— Навошта ты, свіння, парваў саву? Яна табе замінала? Замінала, у цябе пытаюся? Навошта прафесара Мечнікава разбіў?
— Яго, Піліп Піліпавіч, трэба бізуном адлупцаваць хоць аднойчы, — абурана гаварыла Зіна, — а то ён зусім раздурэе. Вы паглядзіце, што ён з вашымі галёшамі зрабіў.
— Нікога лупцаваць нельга, — хваляваўся Піліп Піліпавіч. — Запомні гэта назаўсёды. Чалавека і жывёлу можна толькі пераконваць. Мяса давалі яму сёння?
— Госпадзі, ён і так увесь дом аб'еў. Што вы пытаеце, Піліп Піліпавіч. Я дзіўлюся — як ён дасюль і так не лопнуў…
— Няхай сабе есць на здароўе… Чым табе замінала сава, хуліган?
— У-у, — скуголіў сабака-падліза і поўз на жываце з працягнутымі лапамі.
Потым яго гвалтоўна валаклі за шкірку цераз прыёмную ў кабінет. Сабака падвываў, агрызаўся, чапляўся за дыван, ехаў на азадку, як у цырку. Пасярод кабінета на дыване ляжала шклавокая сава з распоратым жыватом, з якога тырчалі нейкія чырвоныя, прапахлыя нафталінам анучы. На стале ляжаў разбіты ўшчэнт партрэт.
— Я знарок не прыбірала, каб вы палюбаваліся, — засмучана гаварыла Зіна, — ён жа на стол ускочыў, мярзотнік! І за хвост яе — цап! Я апамятацца не паспела, як ён яе ўсю раскалашмаціў. Мордай патыкайце яго ў саву, Піліп Піліпавіч, каб ведаў, як псаваць рэчы.
І пачыналася выццё. Сабаку, прыліплага да дывана, валаклі тыкаць мордай у саву, а сабака заліваўся горкімі слязамі і думаў: „Біце, толькі не выганяйце з кватэры“.
— Саву сёння ж адправіць да чучальніка. Акрамя таго, вось табе 8 рублёў і 16 капеек на трамвай, паедзь да Мюру, купі яму добры аброжак з ланцугом.
На наступны дзень на сабаку надзелі шырокі бліскучы аброжак. На першым часе ён паглядзеўся ў люстра і не надта засмуціўся, падціснуў хвост, пайшоў у ванны пакой і думаў, як бы злупіць яго аб скрынку альбо куфэрак. Але хутка сабака зразумеў, што ён проста дурань. Зіна павяла яго гуляць на ланцугу ў Абухаў завулак. Сабака ішоў, як арыштант, згараў ад сораму, але пакуль прайшоў па Прачысцінцы да храма Хрыста, выдатна зразумеў, што абазначае ў жыцці аброжак. Шалёную зайздрасць можна было прачытаць у вачах ва ўсіх сустрэчных сабак, а ля Мёртвага завулка нейкі цыбаты з адсечаным хвастом дварняк аблаяў яго „панскай сволаччу“ і „шасцёркай“. Калі перайшлі праз трамвайныя рэйкі, міліцыянер паглядзеў на аброжак з задавальненнем і павагай, а калі вярнуліся, здарылася самае неверагоднае ў жыцці: Фёдар-швейцар сам адчыніў дзверы і ўпусціў Шарыка, Зіне ў гэты час ён сказаў:
— Бач, якога кудлача прыдбаў Піліп Піліпавіч. І тлусты надзіва.
— Дзіва што — за шасцярых лопае, — растлумачыла чырвоная і прыгожая ад марозу Зіна.
„Аброжак — гэта ўсё роўна як партфель“, — пажартаваў у думках сабака, павіляў хвастом і пайшоў у бельэтаж, як пан.
Пасля таго як ацаніў аброжак па-належнаму, сабака зрабіў першы візіт у той галоўны аддзел раю, куды да гэтага часу ўваход яму быў катэгарычна забаронены — менавіта ў царства кухаркі Дар'і Пятроўны. Уся кватэра не варта была і дзвюх пядзей Дар'інага ўладання. Кожны дзень у чорнай, зверху аздобленай кафляй пліце страляла і бушавала полымя. Духоўка патрэсквала. У барвовых водсветах гарэў вечнай вогненнай пакутай і неспатоленай страсцю твар Дар'і Пятроўны. Ён блішчаў і тлуста адсвечваў. У моднай прычосцы на вушы і з карзінкай светлых валасоў на патыліцы ззялі 22 штучныя брыльянты. На сценках на кручках віселі залацістыя рондалі, уся кухня скаланалася ад дахаў, клекатала і шыпела ў зачыненай пасудзе…
— Вон! — закрычала Дар'я Пятроўна. — Вон, беспрытульны кішэннік! Цябе тут не хапала? Я цябе зараз качаргой!..
— Чаго ты? Ну нашто лаешся? — замілавана прыплюшчваў вочы сабака. — Які я табе кішэннік? Хіба не бачыце аброжка? — і ён бокам лез у дзверы, прасоўваў морду.
Сабака Шарык валодаў нейкім сакрэтам пакараць людскія сэрцы. Праз два дні ён ужо ляжаў побач з карзінай з вуглём і глядзеў, як працуе Дар'я Пятроўна. Вострым вузкім нажом яна адсякала бездапаможным рабчыкам галовы і лапкі, затым, як люты кат, здзірала з касцей мяса, з курэй вырывала вантробы, нешта круціла ў мясарубцы. Шарык у гэты час еў рабчыкаву галаву. З міскі з малаком Дар'я Пятроўна выцягвала кавалкі размоклай булкі, змешвала іх на дошцы з мясной кашкай, залівала ўсё гэта смятанкай, пасыпала соллю і на дошчачцы ляпіла катлеты. У пліце гуло, як на пажары, а на патэльні бурчала, пухірылася і падскоквала. Засланка з громам адлятала ўбок, адкрывала страшэннае пекла, у якім клекатала і пералівалася полымя.