Выбрать главу

Дзён праз 6 пасля гісторыі з дамкамам да Шарыкава прыйшоў малады чалавек, які аказаўся жанчынай, і ўручыў яму дакументы, якія Шарыкаў адразу ж паклаў у кішэню і пасля гэтага паклікаў д-ра Барменталя.

— Барменталь!

— Не, вы лепш мяне Іванам Арнольдавічам называйце, калі ласка! — адазваўся Барменталь і змяніўся з твару.

Трэба адзначыць, што за гэтых 6 дзён хірург умудрыўся разоў з 8 пасварыцца са сваім выхаванцам. І таму атмасфера ў абухаўскіх пакоях была душная.

— Ну, і мяне тады таксама гэтак, імя і імя па бацьку, называйце! — зусім рэзонна адказаў Шарыкаў.

— Не! — загрымеў з дзвярэй Піліп Піліпавіч. — Гэтакім імем і імем па бацьку я не дазволю вас называць. Калі хочаце, каб вас перасталі фамільярна клікаць «Шарыкаў», я і доктар Барменталь будзем зваць вас «пан Шарыкаў».

— Я не пан, паны ў Парыжы! — адбрахаўся Шарыкаў.

— Швондзерава работа! — крычаў Піліп Піліпавіч. — Ну, няхай, разлічуся я з гэтым нягоднікам. Не будзе нікога, акрамя паноў, у маёй кватэры, пакуль я тут знаходжуся! Інакш я альбо вы выберацеся вон, і хутчэй за ўсё — вы. Сёння я дам аб'яву ў газеты, я вам знайду пакойчык.

— Найшлі дурня, які з'едзе адсюль, — зусім цвёрда адказаў Шарыкаў.

— Як гэта? — спытаўся Піліп Піліпавіч і гэтак перамяніўся з твару, што Барменталь падляцеў да яго і пяшчотна і трывожна ўзяў за рукаў.

— Ведаеце, вы не набірайцеся нахабства, мсье Шарыкаў! — Барменталь закрычаў. Шарыкаў адступіў і дастаў з кішэні паперы: зялёную, жоўтую, белую, тыцкаў у іх пальцам і гаварыў:

— Вось. Член жыллёвага таварыства, і плошча мне належыць канкрэтна ў кватэры нумар 5 у адказнага ўладальніка Праабражэнскага памерам 16 квадратных аршынаў. — Шарыкаў падумаў і дадаў слова, якое Барменталь машынальна адзначыў як новае — майце ласку.

Піліп Піліпавіч прыкусіў губу і праз яе неасцярожна прамовіў:

— Клянуся, што гэтага Швондзера я ўрэшце застрэлю.

Шарыкаў надзвычай востра і ўважліва ўспрыняў гэтыя словы, гэта відаць было па ягоных вачах.

— Піліп Піліпавіч, vorsichtig*… — перасцярог Барменталь.

* Асцярожна (ням.).

— Ну, ведаеце… Калі ўжо гэтакую подласць! — ускрыкнуў Піліп Піліпавіч па-расейску. — Майце на ўвазе, Шарыкаў… пан, што я, калі вы яшчэ раз дазволіце сабе хоць адну нахабную выхадку, я пазбаўлю вас абеду і наогул харчавання ў маім доме. 16 аршынаў — цудоўна, але ж я не абавязаны карміць вас па гэтай жабінай паперыне!

Тут Шарыкаў спалохаўся і прыадкрыў рот.

— Без ежы я аставацца не магу, — замармытаў ён, — дзе ж я буду карміцца?

— Тады і паводзьце сябе як след! — уголас заявілі абодва эскулапы.

Шарыкаў відавочна прыціх і ў той дзень не нарабіў нікому ніякай шкоды, акрамя самога сябе: скарыстаў момант, калі адлучыўся Барменталь, узяў брытву і распаласаваў сабе шчаку гэтак, што Піліп Піліпавіч і Барменталь накладвалі яму швы, з-за чаго Шарыкаў доўга выў і абліваўся слязамі.

Наступную ноч у кабінеце Піліпа Піліпавіча сядзелі двое — Піліп Піліпавіч і верны, адданы яму Барменталь. У доме ўжо спалі. Піліп Піліпавіч быў у сваім блакітнага колеру халаце і чырвоных тапачках, а Барменталь у рубашцы і пры сініх падцяжках. Між дактарамі на круглым стале побач з пульхным альбомам стаялі бутэлька каньяку, сподачак з лімонам і скрыначка з цыгарамі. Вучоныя накурылі цэлы пакой і горача абмяркоўвалі апошнюю навіну: гэтага вечара Шарыкаў прысвоіў у кабінеце Піліпа Піліпавіча два чырвонцы, якія ляжалі пад прэс-пап'е, знік з кватэры, вярнуўся позна і зусім п'яны. Мала гэтага. З ім з'явіліся дзве невядомыя асобы, якія паднялі шум на лесвіцы і хацелі пераначаваць у гасцях у Шарыкава. Зніклі гэтыя асобы толькі пасля таго, як Фёдар, які прысутнічаў у час гэтай дзеі ў асеннім паліто паверх бялізны, пазваніў у сорак пяты аддзел міліцыі. Асобы імгненна злінялі, як толькі Фёдар павесіў трубку. Невядома куды пасля гэтага зніклі малахітавая попельніца з падлюстраніка ў прыхожым пакоі, бабровая шапка Піліпа Піліпавіча і яго ж кій, на якім залатой вяззю было напісана: «Дарагому і паважанаму Піліпу Піліпавічу ўдзячныя ардынатары ў дзень…», а потым ішла рымская лічба XXV.

— Хто яны такія? — наступаў Піліп Піліпавіч на Шарыкава і сціскаў кулакі.

Той хістаўся, прыліпаў да футраў, мармытаў нешта пра тое, што асобьі гэтыя яму невядомыя, але што яны не сучыя дзеці, а — добрыя.

— Самае дзіўнае, што яны ж абодва п'яныя… Як жа яны ўмудрыліся? — здзіўляўся Піліп Піліпавіч, глядзеў на тое месца, дзе захоўвалася памяць пра юбілей.