Выбрать главу

— Уяўляю, што будзе тварыцца на вуліцы… Уяўляю-ю. «От Севильи до Гренады», божа мой.

— Ён, можа, яшчэ ў дамкаме, — шалеў Барменталь і кудысьці бегаў.

У дамкаме ён палаяўся са старшынёй Швондзерам гэтак, што той сеў пісаць заяву ў народны суд Хамоўніцкага раёна, крычаў, што ён не вартаўнік выхаванца прафесара Праабражэнскага, болей таго, гэты выхаванец аказаўся прахвостам, узяў у дамкаме 7 рублёў быццам бы на пакупку падручнікаў.

Фёдар, які зарабіў на гэтай прапажы тры рублі, абшукаў увесь дом. Нідзе і следу Шарыкава не асталося.

Высветлілася толькі адно — Паліграф знік на світанні ў кепцы, з шарфам і ў паліто, прыхапіў з сабой бутэльку рабінавай гарэлкі з буфета, пальчаткі доктара Барменталя і ўсе свае дакументы. Дар'я Пятроўна і Зіна не хавалі сваёй вялікай радасці і спадзявання, што Шарыкаў болей не вернецца. У Дар'і Пятроўны Шарыкаў незадоўга перад гэтым пазычыў тры рублі пяцьдзесят капеек.

— Вось так вам і трэба! — роў Піліп Піліпавіч і трос кулакамі. Цэлы дзень званіў тэлефон, званіў і на другі дзень. Дактары прымалі вялізную колькасць пацыентаў, а на трэці дзень паўстала пытанне, што трэба паведамляць у міліцыю пра знікненне Шарыкава, якая і павінна вылавіць яго ў маскоўскім віры.

І толькі вымавілі слова «міліцыя», як цішыню ў Абухавым завулку разбурыў гук грузавіка, скалануліся вокны ў доме. Потым прагучаў упэўнены званок, і Паліграф Паліграфавіч зайшоў надзвычай ганарліва, моўчкі зняў кепку, паліто павесіў на рогі і аказаўся зусім іншы з выгляду. На ім была скуранка з чужога пляча, гэтакія ж скураныя вынашаныя штаны і ангельскія высокія боты са шнуроўкай да каленяў. Цяжкі кашэчы дух расплыўся па ўсёй прыхожай. Праабражэнскі і Барменталь, быццам па камандзе, склалі рукі на грудзях, прысланіліся да вушакоў і чакалі першых паведамленняў ад Паліграфа Паліграфавіча. Ён пагладзіў жорсткія валасы, кашлянуў, азірнуўся; было прыкметна, што збянтэжанасць ён хоча схаваць за сваёй развязнасцю.

— Я, Піліп Піліпавіч, — пачаў ён нарэшце гаварыць, — на пасаду паступіў.

Абодва дактары коратка ўскрыкнулі і паварушыліся. Праабражэнскі апамятаўся першы, працягнуў руку і сказаў:

— Паперу пакажыце.

Было надрукавана: «Уладальнік гэтага таварыш Паліграф Паліграфавіч Шарыкаў сапраўды загадчык пададдзела ачысткі горада Масквы ад брадзячай жывёлы (каты і інш.) у аддзела МКГ».

— Ага, — цяжка прамовіў Піліп Піліпавіч, — хто ж вас туды ўладкаваў? А, ды я і сам здагадваюся.

— Правільна, Швондзер, — адказаў Шарыкаў.

— Дазвольце спытаць — чаму ад вас гэтак смярдзіць?

Шарыкаў заклапочана панюхаў куртку.

— Ну, пахне… вядома: па спецыяльнасці. Учора катоў душылі-душылі…

Піліп Піліпавіч скалануўся і паглядзеў на Барменталя. Вочы ў таго нагадвалі дзве чорныя рулі, накіраваныя на Шарыкава ва ўпор. Без усякай прадмовы ён ступіў да Шарыкава і лёгка і ўпэўнена ўзяў яго за горла.

— Гвалт! — піскнуў Шарыкаў і пабялеў.

— Доктар!

— Нічога я яму не зраблю лішняга, Піліп Піліпавіч, не турбуйцеся, — сталёвым голасам адазваўся Барменталь і закрычаў: — Зіна, Дар'я Пятроўна!

Тыя з'явіліся ў прыхожай.

— Ну, паўтарайце, — сказаў Барменталь і крышку прыціснуў горла Шарыкава, — прабачце мне…

— Ну, добра, паўтару, — асіплым голасам адказаў зусім спалоханы Шарыкаў, раптам сабраўся з сілай, паспрабаваў вырвацца і крыкнуць «гвалт», але крыку не выйшла, і галава яго зусім патанула ў футры.

— Доктар, прашу вас…

Шарыкаў заківаў галавой, даваў знак, што ён пакарыўся і будзе прасіць прабачэння.

— …Прабачце мне, паважаная Дар'я Пятроўна і Зінаіда?..

— Пракопаўна, — спалохана шапнула Зіна.

— Уф, Пракопаўна… — гаварыў і зяпаў ротам ахрыплы Шарыкаў, — …што я дазволіў сабе…

— Сабе гнюсны ўчынак ноччу, калі быў п'яны.

— П'яны…

— Ніколі больш не буду…

— Не бу…

— Адпусціце, адпусціце яго, Іван Арнольдавіч, — узмаліліся абедзве жанчыны, — вы яго задушыце.

Барменталь адпусціў Шарыкава і сказаў:

— Машына вас чакае?

— Не, — з павагай адказаў Паліграф, — ён мяне толькі прывёз.

— Зіна, адпусціце машыну. Цяпер майце на ўвазе наступнае: вы зноў вярнуліся ў кватэру Піліпа Піліпавіча?

— А куды ж мне больш? — нясмела адказаў Шарыкаў, і вочы яго забегалі.

— Выдатна. Будзеце цішэй вады і ніжэй травы. Інакш за кожны выбрык з вамі буду разбірацца я. Зразумела?