Выбрать главу

„Пайсці наесціся, ці што? Пайшлі яны…“ — рашыў раптам сабака і тут атрымаў сюрпрыз.

— Шарыку нічога не даваць! — прагрымела каманда з аглядальні.

— Ага, упільнуеш яго.

— Заперці!

І Шарыка завабілі і заперлі ў ванным пакоі.

„Хамства, — падумаў Шарык ужо ў прыцемку ваннага пакоя, — глупства ўсяго толькі…“

Амаль чвэрць гадзіны праседзеў ён у ванным пакоі ў дзіўным настроі — то злосны, то прыгнечаны. Было сумна і нічога невядома…

— Добра, будуць у вас заўтра галёшы, паважаны Піліп Піліпавіч, — думаў ён, — дзве новыя пары купілі, давядзецца яшчэ купляць. Каб сабак не запіралі».

Але раптоўна ягоная лютая думка перапынілася. Ні з таго ні з сяго раптам успомніўся кавалак самага маладога юнацтва — сонечны вялізны дом ля Праабражэнскай заставы, асколкі сонца ў бутэльках, пабітая цэгла, сабакі-валацугі.

«Не, куды там, ні на якую волю адсюль не пойдзеш, нашто хлусіць, — сумаваў сабака, соп у нос, — прывык. Я панскі сабака, інтэлігентная істота, паспытаў лепшага жыцця. Ды і што такое воля? Проста дым, міраж, фікцыя… Трызненне гэтых няшчасных дэмакратаў…» Потым прыцемак у ванным пакоі зрабіўся страшны. Сабака завыў, кінуўся на дзверы, пачаў драпаць.

— У-у-у! — быццам у бочку прагудзела ў кватэры.

«Распатрашу зноў саву», — шалёна, але бяссільна падумаў сабака. Потым зняможана паляжаў, а калі ўстаў, шэрсць на ім раптам паднялася дыбам, чамусьці прымроіліся ў ванным пакоі воўчыя вочы.

У самы разгар пакут дзверы адчыніліся. Сабака выйшаў, абтросся, панура сабраўся на кухню, але Зіна за аброжак настойліва пацягнула яго ў аглядальню. Халадок падступіў сабаку пад сэрца.

«Нашто я спатрэбіўся? — падазрона падумаў ён. — Бок загаіўся — нічога не разумею».

І ён паехаў на лапах па слізкім паркеце, гэтак яго і прывезлі ў аглядальню. У ёй адразу ўразіла нябачнае дасюль асвятленне. Белы шар пад столлю ззяў гэтак, што рэзала ўваччу. У белым ззянні стаяў жрэц і скрозь зубы наспеўваў пра свяшчэнныя берагі Ніла. Толькі па невыразным паху можна было дагадацца, што гэта Піліп Піліпавіч. Падстрыжаная ягоная сівізна схавана пад каўпаком, які нагадваў куколь патрыярха; бог быў увесь у белым, а наверсе белага, быццам епітрахіль, быў надзеты гумавы фартух. Рукі ў чорных пальчатках.

Куколь быў і на ўкушаным. Доўгі стол раскладзены, а збоку прыставілі маленькі чатырохвугольны на бліскучай назе.

Сабака тут узненавідзеў больш за ўсіх укушанага і больш за ўсё за яго сённяшнія вочы. Звычайна смелыя і прамыя, зараз яны бегалі ў розныя бакі ад сабачых вачэй. Яны былі насцярожаныя і фальшывыя, у глыбіні іх прытаілася нядобрае, падманнае, шкоднае, калі не цалкам злачыннае. Сабака паглядзеў на яго цяжка і панура і адышоў у куток.

— Аброжак, Зіна, — ціха прамовіў Піліп Піліпавіч, — толькі не хвалюй яго.

У Зіны імгненна зрабіліся гэтакія ж брыдкія вочы, як і ў пакусанага. Яна падышла да сабакі і фальшыва пагладзіла яго. Той з сумам і пагардай паглядзеў на яе.

«Што ж… вас трое. Адолееце, калі захочаце. Толькі сорамна вам… Хаця б ведаў я, што будзеце рабіць са мной…»

Зіна расшпіліла аброжак, сабака пакруціў галавой, фыркнуў. Укушаны з'явіўся перад ім, і непрыемны прытарны пах пайшоў ад яго.

«Фу, брыдота… Чаго мне гэтак нядобра і страшна…» — падумаў сабака і пачаў плішчыцца ад укушанага.

— Хутчэй, доктар, — нецярпліва прамовіў Піліп Піліпавіч.

Моцна і соладка запахла паветра. Укушаны не зводзіў з сабакі дрэнных вачэй, хутка выхапіў з-за спіны руку і тыцнуў сабаку ў нос камяком мокрай ваты. Шарык аслупянеў, галава яго лёгенька закружылася, але ён успеў яшчэ адскочыць. Укушаны скочыў услед і раптам заляпіў усю морду ватай. Адразу ж забіла дых, але сабака змог яшчэ раз вырвацца. «Зладзюга… — прамільгнула ў галаве. — За што?» І яшчэ раз абляпілі. І тут нечакана пасярод аглядальні паўстала возера, а на ім у лодках вельмі вясёлыя, зграбныя, небывалыя ружовыя сабакі. У нагах не стала касцей, і яны падагнуліся.

— На стол! — весела бухнулі дзесьці словы Піліпа Піліпавіча і расплыліся ў аранжавых струменях. Жах знік, змяніўся на радасць. Секунды са дзве сабака, пакуль заснуў, любіў укушанага. Затым увесь свет перавярнуўся ўгору дном, і ён пачуў яшчэ халодную, але прыемную руку пад жыватом. А потым — нічога.

IV

На вузкім аперацыйным стале раскінуўся Шарык, і галава яго бездапаможна матлялася на белай цыратавай падушцы. Жывот у яго быў астрыжаны, доктар Барменталь цяжка дыхаў і машынкай уядаўся ў шэрсць, стрыг Шарыку голаў. Піліп Піліпавіч абапёрся на край стала і бліскучымі, як абадкі ягоных акуляраў, вачыма пазіраў на гэтую працэдуру і гаварыў усхвалявана: