Пінжак, парваны пад левай пахай, быў у саломе, паласатыя штаны на правым калене падраныя, а на левым выквацаны ў ліловую фарбу. На шыі ў чалавека быў завязаны пякуча-нябеснага колеру гальштук з фальшывай рубінавай заколкай. Колер гэтага гальштука быў гэтакі кідкі, што час ад часу, калі Піліп Піліпавіч заплюшчваў стомленыя вочы, у цемры на столі альбо на сцяне бачыў палымяны факел у блакітным ззянні. Расплюшчваў іх і зноў слеп, бо ад падлогі пырскалі веерам святла, білі ў вочы лакавыя чаравікі з белымі гетрамі.
«Быццам у галёшах», — з непрыемным адчуваннем падумаў Піліп Піліпавіч, уздыхнуў, засоп і пачаў забаўляцца з патухлай цыгарай. Чалавек ад дзвярэй каламутнымі вачыма пазіраў на прафесара, курыў папяроску і пасыпаў попелам на манішку.
Гадзіннік на сцяне побач з драўляным рабчыкам празваніў пяць разоў. Усярэдзіне ў ім яшчэ нешта стагнала, калі Піліп Піліпавіч пачаў гутарку:
— Я, здаецца, ужо два разы прасіў не спаць на палацях на кухні, — тым болей удзень?
Чалавек кашлянуў асіпла, нібы ўдавіўся костачкай, і адказаў:
— На кухні паветра намнога прыемней.
Голас у яго быў незвычайны, глухаваты і адначасова гучны, нібы з маленькай бочачкі.
Піліп Піліпавіч паківаў галавой і запытаўся:
— Адкуль узялася гэтая брыдота? Я пра гальштук гавару.
Чалавек прасачыў услед за пальцам позіркам, скасавурыў яго цераз адтапыраную губу і з любоўю паглядзеў на гальштук.
— Чаму ж «брыдота»? — загаварыў ён. — Шыкарны гальштук. Дар'я Пятроўна падарыла.
— Дар'я Пятроўна вам брыдоту падарыла, усё роўна як і гэтыя чаравікі. Гэта што за бліскучая дрэнь? Адкуль? Я што прасіў? Купіць прыстойныя чаравікі, а гэта што? Няўжо доктар Барменталь гэта выбраў?
— Я загадаў яму, каб лакавыя. Што я, горшы, чым людзі? Паглядзіце на Кузнецкім — усе ў лакавых.
Піліп Піліпавіч пакруціў галавой і прамовіў важка:
— Спаць на палацях больш не будзеце. Зразумела? Гэта што за нахабства? Вы ж замінаеце! Там жанчыны!
Твар у чалавека пацямнеў і губа адтапырылася.
— Ну і што, што жанчыны. Падумаеш, пані гэтакія. Звычайная прыслуга, а форсу, як у камісарш. Гэта ўсё Зінка-ябеда.
Піліп Піліпавіч паглядзеў строга:
— Не смець зваць Зіну Зінкай! Зразумела?
Маўчанне.
— Зразумела, пытаюся?
— Зразумела.
— Прыбраць гэтае паскудства з шыі. Вы… ты… вы паглядзіце на сябе ў люстра — на што вы падобны. Нейкі балаган. Недакуркі на падлогу не кідаць — прашу ўжо соты раз. Каб болей я не чуў ніводнага мацернага слова ў кватэры! Не плявацца! Вось плявацельніца! З пісуарам абыходзіцца як належыць. З Зінай усякія размовы спыніць. Яна скардзіцца, што ў цемры вы яе падпільноўваеце. Глядзіце! Хто адказаў пацыенту «сабака яго ведае!»? Што вы, на самай справе, у карчме, ці што?
— Нешта вы мяне, папаша, надта прыцясняеце, — раптам плаксіва прамовіў чалавек.
Піліп Піліпавіч пачырванеў, акуляры яго бліснулі.
— Гэта хто тут вам папаша? Што за фамільярнасці? Каб болей я не чуў гэтага слова! Называць толькі маё імя і імя па бацьку!
Дзёрзкі выклік успыхнуў у чалавечку:
— Ды што вы ўсе… То не плюй. То не куры. Туды не хадзі… Гэта ж што на самай справе? Амаль як у трамваі. Што вы мне жыць не даяце? А наконт «папашы» — гэта вы дарэмна. Хіба прасіў я мне аперацыю рабіць? — Чалавек абурана брахаў. — Нічога сабе! Схапілі жывёліну, спаласавалі голаў нажом, а цяпер грэбуеце. Я, можа, свайго дазволу на аперацыю не даваў. А таксама (чалавек упёрся вачыма ў столь, нібы ўспамінаў нейкую формулу), а таксама і мае родзічы. Я маю права на іск падаць.
Вочы ў Піліпа Піліпавіча сталі круглыя, цыгара выпала з рук. «Ну і тып», — мільгнула ў галаве.
— Вы, здаецца, незадаволены, што вас ператварылі ў чалавека? — спытаўся ён і прыжмурыўся. — Вы, можа, хочаце зноў бегаць па сметніках? Мерзнуць у падваротнях? Ну, каб я ведаў…
— Ды што вы ўсё папракаеце — сметнік, сметнік. Я свой кавалак хлеба здабываў. А калі б я памёр у вас пад нажом? Што вы на гэта скажаце, таварыш?
— Піліп Піліпавіч! — злосна ўсклікнуў Піліп Піліпавіч. — Я вам не таварыш! Гэта неверагодна! «Жах, жах», — падумалася яму.
— Ну, вядома ж… — з іроніяй загаварыў чалавек і пераможна адставіў нагу, — мы разумеем-с. Якія ж мы таварышы! Дзе ўжо нам. Мы ва ўніверсітэтах не вучыліся, у кватэрах на пятнаццаць пакояў не жылі. Але цяпер пара б выкінуць гэта з галавы. У цяперашні час кожны з нас мае свае правы…