою Грыгатовіч.)

Лосеў, Грыгатовіч і Паліцмайстар выходзяць. Каліноўскі бярэ Марыську на рукі, пераносіць на ложак, спрабуе прывесці яе ў прытомнасць, але дарэмна. Разгублена мітусіцца па камеры, грукоча ў дзверы.

Каліноўскі (крычыць). Паклічце доктара! Вады! Дайце шклянку вады! Яна ж памірае! Дайце вады!..

Марыська (вельмі ціха). Не прасі, Кастусёк, я яшчэ не паміраю. Не прасі іх!

Каліноўскі кідаецца да Марыські, дапамагае ёй сесці, сам апускаецца на калені, хавае свой твар у яе футры, каб не паказаць слёзы страху за яе. Яна гладзіць, перабірае яго валасы.

Каліноўскі (глядзіць на дзяўчыну). Любая, родная, мілая мая Марыська…

Марыська (бярэ яго твар у рукі). Перапалохаўся?..

Каліноўскі. Як ніколі ў жыцці.

Марыська (вінавата). Галава закружылася, а зямля з-пад ног выскачыла. (Смяецца, а потым усведамляе, дзе яны і што з імі адбываецца. Ускаквае з ложка з жахам. Каліноўскі таксама падымаецца з падлогі. Яна туліцца да яго грудзей, шукаючы абароны. Абое заміраюць у абдымках.) Кастусёк, даражэнькі, што ж цяпер будзе?! Што з намі ўсімі будзе?!. Як жа так сталася, што ты ў іх лапах апынуўся?

Каліноўскі. Аднаму-адзінаму чалавеку адкрыў я сваё імя і… папаўся…

Марыська. І нас усіх ноччу схапілі: і маму, і тату, і сясцёр, і брата, нават служанку Карусю…

Каліноўскі. Адкуль яны прывялі цябе сюды і дзе я сам знаходжуся?

Марыська. Ты ў кляштары касцёла дамініканаў, а я насупраць у кляштары місіянераў. Нас падзяляе толькі двор. А дзе ўсе нашы — не ведаю. Я адна ў вязніцы… з мышамі…

Каліноўскі. Любая мая, адзіная мая ў свеце, мне невыносна цяжка сказаць табе, але, здаецца, нас раздзяліў ужо не двор паміж двух храмаў, а сама…

Марыська (амаль крычыць у сполаху). Не! Не! Не! Родненькі мой, як жа можна раздзяліць нас навечна, назаўсёды?!. Як жа можна… (Плача.)

Каліноўскі. Будзь мужнай, сонейка маё ненагляднае, птушачка мая трапяткая… кветачка мая незабыўная…

Марыська. Ты сапраўды нібы надоўга развітваешся са мною?..

Каліноўскі. Ты амаль угадала. Я развітваюся з табою назаўсёды…

Перапалоханымі вачыма яна глядзіць на яго і не верыць ні яму, ні сабе. А ён імправізуе, трымаючы яе за рукі.

Марыська чарнабрэва, галубка мая. Гдзе ж ся падзела шчасце і ясна доля твая? Усё прайшло, — прайшло, як бы не бывала. Адна страшэнна горыч у грудзях застала. Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці Дай у прадвечнага суду вялеў прападаці, То мы прападзем марна, но праўды не кінем, Хутчэй неба і шчасце, як праўду, абмінем. Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю, Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю, А калі мяне ўспомніш, шчыра памаліся, То я з таго свету табе адзавуся.

Не выпускаючы рук Марыські са сваіх, ён апускаецца на калені і абсыпае рукі любай развітальнымі пацалункамі.