Выбрать главу

Піліп Піліпавіч, бялеючы, слухаў развагі чалавека. Той перастаў гаварыць і дэманстратыўна пайшоў да попельніцы з пажаванай папяроскай у руцэ. Паходка ў яго была віхлястая. Ён доўга камячыў і растоптваў недакурак, і ўвесь ягоны выгляд гаварыў: «На! На!» Патушыў папяросу, на хаду ляснуў зубамі і круцянуў нос пад паху.

— Пальцамі блох лавіць! Пальцамі! — люта закрычаў Піліп Піліпавіч. — І я не разумею, адкуль яны на вас бяруцца?

— Я што ж, па-вашаму, разводжу іх, ці што? — пакрыўдзіўся чалавек. — Відаць, блохі любяць мяне, — тут ён пальцамі памацаў у падкладцы пад рукавом і пусціў на паветра камяк рыжай лёгкай ваты.

Піліп Піліпавіч перавёў позірк на гірлянду на столі і забарабаніў пальцамі па стале. Чалавек пакараў блыху, адышоў і сеў на крэсла. Рукі ён пры гэтым, апусціўшы далоні, прыціснуў да лацканаў пінжака. Вочы яго скасавурыліся на паркетныя шашачкі. Ён глядзеў на свае чаравікі і ад гэтага меў вялікае задавальненне. Піліп Піліпавіч паглядзеў туды, дзе ззялі яркія водсветы на круглых насках, прыплюшчыў вочы і загаварыў:

— Што яшчэ вы мне хочаце паведаміць?

— Ды ясная справа! Дакумент, Піліп Піліпавіч, патрэбен.

Піліпа Піліпавіча аж перасмыкнула.

— Хм… Д'ябал! Дакумент! Сапраўды… Кхм… а магчыма, гэта можна як-небудзь… — Голас ягоны гучаў няўпэўнена і сумна.

— Злітуйцеся, — упэўнена адказаў чалавек, — як жа гэта так без дакумента? Прабачце. Самі ведаеце, што чалавеку без дакументаў існаваць нельга. Па-першае, дамкам…

— Пры чым тут дамкам?..

— Як гэта пры чым? Сустракаюць, пытаюцца — калі ж ты, шаноўны, прыпішашся?

— Вой, божа мой, — паныла ўсклікнуў Піліп Піліпавіч, — сустракаюць, пытаюцца… Уяўляю, што вы ім гаворыце. Я ж забараніў вам швэндацца па лесвіцы.

— А што я, катаржнік? — здзівіўся чалавек, і свядомасць ягонай праваты загарэлася нават у рубіне. — Як гэта «швэндацца»? Гэта даволі крыўдна. Я хаджу, як і ўсе людзі.

І ў гэты час ён зашоргаў лакірованымі нагамі па паркеце.

Піліп Піліпавіч змоўк і адвёў вочы ўбок. «Трэба ўсё ж стрымлівацца», — падумаў ён. Падышоў да буфета і адным дыхам выпіў вады.

— Выдатна-с, — спакайней загаварыў ён, — сутнасць не ў словах. Такім чынам, што гаворыць гэты ваш цудоўны дамкам?

— А што яму гаварыць… Ды вы дарэмна яго цудоўным аблаялі. Ён абараняе інтарэсы.

— Чые інтарэсы, дазвольце даведацца?

— Вядома чые — працоўнага элемента.

У Піліпа Піліпавіча вочы пайшлі пад лоб.

— І гэта вы — працаўнік?

— Вядома, не нэпман жа.

— Ну няхай. Такім чынам, што яму патрэбна пры абароне вашага рэвалюцыйнага інтарэсу?

— Вядома што — прыпісаць мяне. Яны гавораць — як гэта, каб чалавек жыў у Маскве непрыпісаны. Гэта першае. А самае галоўнае — уліковая картка. Я дэзерцірам не хачу быць. Зноў жа — саюз, біржа…

— Дазвольце запытаць, а па чым я вас прыпішу? Па гэтым абрусе ці па сваім пашпарце? Трэба ўсё ж лічыцца са становішчам! Не забывайце, што вы… Э… гм… вы ж, як гаворыцца, — істота, якая з'явілася неспадзявана, лабараторная істота. — У Піліпа Піліпавіча было ўжо меней упэўненасці.

Чалавек пераможна маўчаў.

— Выдатна-с. Што ж у рэшце рэшт патрэбна, каб вас прыпісаць згодна плану вашага дамкама? У вас жа няма ні імя, ні прозвішча.

— Вы несправядліва гаворыце. Імя я зусім спакойна магу сам сабе выбраць. Надрукаваць у газеце — і гатова.

— І як жа вы хочаце называцца?

Чалавек паправіў гальштук і адказаў:

— Паліграф Паліграфавіч.

— Не выдурняйцеся, — панура адазваўся Піліп Піліпавіч, — я з вамі сур'ёзна гавару.

Здзеклівая ўсмешка скрывіла вусікі чалавека.

— Нешта не разумею я, — загаварыў ён весела і абдумана. — Мне мацюкацца нельга. Пляваць — таксама. Ад вас я толькі і чую: «Дурань, дурань». Мабыць, адным прафесарам дазваляецца лаяцца ў Рэсэфэсэры.

Піліп Піліпавіч пачырванеў, наліваў у шклянку ваду і пабіў яе. Выпіў з другой і падумаў: «Яшчэ крыху, і ён пачне мяне вучыць. І правільна зробіць. Не магу ўзяць сябе ў рукі».

Ён завярнуўся на крэсле, знарок ветліва пакланіўся і цвёрда сказаў:

— Прабачце, у мяне нервы не ў парадку. Імя ваша здалося мне дзіўным. Дзе вы, цікава ведаць, выкапалі сабе такое?

— Дамкам параіў. Шукалі ў календары — якое табе, пытаюцца? Я і выбраў.

— Ні ў якім календары нічога падобнага не можа быць.

— Зусім дзіўна, — чалавек усміхнуўся, — але ён у вас у аглядальні вісіць.