— Рэзка падае пульс…
Піліп Піліпавіч люта азірнуўся на яго, нешта прамармытаў і ўрэзаўся яшчэ глыбей. Барменталь хруснуў шкляной ампулкай, набраў з яе ў шпрыц і кальнуў Шарыка недзе пад сэрцам.
— Іду да турэцкага сядла, — захрыпеў Піліп Піліпавіч і акрываўленымі слізкімі пальчаткамі дастаў шэра-жоўтыя Шарыкавы мазгі з галавы. На імгненне ён скоса зірнуў на Шарыкаву морду, і Барменталь адразу ж зламаў другую ампулу з жоўтай вадкасцю і набраў яе ў шпрыц.
— У сэрца? — нясмела спытаўся ён.
— Чаго вы яшчэ пытаеце? — злосна крыкнуў прафесар. — Усё роўна ён ужо пяць разоў у вас памёр. Каліце! Хіба можна думаць? — Твар у яго стаў як у натхнёнага рабаўніка.
Доктар з размаху лёгка ўсадзіў іголку ў сабачае сэрца.
— Жыве, але ледзь-ледзь, — нясмела прашаптаў ён.
— Няма калі гаварыць. Жыве — не жыве! — зашыпеў страшны Піліп Піліпавіч. — Я ў сядле. Усё роўна памрэ… ах ты, чо… «К берегам священным Нила…» Прыдатак давайце.
Барменталь падаў яму шклянку, у якой матляўся ў вадкасці на нітцы белы камячок. Адной рукой — «Роўных яму няма ў Эўропе, дальбог!» — трывожна падумаў Барменталь, — ён выхапіў камячок, а другі гэтакі ж самы нажніцамі выстрыг углыбіні недзе між распятымі паўшар'ямі. Шарыкаў камячок ён выкінуў на талерку, а новы заклаў у мазгі разам з ніткай і сваімі кароткімі пальцамі, якія цудадзейна ператварыліся ў тонкія і гнуткія, умудрыўся бурштынавай ніткай яго там абматаць. Пасля гэтага ён выкінуў з галавы нейкія распоркі, пінцэт, мазгі паклаў назад у касцяную чашу, адкінуўся і ўжо спакойна спытаўся:
— Памёр, вядома?
— Нітачны пульс, — адказаў Барменталь.
— Яшчэ адрэналіну.
Прафесар абалонкамі закрыў мазгі, адпілаваную накрыўку прыклаў, быццам па мерцы, надзеў скальп і раўнуў:
— Шыйце!
Барменталь за пяць хвілін зашыў голаў, пры гэтым зламаў тры іголкі.
І вось на падушцы паказалася на крывавым фоне нежыццёвая патухлая Шарыкава морда з кальцавой ранай на галаве. Тут Піліп Піліпавіч адступіўся зусім, быццам вампір, які насыціўся. Сарваў адну пальчатку, з якое вылецела цэлае воблака пудры, другую разарваў, кінуў на падлогу і націснуў на кнопку на сцяне, пазваніў. Зіна з'явілася на парозе, адвярнулася, каб не бачыць акрываўленага Шарыка. Жрэц зняў мелавымі рукамі акрываўлены куколь і крыкнуў:
— Папяроску мне зараз жа, Зіна. Свежую бялізну і ванну.
Ён падбародкам лёг на край стала, двума пальцамі развёў павекі ў сабакі, зазірнуў у вока, якое памірала, і сказаў:
— Вось, чорт пабяры, не здох. Але ўсё роўна здохне. Эх, доктар Барменталь, шкада сабаку, ласкавы быў, хоць і хітры.
V
З дзённіка доктара Барменталя
Тонкі, пісчага фармату сшытак. Спісаны почыркам Барменталя. На першых дзвюх старонках ён уборысты, акуратны і выразны, а далей размашысты, усхваляваны, з вялікай колькасцю кляксаў.
22 снежня 1924 г. Панядзелак.
Гісторыя хваробы.
Лабараторны сабака прыкладна 2-х год. Самец. Парода — дварняжка. Клічка — Шарык. Шэрсць рэдкая, кустамі, бураватая, з падпалінамі. Хвост колеру адтопленага малака. На правым баку след ад цалкам загоенага апёку. Харч да паступлення да прафесара — дрэнны, пасля тыдня — добра ўкормлены. Вага 8 кг. (Клічнік.) Сэрца, лёгкія, страўнік, тэмпература…
23 снежня. У 8.30 гадзін вечара зроблена першая ў Эўропе аперацыя па праф. Праабражэнскаму: пад хлараформенным наркозам выразаны яечнікі Шарыка і замест іх перасаджаны мужчынскія яечнікі, якія ўзяты за 4 гадзіны і 4 хвіліны да аперацыі ў мужчыны 28 гадоў і якія захоўваліся ў стэрылізаванай фізіялагічнай вадкасці па праф. Праабражэнскаму.
Адразу ж за гэтым пасля трапанацыі чарапной каробкі выняты мазгавы прыдатак — гіпафіз і заменены на чалавечы ад вышэй указанага мужчыны.
Уведзена 8 кубікаў хлараформу, 1 шпрыц камфары, 2 адрэналіну ў сэрца.
Паказанне для аперацыі: пастаноўка вопыту Праабражэнскага з камбінаванай перасадкай гіпафіза і яечнікаў для высвятлення пытання аб тым, як прыжываецца гіпафіз, а на будучае — аб яго ўплыве на абмаладжэнне чалавечага арганізма.
Аперыраваў праф. П.П.Праабражэнскі.
Асістыраваў д-р І.А.Барменталь.
Ноччу пасля аперацыі небяспечныя падзенні пульсу. Чаканне смяротнага выніку. Вялізныя дозы камфары па Праабражэнскаму.
24 снежня. Раніцай — паляпшэнне. Дыханне ўдвая часцейшае, тэмпература 42. Камфара, кафеін пад скуру.