Выбрать главу

Вечарам патухала каменная пашча, у кухонным акне над белай палавіначнай фіранкай стаяла густая і паважная прачысцінская ноч з адзінокай зоркай. У кухні было вільготна, рондалі ззялі цьмяна і таямніча, на стале ляжала пажарніцкая фуражка. Шарык ляжаў на цёплай пліце, як леў на варотах, задзіраў ад цікаўнасці адно вуха і глядзеў, як чарнавусы і ўсхваляваны чалавек з шырокай скураной папругай за прычыненымі дзвярамі ў пакоі Зіны і Дар'і Пятроўны абдымаў Дар'ю Пятроўну. Твар у яе гарэў пакутай і страсцю, увесь, акрамя напудранага носіка. Шчыліна святла ляжала на партрэце чарнавусага, і велікодны разан звісаў з яго.

— Як дэман, прычапіўся, — мармытала ў прыцемку Дар'я Пятроўна, — адстань! Зіна зараз прыйдзе. Што ты, усё роўна як цябе абмаладзілі?

— Нам гэта не трэба, — не мог саўладаць з сабой і хрыпла адказваў чарнавусы. — Якая ж ты вогненная!

Вечарамі прачысцінская зорка хавалася за глухімі шторамі, і, калі ў Вялікім тэатры не было „Аіды“ і не было паседжання Ўсерасейскага хірургічнага таварыства, бог размяшчаўся ў кабінеце ў глыбокім крэсле. Агні пад столлю не гарэлі. Толькі адна зялёная лямпа на стале. Шарык ляжаў на дыване ў цяні і не адрываўся, глядзеў на страшную справу. У брыдкай, едкай і каламутнай жыжцы ў шкляных сасудах ляжалі чалавечыя мазгі. Рукі бога закасаны па локці, у рыжых гумавых пальчатках. Слізкія тупыя пальцы варушыліся ў звілінах. Часам бог узбройваўся маленькім бліскучым ножыкам і паціху рэзаў жоўтыя пругкія мазгі.

— „К берегам священным Нила“, — ціха наспеўваў бог, прыкусваў губу і ўспамінаў залатую ўтробу Вялікага тэатра.

Трубы ў гэты час награваліся найболей. Цеплыня ад іх падымалася да столі, адтуль расплывалася па ўсім пакоі, у сабачай шкуры пачынала ажываць апошняя, не вычасаная самім Піліпам Піліпавічам, але ўжо асуджаная блыха. Дываны глушылі гукі ў кватэры. А потым далёка звінелі ўваходныя дзверы.

„Зінка ў кінематограф пайшла, — думаў сабака, — а як вернецца, значыць, будзем вячэраць. Сёння, здаецца, — адбіўныя з цяляціны!“

У гэты жахлівы дзень Шарыка яшчэ раніцай кальнула прадчуванне. Таму ён раптам засумаваў, і ранішняе снеданне — паўкубачка аўсянкі і ўчарашнюю костку бараніны — з'еў зусім без апетыту. Ён засмучана прыйшоў у прыёмную і лёгенька павыў на ўласнае адлюстраванне. Але дзень, пасля таго як Зіна звадзіла яго пагуляць на бульвар, пачаўся звычайны. Прыёму не было, таму што, як вядома, па аўторках прыёму няма, і бог сядзеў у кабінеце над разгорнутымі кнігамі з нейкімі дзіўнымі карцінкамі. Чакалі абеду. Сабаку крыху ажывіла думка, што сёння на другое будзе, ён дакладна даведаўся, індычка. Сабака ішоў па калідоры, калі пачуў, як у кабінеце ў Піліпа Піліпавіча непрыемна і нечакана пазваніў тэлефон. Піліп Піліпавіч узяў трубку, прыслухаўся і раптам захваляваўся.

— Выдатна, — пачуўся яго голас, — зараз жа вязіце, зараз жа!

Ён замітусіўся, пазваніў і загадаў Зіне, якая прыйшла, хутка падаваць абедаць.

— Абед! Абед! Абед!

У сталоўцы адразу ж загрукалі талеркі, Зіна забегала, з кухні было чуваць, як бурчыць Дар'я Пятроўна, што не гатова яшчэ індычка. Сабака зноў захваляваўся.

„Не люблю мітусні ў кватэры“, — думаў ён… І толькі гэтак падумаў, як мітусня набыла яшчэ больш непрыемны характар. І ў першую чаргу пасля з'яўлення ўкушанага некалі доктара Барменталя. Той прывёз з сабой чамадан, ад якога дрэнна пахла, нават не раздзеўся, памчаў з ім праз калідор у аглядальню. Піліп Піліпавіч не дапіў кубачак кавы, чаго з ім раней ніколі не здаралася, выбег насустрач Барменталю. Гэтага таксама раней не было.

— Калі памёр? — закрычаў ён.

— Тры гадзіны назад, — адказаў Барменталь, не зняў заснежаную шапку, расшпіліў чамадан.

„Хто такое памёр? — панура і незадаволена падумаў сабака і сунуўся пад ногі. — Цярпець не магу, калі мітусяцца“.

— Вон з-пад ног! Хутчэй, хутчэй, хутчэй! — закрычаў Піліп Піліпавіч ва ўсе бакі і пачаў званіць ва ўсе званкі, як здалося сабаку. Прыбегла Зіна. — Зіна! На тэлефон Дар'ю Пятроўну, запісваць, нікога не прымаць! Ты мне трэба! Доктар Барменталь, малю вас — хутчэй, хутчэй, хутчэй!

„Не падабаецца мне, не падабаецца“, — сабака пакрыўджана нахмурыўся і пачаў шляцца па кватэры, а ўся мітусня сканцэнтравалася ў аглядальні. Зіна аказалася нечакана ў халаце, падобным на саван, і пачала бегаць з аглядальні ў кухню і назад.