«Ён бы проста на мітынгах мог грошы зарабляць, — млява думаў сабака, — першакласны дзяляга. Між іншым, у яго, мабыць, і так грошай куры не клююць».
— Гарадавы! — крычаў Піліп Піліпавіч. — Гарадавы! «Угу-гу-гу!» — нейкія бурбалкі лопаліся ў сабачых мазгах… — Гарадавы! Гэта і толькі гэта. І зусім няважна — ці будзе ён з бляхай, ці ў чырвонай кепцы. Паставіць гэтага гарадавога побач з кожным, каб асадзіў вакальныя парыванні нашых грамадзян. Вы гаворыце — разруха. Я скажу вам, доктар, што нічога не зменіцца на лепшае ў нашым доме, ды і ў любым іншым, да таго часу, пакуль не супакояць гэтых певуноў! Як толькі яны спыняць свае канцэрты, становішча само сабой зменіцца ў лепшы бок.
— Контррэвалюцыйныя рэчы вы гаворыце, Піліп Піліпавіч, — жартам зазначыў укушаны, — барані бог, пачуе хто.
— Нічога небяспечнага, — горача запярэчыў Піліп Піліпавіч. — Ніякай контррэвалюцыі. Дарэчы, гэта слова, якога я не магу цярпець. Зусім невядома — што за ім хаваецца? Д'ябал яго ведае. Дык я і гавару, што ніякай контррэвалюцыі ў маіх словах няма. У іх здаровы сэнс і жыццёвы вопыт.
Тут Піліп Піліпавіч дастаў з-за каўняра хвост бліскучай падагнутай сурвэткі, скамячыў яе і паклаў побач з недапітай шклянкай віна. Укушаны адразу ж устаў і падзякаваў: «Мерсі».
— Хвілінку, доктар! — затрымаў яго Піліп Піліпавіч, дастаў з кішэні кашалёк. Ён прыжмурыўся, адлічыў белых паперак і падаў укушанаму са словамі: — Сёння вам, Іван Арнольдавіч, 40 рублёў належыць. Прашу.
Пакусаны сабакам ветліва падзякаваў, пачырванеў і сунуў грошы ў кішэню пінжака.
— Я не патрэбен сёння вечарам вам, Піліп Піліпавіч? — запытаўся ён.
— Не. Дзякуй вам, галубок! Сёння нічога рабіць не будзем. Першае, здох трусік, а другое — у Вялікім сёння «Аіда». А я даўно не чуў. Люблю… Памятаеце? Дуэт… Тары-ра-рам.
— І як гэта вы толькі ўспяваеце? — з павагай запытаўся доктар.
— Успявае той, хто нікуды не спяшае, — павучальна растлумачыў гаспадар. — Вядома, калі я пачаў бы скакаць з паседжання на паседжанне і пявуніць цэлыя дні, як салавей, замест таго каб займацца сваёй непасрэднай справай, я нікуды не паспеў бы, — пад пальцамі ў Піліпа Піліпавіча ў кішэні нябесна зайграў рэпецір, — пачатак дзевятай… Паеду на другую дзею… Я прыхільнік раздзялення працы. У Вялікім няхай спяваюць, а я буду аперыраваць. Вось і добра. І ніякай разрухі… Вось што, Іван Арнольдавіч, вы ўсё ж уважліва сачыце: як толькі падыходзячая смерць, адразу ж са стала ў пажыўную вадкасць — і да мяне!
— Не турбуйцеся, Піліп Піліпавіч, патолагаанатамы мне абяцалі.
— Выдатна, а мы пакуль паназіраем за гэтым вулічным неўрастэнікам. Няхай загоіцца ў яго бок.
«Пра мяне клапоціцца, — падумаў сабака, — вельмі добры чалавек. Я ведаю, хто гэта. Ён — чараўнік, маг і вяшчун з сабачых казак… Не можа ж такое здарыцца, што ўсё гэта мне саснілася. А раптам — сон? (Сабака здрыгануўся спрасонку.) Вось прачнуся… і нічога няма. Ні лямпы ў шоўку, ні цяпла, ні накормленасці. Зноў пачнуцца падваротня, вар'яцкі холад, ледзяны асфальт, голад, благія людзі… Сталоўка, снег… Божа, як мне будзе цяжка!..»
Але нічога гэтага не здарылася. Менавіта падваротня расплылася, як агідны прывід, і болей не вярнулася.
Мабыць, не гэтакая яна і страшная, разруха. Не зважаюць на яе, двойчы ў дзень шэрыя гармонікі пад падаконнікам наліваюцца цяплом, і яно хвалямі разыходзіцца па кватэры.
Зусім відавочна: сабаку выпаў самы шчаслівы сабачы білет. Вочы ягоныя цяпер сама мала два разы ў дзень напаўняліся ўдзячнымі слязамі ў адрас прачысцінскага мудраца. Акрамя гэтага, усе трумо ў доме адлюстроўвалі шчаслівага сабаку-прыгажуна.
«Я — прыгажун. Магчыма, таямнічы сабачы прынц-інкогніта, — думаў сабака і прыглядаўся да кудлатага карычневага сабакі з задаволенай мордай, які прагульваўся ў люстрах. — Зусім магчыма, што мая бабуля саграшыла з вадалазам. Бо вось гляджу — у мяне на мордзе белая плямка. Адкуль яна, узнікае пытанне? Піліп Піліпавіч чалавек вялікага густу, не падбярэ ж ён першага дварняка, які трапіўся пад руку.
За тыдзень сабака з'еў гэтулькі, колькі за паўтара галодных месяцы на вуліцы. Вядома, калі меркаваць толькі па вазе. Пра якасць стравы ў Піліпа Піліпавіча і гаварыць не даводзіцца. Калі нават не зважаць на тое, што кожны дзень Дар'я Пятроўна купляе кучу абрэзкаў на Смаленскім базары на 18 капеек, дастаткова ўспомніць абеды ў 7 вечара ў сталоўцы, на якіх сабака прысутнічаў насуперак пратэстам прыгожай Зіны. За час гэтых абедаў Піліпу Піліпавічу было канчаткова прысвоена божаскае званне. Сабака станавіўся на заднія лапы і жаваў пінжак, сабака запомніў званок Піліпа Піліпавіча — два поўнагалосныя адрывістыя гаспадаровы ўдары — і з брэхам ляцеў у прыхожую сустракаць яго. Гаспадар увальваўся ў чорна-бурай лісіцы, пабліскваў мільёнамі снежных іскрынак. Ён пах мандарынамі, цыгарамі, духамі, лімонамі, бензінам, адэкалонам, сукном, і голас яго, як камандная труба, разлятаўся па ўсім жытле.