Барменталь жа падмацаваўся, праявіў схільнасць да дзейнасці.
— Ну-с, што мы з вамі будзем рабіць сёння вечарам? — запытаўся ён у Шарыкава.
Той паморгаў і адказаў:
— Лепш за ўсё ў цырк сходзім.
— Кожны дзень у цырк, — дабрадушна заўважыў Піліп Піліпавіч, — гэта ж сумна, па-мойму. Я б на вашым месцы хоць раз у тэатр схадзіў.
— У тэатр я не пайду, — непрыязна адазваўся Шарыкаў і скрывіў рот.
— Іканне за сталом адбівае ў іншых апетыт, — машынальна паведаміў Барменталь. — Прабачце, а чым не падабаецца вам тэатр?
Шарыкаў паглядзеў у пусты кілішак, нібы ў бінокль, падумаў і адтапырыў губы.
— Дурата… Гавораць, гавораць… Контррэвалюцыя адна.
Піліп Піліпавіч адкінуўся да гатычнай спінкі крэсла і зарагатаў гэтак, што ў ягоным роце заблішчала ўся залатая агароджа. Барменталь толькі галавой пакруціў.
— Вы б прачыталі хоць што-небудзь, — прапанаваў ён, — а то ведаеце…
— Ужо і так чытаю, чытаю… — адказаў Шарыкаў і драпежна хутка наліў сабе паўшклянкі гарэлкі.
— Зіна, — трывожна закрычаў Піліп Піліпавіч, — забяры, дзетка, гарэлку. Больш яна не патрэбна. Што ж вы чытаеце?
У ягонай галаве раптам мільгнуў малюнак: нежылы востраў, пальма, чалавек у звярынай шкуры і каўпаку. «Трэба будзе Рабінзона…»
— Гэту… Як яе… перапіску Энгельса з гэтым… як яго — д'яблам — з Каўцкім…
У Барменталя відэлец з кавалкам белага мяса замёр на паўдарозе, а Піліп Піліпавіч разліў віно. Шарыкаў у гэты момант злаўчыўся і каўтануў гарэлку.
Піліп Піліпавіч паклаў локці на стол, прыгледзеўся да Шарыкава і спытаўся:
— Дазвольце даведацца, што вы можаце сказаць наконт прачытанага?
Шарыкаў паціснуў плячыма.
— Ды не згодзен я.
— З кім? З Энгельсам ці з Каўцкім?
— З абодвума, — адказаў Шарыкаў.
— Гэта цудоўна, клянуся госпадам. Усіх, хто скажа, што другая… А што б вы самі прапанаваць маглі?
— Ды што тут прапаноўваць? А то пішуць, пішуць… кангрэс… немцы нейкія… Галава аж пухне. Узяць усё і раздзяліць.
— Гэтак я і думаў, — усклікнуў Піліп Піліпавіч, ляпнуў далонню па абрусе, — менавіта гэтак я і меркаваў.
— І вы ведаеце, як гэта зрабіць? — спытаўся зацікаўлены Барменталь.
— А які тут спосаб, — зрабіўся гаваркі пасля гарэлкі Шарыкаў, — справа няхітрая. А то што ж: адзін у сямі пакоях раскашуе, штаноў у яго 40 пар, а другі на сметніку ежу шукае.
— Наконт сямі пакояў, гэта вы, вядома, на мяне намякаеце? — ганарліва прыплюшчыўся і спытаўся Піліп Піліпавіч.
Шарыкаў сцяўся і прамаўчаў.
— Што ж, я не супраць раздзелу. Доктар, колькім вы чалавекам адмовілі ўчора?
— 39 чалавекам, — адразу ж адказаў Барменталь.
— Гм… 390 рублёў. Значыць, грэх на трох мужчын. Жанчын — Зіну і Дар'ю Пятроўну — лічыць не будзем. З вас, Шарыкаў, 130 рублёў. Калі ласка, заплаціце.
— Нічога сабе, — адказаў Шарыкаў спалохана, — за што?
— За кран і за ката, — раўнуў раптам Піліп Піліпавіч без іранічнага спакою.
— Піліп Піліпавіч, — трывожна ўскрыкнуў Барменталь.
— Пачакайце. За тое, што вы ўчынілі і з-за чаго сарваўся прыём. Гэта невыносна. Чалавек, як дзікун, гойсае па кватэры, вырывае краны. Хто забіў кошку пані Паласухер? Хто…
— Тры дні назад вы, Шарыкаў, укусілі пані на лесвіцы, — заўважыў Барменталь.
— Вы стаіце… — рыкаў Піліп Піліпавіч.
— Ды яна мне па мордзе, — завішчаў Шарыкаў, — у мяне не казённая морда!
— Таму што вы яе за грудзі ўшчыпнулі, — закрычаў Барменталь і абярнуў бакал, — вы стаіце…
— Вы стаіце на самай ніжэйшай ступеньцы развіцця, — перакрычаў усіх Піліп Піліпавіч, — вы яшчэ толькі фарміруецеся, слабая розумам істота, усе вашы ўчынкі чыста звярыныя, а вы ў прысутнасці двух чалавек з універсітэцкай адукацыяй дазваляеце сабе развязна даваць парады касмічнага маштабу і гэтакага ж касмічнага глупства пра тое, як усё падзяліць. І ў той жа час наглыталіся зубнога парашку…
— Тры дні назад, — пацвердзіў Барменталь.
— Дык вось, — грымеў Піліп Піліпавіч, — зарубіце сабе на носе, — дарэчы, чаму вы сцерлі з яго цынкавую мазь? — вам трэба маўчаць і слухаць тое, што вам гавораць. Вучыцца і старацца стаць хоць крыху прыдатным членам сацыялістычнага грамадства. Дарэчы, які нягоднік падсунуў вам гэту кнігу?
— У вас усе нягоднікі, — спалохана адказаў Шарыкаў, аглушаны нападам з двух бакоў. — Ну што ж такое. Ну, Швондзер даў. Ён не нягоднік… Каб я развіваўся…
— Я бачу, як вы развіваецеся пасля Каўцкага, — аж пажаўцеў і віскліва крыкнуў Піліп Піліпавіч. Ён люта націснуў на кнопку на сцяне. — Сённяшні выпадак паказвае гэта найлепшым чынам. Зіна!