25 снежня. Зноў пагоршала. Пульс амаль не чуваць, канечнасці пахаладзелі, зрэнкі не рэагуюць. Адрэналін у сэрца, камфара па Праабражэнскаму, фізіялагічны раствор у вену.
26 снежня. Крыху палепшала. Пульс 180, дыханне 92, тэмпература 41. Камфара. Харчаванне клізмай.
27 снежня. Пульс 152, дыханне 50, тэмпература 39,8, зрэнкі рэагуюць. Камфара пад скуру.
28 снежня. Намнога лепш стала. Апоўдні нечакана густы пот, тэмпература 37,0. Аперацыйныя раны ў ранейшым становішчы. Перавязка. З'явіўся апетыт. Харчаванне вадкае.
29 нечакана заўважана выпадзенне шэрсці на лбе і на баках тулава. Выкліканы на кансультацыю: прафесар па кафедры скураных хвароб Васіль Васільевіч Бундараў і дырэктар маскоўскага паказальна ветэрынарнага інстытута. Яны прызналі, што такі выпадак у літаратуры не апісаны. Дыягназ не паставілі. Тэмпература — нармальная.
(Запіс алоўкам.)
Вечарам упершыню забрахаў (8 г. 15 хв.). Варта ўвагі рэзкае змяненне тэмбру і зніжэнне тону. Брэх замест слова «гаў-гаў» на складах «а-о» па афарбоўцы слаба нагадвае стогн.
30 снежня. Выпадзенне шэрсці набыло характар агульнага аблысення. Узважванне дало нечаканы вынік — вага — 30 кг за кошт росту (падаўжэння) касцей. Сабака як і раней ляжыць.
31 снежня. Страшэнны апетыт.
(У сшытку клякса. Пасля кляксы паспешлівым почыркам.) У 12 г. 12 хв. сабака выразна брахнуў «А-б-ыр». (У сшытку перапынак і далей, відаць, памылкова ад хвалявання напісана):
1 снежня (перакрэслена, папраўлена) 1 студзеня 1925 г. Сфатаграфаваны раніцай. Выразна брэша «Абыр», паўтарае гэта слова моцна і быццам радасна. У 3 гадзіны дня (вялікімі літарамі) засмяяўся, з-за чаго пакаёўка Зіна абамлела. Вечарам прамовіў 8 разоў запар «Абыр-валг», «Абыр».
(Касымі літарамі алоўкам): прафесар расшыфраваў слова «Абырвалг», яно абазначае «Главрыба»… Нешта неверагоднае…
2 студзеня. Сфатаграфаваны, калі ўсміхаўся. Устаў з ложка і ўпэўнена паўгадзіны трымаўся на адных задніх нагах. Амаль аднолькавага са мной росту.
(У сшытак уклеены ліст.)
Расейская навука ледзь не панесла цяжкую страту.
Гісторыя хваробы прафесара П.П.Праабражэнскага.
У 1 гадзіну 13 хвілін — абамлеў праф. Праабражэнскі. Калі падаў, ударыўся галавой аб ножку крэсла. Цінактура Валерыяна.
Пры мне і пры Зіне сабака (калі яго сабакам можна называць) аблаяў праф. Праабражэнскага мацерна.
(Перапынак у нататках.)
6 студзеня. (Уперамешку алоўкам і фіялетавым чарнілам.)
Сёння, пасля таго як у яго адваліўся хвост, ён вымавіў зусім выразна слова «піўнушка». Працуе фанограф. Д'ябал разбярэ, што адбываецца.
Я ў разгубленасці.
Прыём у прафесара спынены. Пачынаючы з 5 гадзін дня з аглядальні, дзе разгульвае гэтая істота, выразна чуваць вульгарная лаянка і словы «яшчэ пару штук».
7 студзеня. Вымаўляе даволі многа слоў: «Рамізнік», «Месц няма», «Вячэрняя газета», «Лепшы падарунак дзецям» і ўсю лаянку, якая толькі ёсць у расейскім лексіконе.
З выгляду дзіўны. Шэрсць засталася толькі на галаве, на падбародку і на грудзях. Астатняе аблысела, скура друзлая. У вобласці палавых органаў — мужчына ў стадыі фарміравання. Чэрап пабольшаў значна. Лоб скошаны і нізкі.
Дальбог, я звар'яцею.
Піліп Піліпавіч дасюль адчувае сябе дрэнна. Большасць назіранняў вяду я. (Фанограф, фотаздымкі.)
Па горадзе папаўзлі плёткі.
Вынікі, якіх і не прадбачыць было. Сёння ўдзень увесь завулак быў забіты нейкімі валацугамі і бабулькамі. Зявакі дасюль яшчэ стаяць пад вокнамі. У ранішніх газетах з'явілася дзіўная заметка. «Чуткі пра марсіяніна ў Абухавым завулку не маюць грунту. Яны распушчаны гандлярамі з Сухараўкі і будуць злосна пакараны». Якога д'ябла — марсіянін? Ды гэта ж — жах.
Яшчэ лепш у «Вячорцы» — напісалі, што нарадзілася дзіця, якое іграе на скрыпцы. І тут жа малюнак — скрыпка і мой фотаздымак, а пад ім подпіс: «Праф. Праабражэнскі, які рабіў мацеры кесарава сячэнне». Гэтага і апісаць нельга… Ён гаворыць новае слова «міліцыянер»…
Аказваецца, Дар'я Пятроўна была ў мяне закахана і свіснула картачку з альбома ў Піліпа Піліпавіча. Пасля таго як я прагнаў рэпарцёраў, адзін з іх прабраўся на кухню і г. д.
Што творыцца ў час прыёму! Сёння было 82 званкі. Тэлефон адключаны. Бяздзетныя жанчыны звар'яцелі і ідуць, ідуць…
У поўным складзе дамкам з самім Швондзерам. Чаго — самі не ведаюць.
8 студзеня. Позна вечарам паставілі канчатковы дыягназ. Піліп Піліпавіч як сапраўдны вучоны прызнаў сваю памылку — замена гіпафіза дае не абмаладжэнне, а поўнае ачалавечванне (падкрэслена тры разы). Ад гэтага дзіўнае, неверагоднае адкрыццё не робіцца меншым.